Гэта лепш, чым памерці. Што рабіць беларусу ў выпадку мабілізацыі?
У Беларусі пачнецца мабілізацыя, пытанне толькі ў тым, калі гэта здарыцца, лічыць прадстаўнік Аб'яднанага пераходнага кабінета па пытаннях абароны і нацыянальнай бяспекі Валерый Сахашчык. Пасля беларусаў могуць адправіць ваяваць супраць Украіны.
«Вельмі шмат зроблена ўжо для падрыхтоўкі да гэтага. На жаль, даводзіцца канстатаваць, што хутчэй за ўсё гэта будзе рэалізавана.
Была разгорнута вельмі сур'ёзная прыватная ваенная беларуская кампанія «Гардсэрвіс», нанята вялікая колькасць супрацоўнікаў на вялікія зарплаты. Далей быў праведзены комплекс мерапрыемстваў па павышэнні баявой гатоўнасці сіл спецыяльных аперацый. Такога не рабілася ніколі яшчэ ў гісторыі самастойнай Беларусі, і гэта відавочна не для трэніровак», — кажа Сахашчык.
Калі заставацца ў краіне, то варыянтаў не вельмі шмат і яны не самыя прыемныя. Але лепшыя, чым ісці на смерць. «Еўр*радыё» прыгадала, што рэкамендаваў Аб'яднаны пераходны кабінет, калі вам спрабуюць уручыць мабілізацыйную позву ці ўжо нават спрабуюць прымусіць ваяваць.
«Ні ў якім разе не трапляйце ў ваенкамат»
Пакуль ваеннаабавязаныя беларусы сутыкаюцца з позвамі «на прыпісванне да прызыўнога ўчастка» і «для кантрольнай яўкі». Гэта яшчэ не кажа пра неадкладную мабілізацыю, адзначае прадстаўнік Кабінета па аднаўленні законнасці і правапарадку Аляксандр Азараў. Аднак ясна, што праводзяцца мерапрыемствы па павышэнні мабілізацыйнай гатоўнасці ўзброеных сіл. Пры гэтым няма ніякіх гарантый, што людзей, якія прыйшлі па позвах або на зборы, не прызавуць па мабілізацыі ў бліжэйшы час.
Гэтаксама як няма ніякай гарантыі, што Лукашэнка не ўступіць у вайну супраць Украіны. Што ж рабіць ваеннаабавязаным?
— У інтарэсах беларускага народа — сабатаж незаконнай мабілізацыі. Нашай краіне ніхто не пагражае. Акрамя агрэсара ў асобе Расіі, — працягвае Азараў. — У выпадку, калі вам спрабуюць уручыць позву, стварыце ўмовы, пры якіх вы яе атрымаць не можаце. Нікому не адкрывайце дзверы, не атрымлівайце пошту, не адказвайце на званкі з незнаёмых нумароў. Не адказвайце ні на якія СМС. Не прызнавайцеся, што вы прачыталі атрыманыя раней СМС.
Ідэальны варыянт — часовы пераезд для пражывання не па месцы рэгістрацыі. Ні ў якім выпадку не наведвайце ваенкамат. Ні на якія ўгаворы і падставы не вядзіцеся. Галоўны фактар пры сабатажы — гэта масавасць. Рэсурсаў для пошуку і дастаўлення ўхілістаў у ваенкамат у рэжыму няма.
Калі нават здарыцца, што вас затрымаюць і даставяць у ваенкамат, адмаўляйцеся выконваць загады. Лепш трапіць у турму, чым бясслаўна загінуць.
Таксама прадстаўнік Кабінета рэкамендуе расказаць знаёмым, як сябе засцерагчы.
Ёсць уважлівыя прычыны няяўкі
У позвах ваеннаабавязаным паведамляюць пра адказнасць за няяўку. Аднак прапісваюць і важкія прычыны для яе. Праўда, яны павінны быць пацверджаны дакументамі.
Сярод іх калецтва або захворванне, звязанае са стратай працаздольнасці. Таксама цяжкі стан здароўя блізкіх ці ўдзел у іх пахаванні. Пад блізкімі маюцца на ўвазе людзі ад бацькоў да братоў і сясцёр, дзядуль і бабуль, апекуноў, айчымаў і мачах. Яшчэ ёсць пункт «перашкода, якая ўзнікла ў выніку непераадольнай сілы або іншая акалічнасць, якая не залежыць ад волі грамадзяніна».
Што будзе, калі схаваешся?
За няяўку без важкіх прычын на мерапрыемства па прызыве прадугледжаны штраф да пяці базавых велічынь.
— Калі ж дакажуць, што вы ўхіляецеся ад мерапрыемстваў па прызыве на вайсковую службу, гэта грамадскія працы або штраф, або арышт, або тэрмін да двух гадоў (артыкул 434 Крымінальнага кодэкса).
Ухіленне ад прызыву па мабілізацыі — ад двух да сямі гадоў. Пагадзіцеся, нашмат лепш, чым аддаць жыццё за дыктатараў-дахадзяг. Звяртаю вашу ўвагу, што вайсковыя ўмовы моцна нагадваюць турэмнае зняволенне. Таму вельмі важна не трапляць нават у ваенкамат.
У арміі за дэзерцірства вам пагражае тэрмін ад 8 да 15 гадоў. Але ж трэба ўлічваць, што магчымасці здацца ў палон вам можа і не прадставіцца.
Зрэшты, калі выправіцца ваяваць, то ў краіне, дзе не да законаў, за гэта таксама прадугледжаны тэрмін. Азараў адзначае, што ваенная агрэсія супраць Украіны — злачынства супраць міру і бяспекі чалавецтва. У беларускім заканадаўстве гэта частка 1 артыкула 122 КК — «Падрыхтоўка агрэсіўнай вайны». Пакаранне — ад 5 да 15 гадоў пазбаўлення волі.