«Ніхто Лукашэнку не прабачыць. Яго да Гаагі не давязуць»

«Цяпер беларусы замерлі ў трывожным чаканні — апынецца Беларусь у стане вайны ці не? Ці будзе яна ўцягнутая ў ваенныя дзеянні?» — задае пытанне ў відэаблогу былы афіцэр расійскага ФСБ Ігар Стралкоў-Гіркін. І сам адказвае.

luka_9.jpg

На ягоную думку, у 2023 годзе «Беларусь у любым выпадку будзе ўцягнутая ў ваенныя дзеянні», калі нават Беларусь не падтрымае сваімі ўзброенымі сіламі Расію ў гэтай вайне, рана ці позна, на думку Стралкова, адбудзецца ўварванне з боку Украіны ў Беларусь.
«Ніхто Лукашэнку ніколі не прабачыць, і яго таксама чакае ў лепшым выпадку Гаага — у выпадку паразы Расіі, а больш верагодна, што да Гаагі яго не давязуць. Мне так здаецца», — кажа Стралкоў.
Ён ацэньвае беларускае войска як не вельмі моцнае. «Яно здольнае выконваць толькі дапаможную ролю праз сваю невялікую колькасць. Тым больш, што мабілізацыя ў Беларусі не праводзіцца і, напэўна, не плануецца. Магчыма, з тае прычыны, што кадравае войска — гэта адно, а прызваць значную частку насельніцтва, якое не цалкам лаяльнае — мяркую, што Лукашэнка на гэта не пойдзе. Нават калі вайна будзе весціся на тэрыторыі Беларусі», — кажа ён.

hirkin_1.jpeg

Былы афіцэр ФСБ Гіркін, які ўзяў сабе псеўданім Стралкоў, стаў вядомым увесну 2014 году. Атрад пад ягоным кіраўніцтвам, які прыбыў ва Украіну з Расіі, захапіў гарады Славянск і Краматорск у Данецкай вобласці. Кіеў пачаў антытэрарыстычную аперацыю ў рэгіёне з выкарыстаннем рэгулярнай арміі, канфлікт перарос у поўнамаштабную вайну паміж Украінай і прарасійскімі сепаратыстамі, падтрыманымі расійскімі войскамі. Гіркін быў так званым міністрам абароны самаабвешчанай ДНР, пасля сыходу з пасады з'ехаў з тэрыторыі Данбасу.
У 2022 годзе Стралкоў неаднаразова крытыкаваў расійскае кіраўніцтва за метады вядзення вайны ва Украіне, потым нібыта паехаў удзельнічаць у баявых дзеяннях. Затым вярнуўся ў Маскву. Паводле ягоных слоў, ён не змог патрапіць на фронт і на яго не былі аформленыя дакументы. Раней Гіркін быў завочна прысуджаны да пажыццёвага зняволення судом у Нідэрландах па справе аб катастрофе «Боінга» 17 ліпеня 2014 году, ва Украіне за яго абвяшчалі ўзнагароду.