318-ты дзень вайны Расіі ва Украіне: «святочныя» абстрэлы, знішчальнікі з тэрыторыі Беларусі і новая мабілізацыя

З тэрыторыі Беларусі ўзляцелі два знішчальнікі. Украінцы чакаюць новых абстрэлаў.

Ілюстрацыйнае фота: Генштаб УСУ

Ілюстрацыйнае фота: Генштаб УСУ


***

Расія мае намер гэтай зімой падчас новай хвалі мабілізацыі заклікаць у войска яшчэ 500 тысяч чалавек, паведаміў брытанскай газеце «The Guardian» намеснік начальніка Галоўнага ўпраўлення выведкі Міністэрства абароны Украіны Вадзім Скібіцкі. Паводле яго слоў, мабілізацыя пачнецца пасля навагодніх святаў, прыкладна 15 студзеня. Новых мабілізаваных могуць задзейнічаць у шэрагу наступальных аперацый, якія могуць прайсці вясной і летам 2023 года на ўсходзе і поўдні Украіны — у Данецкай, Харкаўскай абласцях і, магчыма, у Запарожскай. 

***

У ноч на 7 студзеня супрацьпаветраная абарона ў акупаваным Севастопалі збіла беспілотны лятальны апарат, піша dw.com са спасылкай на так званага «губернатара» горада Міхаіла Разважаева. Паводле яго слоў, робат быў збіты над Паўночным молам. Пацверджання гэтай інфармацыі з іншых крыніц не паступала.

***

У Энергадары Запарожскай вобласці расійскія акупацыйныя войскі прымусілі работнікаў ЗАЭС атрымаць пашпарты РФ, паведамляецца ў ранішняй зводцы Генштаба УСУ. Паводле звестак украінскіх вайскоўцаў, каля трох тысяч чалавек былі вымушаныя падпарадкавацца патрабаванням акупантаў. Акрамя таго, пагражаючы прадпрымальнікаў штрафамі і канфіскацыяй маёмасці, у горадзе вывелі з абарачэння ўкраінскую грыўню. Таксама значна ўзрасла колькасць захопленых жылых памяшканняў, пакінутых вымушанымі перасяленцамі.

***

Ва ўсёй Украіне абвешчаная паветраная трывога, нягледзячы на тое, што Пуцін абяцаў спыненне агню з 12:00 па маскоўскім часе на час калядных святаў. Паводле даных УНІАН, трывогу абвясцілі з-за таго, што з тэрыторыі Беларусі ўзляцелі два знішчальніка і расійскі самалёт далёкага радыёлакацыйнага выяўлення А-50. Украінскія ўлады заяўляюць, што рэжым спынення агню не пратрымаўся і хвіліны: расійскія вайскоўцы абстралялі Херсон, абстрэльвалі і штурмавалі населеныя пункты ў Луганскай вобласці, пашкодзілі жылыя дамы і лякарню ў Данецкай вобласці.

***

За суткі расійскія акупанты 39 разоў абстралялі Херсонскую вобласць, у выніку адзін чалавек загінуў, сямёра — параненыя, паведаміў старшыня Херсонскай абласной вайсковай адміністрацыі Яраслаў Янушэвіч.

У Данецкай вобласці расійцы забілі двух мірных жыхароў, яшчэ сямёра атрымалі раненні рознай ступені цяжкасці.

***

За мінулыя суткі сілы абароны Украіны адбілі атакі расійскіх войск у раёнах 14 населеных пунктаў, гаворыцца ў ранішняй зводцы Генштаба УСУ ў Facebook.

Адзначаецца, што за мінулыя суткі праціўнік нанёс адзін ракетны ўдар і здзейсніў 20 абстрэлаў з рэактыўных сістэм залпавага агню. Небяспека авіяцыйных і ракетных удараў застаецца па ўсёй тэрыторыі Украіны.

У Генштабе адзначылі, што асноўныя намаганні расійцы засяроджваюць на спробах поўнага захопу Данецкай вобласці ў межах адміністрацыйнай мяжы; вядуць наступальныя дзеянні на Бахмуцкім кірунку.