Каму ў Беларусі можа пагражаць мабілізацыя? І каго па законе не мабілізуюць?

Калі ў Беларусі раптам абвесцяць мабілізацыю, каго па ёй змогуць забраць? Ці могуць беларусаў прымусіць ваяваць за межамі краіны? Што гаворыцца ў законах?

_mileks_2021___armija___zbroja___belarus__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__3__logo.jpg

У аўторак, 4 кастрычніка, Аляксандр Лукашэнка заявіў, што Беларусь усё ж прымае ўдзел у «спецыяльнай ваеннай аперацыі», але пры гэтым адзначыў: мабілізацыі ў краіне не будзе. Аднак тут жа сказаў, што пройдзе праверка рэзервістаў. Пакуль усё туманна і незразумела, таму журналісты «З*ркала» вырашылі паглядзець, а што ж кажа закон «аб мабілізацыйнай падрыхтоўцы і мабілізацыі», які існуе ў краіне вось ужо 30 гадоў.

Што такое мабілізацыя і хто пад яе падпадае?

Мабілізацыя — гэта даволі шырокае паняцце. У законе сказана, што гэта комплекс мерапрыемстваў па пераводу эканомікі і дзяржаўных органаў на работу ва ўмовах ваеннага часу, а таксама «комплекс мерапрыемстваў вайсковай мабілізацыі».

Мабілізацыю абвяшчае Аляксандр Лукашэнка (за ўвесь час суверэннай Беларусі яе не абвяшчалі ні разу). Яна можа быць поўнай або частковай. У выпадку яе абвяшчэння, мабілізаваць могуць грамадзян краіны, якім ад 18 да 65 гадоў і якія стаяць на вайсковым уліку. А на вайсковым уліку стаяць амаль усе. Нават некаторыя жанчыны — напрыклад, медсёстры і лекары.

Каго не мабілізуюць?

Не мабілізуюць толькі тых, хто не стаіць на вайсковым уліку. А з яго здымаюць, калі вы:

  • Прызнаныя непрыгодным да ваеннай службы і выключаныя з вайсковага ўліку. Гэта значыць, што вас наогул выключылі. Запіс «не прыдатны ў мірны час» — гэта іншае.
  • Сядзіце ў турме ці ў калоніі, або знаходзіцеся пад арыштам, абмежаваннем волі, або на пажыццёвым тэрміне ці чакаеце расстрэлу.
  • Знаходзіцеся пад крымінальным пераследам або судом.
  • Знаходзіцеся на прымусовым лячэнні.
  • Пазбаўленыя грамадзянства або выйшлі з яго.
  • Маеце пашпарт серыі РР — гэта пашпарт грамадзяніна Рэспублікі Беларусь для пастаяннага пражывання за межамі краіны.

Калі адзін з гэтых пунктаў пра вас, то мабілізаваць вас па законе нельга.


Ці можна атрымаць адтэрміноўку ад мабілізацыі гэтак жа, як ад арміі?

Так. Яе могуць даць, калі:

  • Вы працуеце ў дзяржорганах і ў вас ёсць бронь ад прызыву па мабілізацыі.
  • У вас ёсць непрацаздольныя члены сям'і, якім патрэбны пастаянны догляд, а даглядаць за імі, акрамя вас, больш няма каму. Але тут павінна быць заключэнне ўрачэбнай камісіі. Калі сваяк на дзяржзабеспячэнні, то адтэрміноўку не дадуць.
  • У вас ад чатырох дзяцей ва ўзросце да 16 гадоў або жонка (муж) — інвалід першай групы.
  • Або калі ў вашай сям'і ў вас ёсць толькі адзін з бацькоў, які, акрамя вас, мае ад чатырох дзяцей ва ўзросце да васьмі гадоў.
  • Таксама вам могуць даць адтэрміноўку на тэрмін да паўгода па стане здароўя. Для гэтага ў ваенкамаце або зборным пункце вас павінны адправіць на медыцынскі агляд, дзе вызначаць вашу прыдатнасць або непрыдатнасць да вайсковай службы. Тут ужо як пашанцуе.

Ну і асобна адтэрміноўку ад мабілізацыі па законе можа даць прэзідэнт.

А калі я не служыў па прызыву ці мне ўжо больш за 27 гадоў?

Нават калі вы не служылі па прызыву, калі вам ужо споўнілася 27 гадоў, калі вы праходзілі альтэрнатыўную службу, калі вы сядзелі ў турме — гэта ўсё роўна ні на што не паўплывае. Позва можа вас чакаць.


Калі я ў гэты час буду ў войску ці на зборах?

Калі падчас абвяшчэння мабілізацыі вы ўжо на тэрміновай службе або знаходзіцеся на зборах ці служыце па кантракце, мабілізаваным вы становіцеся аўтаматычна. Тэрмін вайсковай службы пры гэтым не ўстанаўліваецца.

Што калі я проста не хачу мабілізавацца?

Згодна з законам, грамадзяне абавязаныя прыбыць па позве, якую атрымалі асабіста ў рукі (па законе позву вам могуць прынесці нават на працу).

Таксама ўсім, хто стаіць на вайсковым уліку, аўтаматычна забараняецца выезд з месца жыхарства з моманту абвяшчэння мабілізацыі. Дазволіць з'ехаць можа толькі ваенкам.


Што будзе, калі я не з'яўлюся па позве?

Калі вам прыйшла позва, і вы ў пазначаны час не з'явіліся, у вас ёсць пяць рабочых дзён, каб гэта выправіць, — толькі ўжо з дакументамі, якія пацвердзяць прычыны няяўкі.

Калі вы працягнеце хавацца, то на гэты выпадак прадугледжаны артыкул 434 КК («Ухіленне ад мерапрыемстваў па прызыве на вайсковую службу па мабілізацыі»). Пакаранне па ім — пазбаўленне волі на тэрмін ад двух да сямі гадоў.

Механізм распачынання крымінальнай справы выглядае так: ваенкаматы перадаюць матэрыялы ў МУС.

Як яны будуць дзейнічаць у рэальнасці, невядома (асабліва калі, напрыклад, ухіляцца ад мабілізацыі пачнуць масава).

А калі здацца ў палон ці проста сысці з поля бою?

Тут таксама існуе крымінальная адказнасць. За дэзерцірства (артыкул 446) у ваенны час — ад васьмі да пятнаццаці гадоў (не ў ваенны — ад двух да сямі). За сыход з поля бою (артыкул 449) — ад дзесяці да пятнаццаці.

Мабілізаваных могуць адправіць ваяваць за мяжу?

Пасля рэферэндуму 27 лютага 2022 года ў Канстытуцыі з'явіўся артыкул 89-3. У ім ёсць пункт 10 аб тым, што Усебеларускі народны сход (УНС) паводле прапановы прэзідэнта можа прыняць рашэнне аб накіраванні вайскоўцаў за мяжу «для ўдзелу ў забеспячэнні калектыўнай бяспекі і дзейнасці па падтрыманні міжнароднага міру і бяспекі».

Ёсць у Беларусі і свая Ваенная дактрына, якая прадугледжвае вядзенне «актыўных ваенных дзеянняў у складзе кааліцыйных груповак войскаў» у выпадку «рэгіянальнай або буйнамаштабнай вайны». Ёсць і ваенная дактрына Саюзнай дзяржавы — там таксама нідзе прама не напісана, што беларускіх вайскоўцаў нельга адпраўляць за мяжу.