Цыганкоў: Адказ беларусаў на загад ісці ваяваць можа быць самы нечаканы

Кіраўнік Беларусі разумее, што ўваход у вайну беларускіх войскаў стане для яго палітычнай катастрофай, адзначае журналіст, аналітык і палітолаг Віталь Цыганкоў у сваім тэлеграм-канале.

marsz_mira_i_nezaleznasci__32__logo_2_logo.jpg

 — Мне падаецца, Лукашэнка разумее, што ўвядзенне беларускіх войскаў для яго будзе поўнай палітычнай катастрофай, улічваючы максімальна негатыўнае стаўленне беларусаў да гэтай вайны, нават тых беларусаў, якія падтрымліваюць Расію ў вайне, але і яны не хочуць удзелу Беларусі.

Па-другое, невядома, як павядзе сябе і беларускае грамадства, і беларускае войска ў выпадку такога загаду. Мала хто верыў у тое, што здарылася ў жніўні 2020 года. І зараз адказ і вайскоўцаў, і цывільных беларусаў на загад ісці ваяваць можа быць самы нечаканы. Думаю, гэта тая загадка, якую Лукашэнка не хацеў бы праверыць на практыцы — бо здарыцца можа самае рознае.


Так што Лукашэнка ўсё гэта разумее і будзе з усіх сілаў упірацца. Якія ў яго для гэтага ёсць палітычныя магчымасці? Думаю, яшчэ ёсць. Паводле той жа тактыкі, пра якую я ўжо казаў і якая праявілася падчас паездкі ў Сухумі — саступіць у нечым нязначным, сімвалічным, каб не саступаць у самым галоўным.

Да таго ж працягваць рыторыку ў стылі «беларускія войскі патрэбныя тут, на тэрыторыі Беларусі, яны не дазваляюць усунуць нож у спіну нашаму расійскаму брату, мы абараняем нашу агульную Саюзную дзяржаву ад удару з Захаду, таму не трэба нас пасылаць ва Украіну». Думаю, шанцы адбіцца ад самага страшнага ў яго пакуль ёсць.