Калі ўсе зноў палюбяць беларусаў?

Цяпер беларусам даводзіцца цяжка і напружана даказваць, што мы — гэта не рэжым, што мы ўвогуле пад акупацыяй, што мы на 97 працэнтаў супраць вайны і гэтак далей... Атрымліваецца з пераменным поспехам, — разважае ў сваім тэлеграме публіцыст і журналіст Віталь Цыганкоў.

imgl7736_logo.jpg

У масавым стаўленні да народаў, як мне падаецца, добра працуе прынцып «запамінаецца апошняе».

Гляджу зараз на тую беспрэцэдэнтную хвалю дапамогі і салідарнасці, якая назіраецца ў палякаў да ўкраінцаў, і думаю, як расійская агрэсія змыла (прынамсі, на цяперашні момант) усе ранейшыя польска-ўкраінскія гістарычныя крыўды. Больш за тое, забытыя даваенныя (да 24 лютага) ўнутраныя правалы самой Украіны, кардынальна змяніўся імідж украінцаў у Польшчы — ад паблажліва-іранічнага да захаплення — як людзьмі, якія сваім гераізмам і ахвярамі абараняюць у тым ліку і Польшчу. Агульны вораг, агульная пагроза, агульная — у пэўнай ступені — бяда аб’ядноўваюць лепей за шматлікія лекцыі аб неабходнасці пераадолець гістарычныя непаразуменні.

І такіх прыкладаў у гісторыі нямала. Той жа Захад у пачатку 90-х успрымаў Расію як нацыю, якая нарэшце скінула з сябе камуністычна-бальшавісцкую ідэалогію і зараз, атрымаўшы свабоду, увальецца ў лік вольных дэмакратычных народаў.  Уся папярэдняя імперская гісторыя Расіі была нібыта забыта. І я не збіраюся абвінавачваць Захад у наіўнасці, бо яны разважалі лагічна: калі японцам і немцам удалося, то чаму і ў расейцаў не павінна атрымацца?

Ці можна ўзгадаць, што сучасныя беларусы, нягледзячы на ўсе жахі Другой сусветнай, сярод самых паважаных народаў, сярод эканамічных і сацыяльных сістэм, вартых пераймання, нязменна называюць немцаў.

Гэта я да чаго. Цяпер многія пішуць, што грэх саўдзелу ў расійскай агрэсіі супраць Украіны будзе на беларусах вісець дзесяцігоддзямі. Вельмі малаверагодна. Нас ужо ўсе любілі пасля жніўня 2020 — як нацыю, якая прадэманстравала сваё імкненне да свабоды, хаця і не дабілася яе. Але расійская вайна, якая вядзецца і з тэрыторыі Беларусі, на жаль, імгненна перабіла гэты імідж (як памятаем, запамінаецца апошняе). І зараз нам даводзіцца цяжка і напружана даказваць, што беларусы — гэта не рэжым, што мы ўвогуле пад акупацыяй, што мы на 97 працэнтаў супраць вайны і гэтак далей.

Атрымліваецца з пераменным поспехам, бо народы ў стаўленні да іншых жывуць простымі формуламі і стэрэатыпамі — а гэтае беларускае раздваенне зразумець адразу даволі складана. 

Аднак — як толькі мы скінем Лу і як нацыя і дзяржава заявім, што пераходзім на «светлы бок», нас зноў усе палюбяць. Запамінаецца апошняе.