Павел Усаў: У Беларусі немагчымая нават «мінімальная адліга», інакш сілавікі скінуць Лукашэнку

Пра «дэманаў» новага парадку — уплывовы блок сілавікоў, які цягне Беларусь у вайну, разважае палітолаг Павел Усаў у сваім тэлеграм-канале.

usau_2.png

Рэгулярныя эпатажна-істэрычныя заявы Карпянкова і іншых пра беларускую апазіцыю (што яна заслугоўвае толькі смерці) кажуць пра тое, што ў атачэнні Лукашэнкі сфармаваўся блок нават не «ястрабаў», а «дэманаў».

Гэты блок сёння, відаць, досыць шматлікі і ўплывовы. Цяпер магу назваць некалькіх яркіх прадстаўнікоў: Карпянкоў, Караеў, Паршын, Вальфовіч, Белаконеў, Тэртэль, Хрэнін і інш.

«Дэманы» будуць праводзіць палітыку татальнага знішчэння любой нацыянальнай і палітычнай актыўнасці ў Беларусі. Яны будуць выступаць супраць любога развароту ўнутры краіны і настойваць на цеснай ваенна-палітычнай счэпцы з Расіяй. Толькі ў гэтым залог іх фізічнага выжывання. За перыяд 2020–2022 год яны здзейснілі ўсе мажлівыя і немагчымыя злачынствы, таму яны жывуць да таго часу, пакуль утрымліваюць уладу.

Відаць, ключавая апора і рэсурс «дэманаў» — гэта немалая… ударная група (ГУБАЗіК, КДБ, ССА), якая кансалідавалася за перыяд рэпрэсій і стала па сутнасці «элітарнай». Уся гэтая праслойка ўжо нават не «пралукашэнкаўская», не «прадзяржаўная», а хутчэй «прарэжымная» — гэта значыць, яна падтрымлівае толькі рэпрэсіўны парадак, які склаўся ў краіне пасля 2020 года, і служыць яму. І падтрымліваюць яны Лукашэнку, абслугоўваюць яго, толькі таму, што ён не выходзіць з гэтага парадку і з'яўляецца яго часткай.


Думаю, што паступова ў «дэманаў» будзе фармавацца перакананасць, што гэты парадак зможа існаваць і без Лукашэнкі. Для «дэманаў» цяпер нават бліжэй Пуцін і палітыка Крамля, чым, напэўна, Лукашэнка, са сваім пятляннем. Таму апошні нават не ў стане зменшыць маштаб абсурдных рэпрэсій і тэрору ў краіне, хоць унутраных пагроз фактычна не існуе — і такі крок, як і амністыя, быў бы цяпер мэтазгодны.

Дарэчы, «пул» лукашэнкаўскіх прапагандыстаў (Шпакоўскі, Тур, Азаронак) падтрымлівае менавіта сілавы прарасійскі парадак «дэманаў».

«Дэманы» — гэта янычары пры слабым султане, таму яны цалкам актыўна і экспрэсіўна выказваюцца на палітычныя тэмы (фарміруюць ідэалогію парадку), чаго раней (да 2020 года) не было. Яны сталі ядром, рухаючай сілай, духам «новага парадку».

Ніякага палітычнага балансу гэтай групе ў Беларусі няма і ўжо не будзе, адпаведна, немагчымая нават «мінімальная адліга».

Вызначаючы ўнутраную павестку, «дэманы» будуць уцягваць Беларусь у вайну.

Лукашэнка безумоўна залежыць ад «дэманаў» і любая спроба змяніць курс, па ўсёй бачнасці, можа абярнуцца зняццем Лукашэнкі.

У Лукашэнкі не засталося прасторы для манеўру не толькі ў замежнай палітыцы, але і ва ўнутранай.