Латушка: «Лукашэнку дастаткова толькі націснуць кнопку па загадзе Пуціна»
Прадстаўнік дэмакратычных сіл Беларусі Павел Латушка ў каментары германскаму выданню «Redaktionsnetzwerk Deutschland» папярэджвае пра хуткі пачатак мабілізацыі ў Беларусі і магчымае ўступленне нашай краіны ў баявыя дзеянні на баку Расіі.
У бліжэйшы час беларускія ўлады могуць пачаць мабілізацыю для аказання актыўнай ваеннай дапамогі Расіі ў вайне супраць Украіны, заявіў былы міністр культуры Беларусі і цяперашні прадстаўнік дэмакратычных сіл Павел Латушка. Паводле яго слоў, мабілізацыя беларускіх узброеных сіл магчымая ў любы час. Таксама Латушка паведаміў, амаль усім супрацоўнікам Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі было прапанавана здаць свае пашпарты. Гэтая інфармацыя паступала з розных гарадоў краіны. «Гэта азначае, што гэтыя асобы не змогуць пакінуць тэрыторыю Беларусі ў выпадку іх мабілізацыі», — растлумачыў Латушка.Таксама ён дадаў, што «падлік усіх прызыўнікоў у Беларусі практычна завершаны».
Аляксандру Лукашэнку дастаткова націснуць на кнопку на загад Крамля, каб пачаць мабілізацыю, заявіў кіраўнік «Народнага антыкрызіснага ўпраўлення». Ён адзначыў, што расійская вайсковая прысутнасць у Беларусі пастаянна расце, і гэта тычыцца як колькасці вайскоўцаў, так і ваеннай тэхнікі: «Вайсковыя вучэнні Узброеных сіл Расіі, у тым ліку вучэнні па ўзаемадзеянні паміж Узброенымі сіламі Расіі і Беларусі, праводзяцца рэгулярна». Напрыклад, на бліжэйшы час запланаваныя вучэнні ваенна-паветраных сіл абедзвюх краін.
Латушка раскрытыкаваў «стратэгічную памылку» Захаду, якая заключалася ў тым, што ён ужо паўгода не звяртаў увагі на Лукашэнку. «Не было ўведзена ніякіх новых санкцый, не было ніякага ціску», — рэзюмаваў апазіцыйны палітык. Такім чынам, Лукашэнка выйграе час для падрыхтоўкі да наступнага этапу вайны.
У той жа час, заўважае Латушка, Лукашэнка атрымлівае ад Масквы «велізарныя фінансавыя рэсурсы як для падтрымання эканомікі, так і для павышэння баяздольнасці беларускіх узброеных сіл і вытворчасці вайсковай зброі». Таксама ён заявіў, што Лукашэнка мае намер паспрабаваць да вясны павялічыць колькасць беларускага войска з 65 000 да 100 000 вайскоўца.
Нагадаем, напярэдадні Мінабароны паведаміла, што ў краіну прыбыў чарговы эшалон з расійскімі вайскоўцамі і вайсковай тэхнікай. Адразу ж Лукашэнка наведаў Абуз-Лясноўскі палігон у Брэсцкай вобласці, дзе заслухаў даклады аб завяршэнні баявога зладжвання частак і злучэнняў рэгіянальнай групоўкі войскаў Беларусі і Расіі. Ва Украіне асцерагаюцца, што Расія можа арганізаваць з тэрыторыі Беларусі яшчэ адзін наступ, спрабуючы захапіць Кіеў.