Ваенкам палохае: «Будуць абмежаванні на выезд»
Ваенкам Брэсцкай вобласці напалохаў тых, хто не прайшоў у ваенкамаце зверку даных. І заявіў, што яны яшчэ могуць паспець «зверыцца»!
Ваеннаабавязаным як мінімум Брэсцкай вобласці, якія не прайшлі зверку даных, могуць абмежаваць выезд з Беларусі, адзначае devby.
Пра гэта заявіў ваенкам Брэсцкай вобласці Алег Канавалаў.
Паводле яго слоў, у Брэсцкай вобласці ўдакладнілі інфармацыю наконт 97% ваеннаабавязаных. «Што тычыцца тых няпоўных 3%, якія не прайшлі зверку, да канца студзеня мы гатовыя папрацаваць з гэтымі людзьмі. Звярнуцца можна ў любы ваенны камісарыят па любым відзе сувязі. <...> А пачынаючы з лютага для тых людзей, якія не прайшлі зверку, хутчэй за ўсё, будуць ужытыя абмежаванні на выезд з Беларусі», — сказаў Канавалаў.
На гэтым тыдні Мінабароны заявіла, што завяршыла праверку ўліковых дадзеных ваеннаабавязаных. Зверку праводзілі з сярэдзіны кастрычніка па снежань. Яе прайшлі больш за 95% ваеннаабавязаных.