Прызыў студэнтаў у войска — рэальная пагроза. Што можна зрабіць ужо зараз?
Патрэбная магутная стыпендыяльная праграма, якая б дапамагла дзясяткам, сотням, а то і тысячам беларусам, якія жадаюць атрымаць адукацыю за мяжой.
Дзяржсакратар Савета бяспекі Аляксандр Вольфавіч прапанаваў вярнуцца да савецкай практыкі прызыву студэнтаў у армію. Пра гэта ён заявіў на нарадзе з кіраўнікамі ВНУ ў Міністэрстве адукацыі 10 красавіка.
Аргументацыя дзяржсакратара, шчыра кажучы, выклікае недаўменне. «Малады чалавек, які паступіў у вышэйшую навучальную ўстанову, а потым пайшоў служыць, год адслужыў і вярнуўся на другі-трэці курс спелым — на яго і дзяўчаты будуць па-іншаму глядзець. І ён па-іншаму асэнсуе тое, для чаго ён увогуле паступіў у вышэйшую навучальную ўстанову», — лічыць Вольфавіч.
Эксперт Грамадскага Балонскага камітэта Павел Церашковіч адзначае, што пагроза прызыву студэнтаў у войска цалкам рэальная, нават калі ў тым не будзе ніякага практычнага сэнсу:
— Баяцца вяртання гэтай практыкі трэба. Кіраўніцтва краіны абсалютна непрадказальнае.
Я лічу, што гэта рэальная пагроза, якая можа быць выкананая. Нават калі ў гэтым не будзе вялікага практычнага сэнсу, улада ўсё роўна гэта можа зрабіць. Некалькі гадоў таму было ўведзеная правіла, якое дазваляла забіраць у войска магістрантаў і аспірантаў пасля атрымання вышэйшай адукацыі першай ступені. Лічбы прызваных у войска абсалютна смешныя, ніякай пагоды ў войску яны не зрабілі, але тым не менш улада упёрлася і зрабіла.
Гісторыя можа паўтарыцца, бо галоўнае — зрабіць справаздачу, што яны прызвалі пэўную колькасць у войска.
— Прапанова прагучала ў форме ініцыятывы на сустрэчы з рэктарамі беларускіх вну. Як кіраўнікі навучальных устаноў адрэагуюць?
— Рэактары ўсе прызначаныя або непасрэдна Лукашэнкам, або са згоды Лукашэнкі — што адно і тое ж. Яны абсалютна пакорлівыя і пагодзяцца на ўсё.
— Як студэнты адрэагуюць на такую савецкую ініцыятыву?
— Не думаю, што студэнцтва ўзрадуецца такой перспектыве. У савецкія часы штосьці падобнае ўжо практыкавалася. Калі чалавек адвучыўся год-два, затым яго прызываюць у войска, а пасля службы вяртаецца назад на вучобу — у галаве нічога не застаецца ад папярэдняга года-двух вучобы.
Безумоўна, такое рашэнне прывядзе да адтоку моладзі з краіны.
Нашая Асацыяцыя адукацыі і навукі маніторыць міжнародныя магчымасці атрымання стыпендыі для беларускай моладзі. Нават у краінах, дзе вышэйшая адукацыя бясплатная, умоўна кажучы, у той жа Германіі не трэба плаціць за вышэйшую адукацыю, але ўсё роўна, каб вучыцца, трэба пакласці на банкаўскі рахунак каля 10 тысяч еўра на год, інакш вас проста не прымуць.
Існуе міжнародная практыка, што на ўзроўні бакалаўрыяту — першай ступені вышэйшай адукацыі стыпендый няшмат, а вось калі даходзіць да магістратуры, а тым больш дактарантуры — там стыпендый значна болей. Гэта тое, што называецца “паляванне на галовы”, “паляванне на мазгі”: лічыцца, калі чалавек атрымаў першую ступень адукацыі і паказаў неблагія паказчыкі, то ёсць сэнс укладваць грошы менавіта ў гэтага чалавека. А вось у першую ступень адукацыі, калі ласка, укладвайцеся самі.
Улічваючы сярэдні заробак у Беларусі, нават пры бясплатнай адукацыі, беларусу трэба яшчэ за нешта жыць. Такіх магчымасцей вельмі і вельмі мала. Думаем пра тое, каб ужо на міжнародным узроўні лабіраваць інтарэсы нашай моладзі. Ёсць толькі праграма Каліноўскага, нейкія кропкавыя стыпендыі, але гэта ўсё не тое. Патрэбная магутная стыпендыяльная праграма, якая б дапамагла дзясяткам, сотням, а то і тысячам беларусаў, якія жадаюць атрымаць адукацыю за мяжой.