Што будзе з адтэрміноўкамі да арміі для беларускіх студэнтаў, якія вучацца за мяжой?
Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў ухвалілі законапраект, які пазбаўляе абітурыентаў замежных ВНУ адтэрміноўкі ад войска.

У Палаце прадстаўнікоў сёння, 18 красавіка, у другім чытанні быў прыняты праект закона, які пазбаўляе абітурыентаў замежных ВНУ адтэрміноўкі ад войска. Пра гэта паведамляе прэс-служба “народных абраннікаў”.
Зрэшты, у Палаце прадстаўнікоў абяцаюць, што гэта будзе датычыць пакуль выключна тых абітурыентаў, якія толькі хочуць паступіць у замежныя ВНУ — ім адтэрміноўка прадастаўляцца не будзе. А для тых, хто працягвае вучыцца за мяжой, адтэрміноўкі захоўваюцца.
Са слоў дэпутаткі Валянціны Ражанец, якая рыхтавала папраўкі, для студэнтаў, якія ўжо вучацца, прэс-служба Палаты прадстаўнікоў удакладняе, што яшчэ адна ўмова для захавання адтэрміноўкі цяперашнім студэнтам — паступленне ў ВНУ за мяжой да 18 гадоў.
Дэпутатка Валянціна Ражанец, што адказвала за падрыхтоўку законапраекта да разгляду ў першым і другім чытаннях, пракаментавала асноўныя змены і распавяла, як яны дадумаліся да такіх зменаў. Аказваецца, беларускія ўлады вывучылі заканадаўства іншых краін – і нібыта “практычна нідзе такой ільготы няма”.
Зрэшты, пра тое, што шмат у якіх краінах наогул няма ўсеагульнага прызыву ў войска, а армія кантрактная, беларускія дэпутаты сціпла прамаўчалі і за прыклад такія краіны нават і не думалі браць.

Якія змяненні ўводзяцца?
Валянціна Ражанец распавяла пра асноўныя змены ў законе:
- Для тых, хто ўжо вучыцца за мяжой, адтэрміноўкі захоўваюцца.
- Новаўвядзенні закрануць абітурыентаў, якія хочуць паступіць у замежныя ВНУ ў наступныя гады — ім адтэрміноўка прадастаўляцца не будзе.
- Калі на момант уступлення ў сілу закона студэнты навучаюцца ў вочнай форме ва ўстановах адукацыі за мяжой і паступілі ў названыя ўстановы ва ўзросце да 18 гадоў, адтэрміноўку ім дадуць.
Калі папраўкі ўвойдуць у сілу? Гэта здарыцца праз нейкі час — іх мусяць спачатку ўхваліць Савет Рэспублікі і кіраўнік Беларусі. Як хутка гэта будзе зроблена, таксама пакуль не зразумела. Зрэшты, беларускае Мінабароны раней адзначала, што гэтыя меры “абумоўлены інтарэсамі абароны і нацыянальнай бяспекі Беларусі”.
