Хронікі рэпрэсій за 29 красавіка: «хапун» у Баранавічах і затрыманне студэнтаў БНТУ

Як мінімум пяць чалавек затрыманыя сілавікамі ў Баранавічах; студэнты БНТУ «рыхтаваліся ўзарваць Беларусь» — пра гэта знялі чарговы фільм прапагандысты; на палітзняволеную Наталлю Таран напісалі два даносы.

hroniki_represij2_1__logo_1.webp

***

Аўтары «Новага Часу» Мікола Дзядок і Дзяніс Івашын ужо больш за тысячу дзён знаходзяцца за кратамі. Мікола ўтрымліваецца ў палоне рэжыму 1264 дні, Дзяніс — 1144.

***

Ад 29 красавіка следчы ізалятар № 1 пераехаў на новы адрас. «Валадарка» расфармаваная, усіх вязняў за апошнія некалькі тыдняў перавялі ў новы будынак у Калядзічах.

Новы адрас СІЗА-1: 223016, Навадворскі с/с, 143/4, в. Пашковічы, Мінскі раён, Мінская вобласць. Прыём перадач будзе адбывацца з аўторка па суботу.

***

Хапун у Баранавічах: прынамсі пяцёра мужчын затрыманыя сілавікамі.

На відэа, апублікаваным у набліжаным да сілавікоў тэлеграм-канале, відаць, што людзей затрымліваюць атрады ў экіпіроўцы, са зброяй і ў шлемах. Некаторых бяруць проста на вуліцы і кладуць тварам у зямлю. Аднаму з затрыманых сілавікі выламалі дзверы, працэс знялі на відэа.

На камеру затрыманыя кажуць, што ўдзельнічалі ў акцыі пратэсту 9 жніўня 2020 года.

Паведамляецца, што супраць мужчын распачатыя крымінальныя справы паводле арт.342 Крымінальнага кодэкса («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх»).

Паводле інфармацыі «Медыязоны», адзін з затрыманых — Пётр Зіневіч, які выйшаў на волю па амністыі летась. У 2021 годзе Зіневіча асудзілі па артыкуле аб «паклёпе» (арт.188 КК) і прысудзілі да двух гадоў «хіміі». У студзені 2023 года ён вызваліўся па амністыі.

Яшчэ аднаго затрыманага, паводле інфармацыі «Медыязоны», завуць Дзмітрый Блашчаніца.

***

Сілавікі затрымалі некалькіх студэнтаў БНТУ. Пра гэта расказалі ў анонсе чарговага «расследавання» прапагандыстаў на канале АНТ. У сюжэце сказана, што ўкраінскія спецслужбы займаюцца вярбоўкай беларускіх падлеткаў, піша «Вясна».

Сцвярджаецца, што студэнтамі кіравала грамадзянка Украіны Марыя Місюк. Прапагандысты сцвярджаюць, што яны былі «завербаваныя СБУ» і планавалі «ўзарваць Беларусь».

У анонсе фільма прапагандыстаў таксама пералічваюцца і іншыя імёны: Трафім Барысаў, Сяргей Жыгалёў, Дзмітрый Захарошка, Анастасія Кліменка, Аляксандра Пуліновіч.

***

У бацькоў журналіста Аляксандра Корнышава прайшлі ператрусы пасля яго інтэрв'ю «Белсату».

Аляксандр Корнышаў — рэдактар інтэрнет-выдання «Витебский курьер news». Ён з'ехаў з Беларусі ў 2020 годзе, а сёлета, на пачатку лютага, у праграме «Беларус беларусу беларус» на тэлеканале «Белсат» Аляксандр расказаў пра тое, што падчас вымушанай эміграцыі ў яго ўзніклі праблемы са здароўем — яму паставілі дыягназ «некроз тазасцегнавых суставаў», таму патрабуюцца дзве аперацыі па замене сустава і працяглая рэабілітацыя.

Пасля выхаду перадачы ў дом бацькоў Карнышова сталі рэгулярна прыязджаць супрацоўнікі міліцыі і следчыя, піша БАЖ.

— Ператрус праводзіўся ў рамках крымінальнай справы, па якой, наколькі зразумелі мае сваякі, я маю статус сведкі. Супрацоўнікі міліцыі нічога не ўзялі, толькі прагледзелі інфармацыю на камп'ютары і планшэце брата, а таксама праверылі тэлефон бацькі. Маім сваякам сказалі, што крымінальная справа тычыцца майго інтэрв'ю «Белсату» — маўляў, гэта «экстрэмісцкае фарміраванне» і я нібыта садзейнічаю «экстрэмісцкай дзейнасці», — расказаў Аляксандр Карнышоў.

***

У Дуброўне міліцыя выявіла «экстрэмісцкі» рэпост да таго, як ён быў зроблены. На рашэнне суду ў банку даных судовых рашэнняў звярнула ўвагу «Наша Ніва».

50-гадовага жыхара Дуброўна Андрэя Марачава два разы запар судзілі за «дробнае хуліганства» (арт19.1 КаАП) — 7 і 26 сакавіка. Пасля гэтага ён зноў быў затрыманы, новы суд над ім прайшоў 8 красавіка.

Згодна з рашэннем суду, 31 сакавіка Марачаў зрабіў рэпост «экстрэмісцкіх матэрыялаў» на сваю старонку ў «Аднакласніках». Пры гэтым, як гаворыцца ў дакуменце, рэпост міліцыянты выявілі 28 сакавіка.

У выніку суд арыштаваў яго на трое сутак, а таксама пастанавіў канфіскаваць яго камп'ютар.

Андрэй Марачаў — інжынер-механік на мясцовым ільнозаводзе, працуе там ужо больш за 20 гадоў.

***

Зняволеныя ПК-22 у Івацэвічах самі зрабілі рамонт у жылой секцыі двух атрадаў, грошы на будматэрыялы збіралі з іх жа. Пра гэта піша тэлеграм-канал MAYDAY.TEAM са спасылкай на ведамаснае выданне Дэпартамента выканання пакаранняў «Трудовой путь».

Рукамі зняволеных у калоніі замянілі праводку, зрабілі разводку і мантаж труб, перафарбавалі сцены, арганізавалі святлодыёднае асвятленне, замянілі сантэхніку, падлогу выклалі дэкаратыўнай пліткай.

У якую суму абышоўся рамонт — не паведамляецца. Грошы на яго, як піша газета ДВП, былі «сабраныя на добраахвотных пачатках».

***

Сілавікі затрымалі жыхара Віцебскай вобласці, які апублікаваў у «TikTok» ролік са скаргай на дрэнныя дарогі, піша «Зеркало».

Як напісалі прапагандысты, «у поле зроку праваахоўнікаў трапіла відэа, дзе жыхар аднаго з раёнаў Віцебскай вобласці гаворыць пра дрэнныя дарогі паміж сельскімі населенымі пунктамі». Ролік першапачаткова быў апублікаваны на старонцы затрыманага ў «TikTok», але пазней яго рэпоснуў адзін з рэсурсаў, які беларускія ўлады прызналі «экстрэмісцкім».

— Устанавіўшы аўтара відэа, міліцыя праверыла «блогера» на дачыненне да «экстрэмісцкай дзейнасці», пасля чаго наведалася да яго ў госці. На шчасце мужчыны, яго відэаролік трапіў у «экстрэмісцкія супольнасці »без яго ведама, таму аўтар адкараскаўся «лёгкім спалохам», — паведаміў набліжаны да ГУБАЗіКа тэлеграм-канал.

У «пакаяльным відэа» мужчыну прымусілі сказаць, што па ўсіх праблемных пытаннях «варта звяртацца ў дзяржорганы», а не выкладваць відэа ў «TikTok» і «ўсялякія розныя астатнія каналы».

***

Па даносе правакатара з чат-рулеткі затрымалі чарговага беларуса, піша «Вясна». На відэа сілавікоў паказаны дыялог мужчыны з правакатарам Юрыем Комарам у чат-рулетцы. Затрыманы кажа, што ставіцца да палка Каліноўскага як да «сваіх» і чакае, калі полк разам з УСУ ўвойдзе ў Беларусь.

Па якім артыкуле затрыманы беларус і дзе цяпер знаходзіцца — невядома.

***

На 76-гадовую актывістку з Бабруйска, прысуджаную да 3,5 гадоў калоніі па трох артыкулах КК, напісалі як мінімум два даносы. Адзін з іх заўважылі «MAYDAY».

4 снежня 2021 года жыхар Масквы Сяргей Васільевіч Саўткін папрасіў супрацоўнікаў КДБ «звярнуць увагу на парушэнне» жыхаркай Бабруйска Наталляй Таран «закона аб распальванні расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці».

Падставай для даносу сталі каментары Наталлі Таран пад публікацыямі журналіста Аркадзя Бабчанкі.

Яшчэ адзін данос напісаў таксама грамадзянін Расіі Павел Кротаў. Ён прасіў сілавікоў звярнуць увагу на тое што Наталля Таран «незадаволеная рэжымам намі паважанага Лукашэнкі і распаўсюджвае нацыяналістычныя заклікі да звяржэння ўлады ў Беларусі і Расіі».

9 жніўня 2022 года суд Бабруйска і Бабруйскага раёна прысудзіў Наталлю Таран да 3,5 гадоў калоніі. Жанчыну абвінавацілі ў «абразе Лукашэнкі» (ч.1 арт.368 КК), «паклёпе» на яго (ч.2 арт.367 КК) і ў «абразе прадстаўніка ўлады» (арт.369 КК).

Паводле інфармацыі праваабаронцаў, жанчына пакутуе на некалькі хранічных захворванняў. Да суду яна была на волі пад падпіскай аб нявыездзе.

***

На волю выйшлі палітвязні Леў Цяліпка і Раман Гваздзелка.

Яны выйшлі напрыканцы красавіка. Мужчын асудзілі паводле ч.2 арт.293 КК («Удзел у масавых беспарадках») за ўдзел у акцыях пратэсту ў Брэсце ў 2020 годзе, паведамляе «Вясна».

Рамана Гваздзелку затрымалі 20 кастрычніка 2020 года. Яму прызначылі 4 гады калоніі. Тэрмін ён адбываў у магілёўскай калоніі № 15. Леў Цяліпка спачатку знаходзіўся на волі пад падпіскай аб нявыездзе, але 22 сакавіка 2021 года яго затрымалі, калі ён пайшоў у Следчы камітэт. Меру стрымання змянілі на ўтрыманне пад вартай. Хлопца прысудзілі да 3,5 гадоў калоніі. Ён таксама ўтрымліваўся ў ПК-15.

***

Выданне «Deutsche Welle Беларусь» прызналі «экстрэмісцкім фарміраваннем». Пра гэта паведамляюць праўладныя тэлеграм-каналы.

Адзначым, што ў «Рэспубліканскім спісе экстрэмісцкіх фарміраванняў» «DW Беларусь» пакуль няма.

Таксама «экстрэмісцкім фарміраваннем» прызнана выданне «UDF-Навіны Беларусі», піша «Салідарнасць».

Акрамя таго, сілавікі папоўнілі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў. У яго трапілі Instagram-акаўнты «narodny_reporter» і «da_voli», а таксама старонка ў «ВКонтакте» «МОВА ТУТ», дадае «Вясна».

***

Як паведамляе Прадстаўніцтва па сацыяльнай палітыцы Аб'яднанага пераходнага кабінета, на сённяшні дзень няма аніякіх звестак ад самых вядомых палітзняволеных: Марыі Калеснікавай — 452 дні, Максіма Знака — 445 дзён, Мікалая Статкевіча — 443 дні, Ігара Лосіка — 435 дзён, Віктара Бабарыкі — 372 дні, Сяргея Ціханоўскага — 302 дні, Уладзіміра Гундара — 269 дзён.

***

Паводле звестак праваабаронцаў «Вясны», на дадзены момант у беларускіх турмах утрымліваюцца 1392 палітвязні.

У спісах ініцыятывы «Dissidentby» знаходзіцца 1548 чалавек. Сярод іх — 188 жанчын і 2 непаўнагадовых. 19 палітвязняў адпраўлены на прымусовае лячэнне.