Цяпер афіцыйна: 29 красавіка СІЗА-1 пераехаў на новы адрас
Ад 29 красавіка следчы ізалятар № 1 пераехаў на новы адрас. «Валадарка» расфармаваная, усіх вязняў за апошнія некалькі тыдняў перавялі ў новы будынак у Калядзічах.
Размовы пра будаўніцтва новага будынку СІЗА пачаліся шмат гадоў таму. 7 чэрвеня 2010 года Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ № 288, якім даручыў «ажыццявіць у 2010 — 2015 гадах узвядзенне і ўвод у эксплуатацыю ў прамысловай зоне “Калядзічы” комплексу будынкаў і збудаванняў следчага ізалятару і рэспубліканскай агульнасаматычнай больніцы» і інфраструктуры, неабходнай для іх забеспячэння. У прыватнасці, планавалася, што больніцу пры СІЗА пабудуюць да 2013 года, а сам ізалятар — да 2015-га.
Але ў выніку гэтыя планы з кожным годам адцягваліся, і вось нарэшце здзейсніліся.
Пра перавод родных з «Валадаркі» сваякам пачалі казаць некалькі месяцаў таму, але пераезд зноў зацягваўся. Некалькі тыдняў таму для вязняў ужо перасталі прымаць перадачы і толькі сёння адміністрацыя СІЗА-1 афіцыйна паведаміла пра пераезд. Цяпер у вядомым Пішчалаўскім замку няма вязняў – іх перавялі ў іншыя ўстановы, у тым ліку ў новы ізалятар у Калядзічах.
Новы адрас СІЗА-1: 223016, Навадворскі с/с, 143/4, в. Пашковічы, Мінскі раён, Мінская вобласць. Прыём перадач будзе адбывацца з аўторка па суботу.
Праваабаронцы «Вясны» просяць паведаміць ім, калі вам вядома пра перавод туды вашага блізкага ці знаёмага, які ўтрымліваецца пад вартай па палітычных матывах.
«Валадаркай» СІЗА-1 празвалі таму, што яно знаходзілася на вуліцы Валадарскага ў Мінску. СІЗА было размешчана ў Пішчалаўскім замку — адным з нямногіх гістарычных будынкаў, якія захаваліся ў Мінску.
Пішчалаўскі замак — будынак у стылі ранняга класіцызму, узведзены ў 1825 годзе на гары ў Раманаўскім прадмесці. Падрадчыкам будаўніцтва быў Р. С. Пішчала, ад прозвішча якога турма атрымала неафіцыйную назву — Пішчалаўскі замак. Кіравалі ўзвядзеннем будынка Міхаіл Чахоўскі і Казімір Хршчановіч.
Турма пабудаваная на ўскраіне тагачаснага Мінска як двухпавярховы будынак з вежамі па баках, якія завершаны прафіляванымі зубцамі і сценамі, умацаванымі контрфорсамі. Першапачаткова будынак быў двухпавярховым, меў падвал з камерамі, кухняй, майстэрнямі і інш. У 1890 годзе па праекце мінскага губернскага інжынера К. Увядзенскага надбудаваны трэці паверх.
Галоўны фасад аздоблены рустоўкай ніжняга яруса і завершаны трохвугольным франтонам, што было своесаблівымі рэшткамі класіцызму. Праз такую складаную сумесь элементаў готыкі, абарончага дойлідства і класіцызму складана адназначна выявіць стылістыку, якую часам вызначаюць як рэтраспектыўна-замкавую.
За 200 гадоў існавання будынак выкарыстоўваўся па прамым прызначэнні. У астрозе адбывалі пакаранне паўстанцы 1830—1831 і 1863—1864 гадоў, у тым ліку «бацька беларускай драматургіі» Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч, а пазней паэты-адраджэнцы Карусь Каганец, Алесь Гарун і Якуб Колас, у турме быў пакараны смерцю тэрарыст Іван Пуліхаў.
У красавіку 2008 года абвалілася адна з вежаў замка, ніхто не пацярпеў.
СІЗА №1 з’яўляецца адзінай папраўчай установай у Беларусі і ў сучаснай Еўропе, у якой ажыццяўляецца смяротнае пакаранне (праз расстрэл).