Як «Валадарка» рыхтуецца да пераезду
Следчы ізалятар №1 на вуліцы Валадарскага ў Мінску расфармоўваюць, зняволеных перавядуць у іншыя СІЗА. Калі менавіта гэта адбудзецца, як уплывае на палітвязняў і што зараз адбываецца з перадачамі, даведалася «Медыязона».

СІЗА №1 у Мінску
«На наступным тыдні ўжо сказалі не прыходзіць, дзверы будуць зачыненыя»
Пра падрыхтоўку пераезду зняволеных з мінскага СІЗА на Валадарскага стала вядома ў пачатку года — планавалася, што іх перавядуць у новы ізалятар у Калядзічах.
Ужо тады ў перадачах перасталі прымаць некаторыя рэчы, аргумэнтуючы гэта хуткім пераездам.
«Родных абавязалі забраць тэлевізары з камераў яшчэ ў лютым. Але тады ўсё было ціха, а зараз вось ужо месяц нейкая ў іх актыўнасць. З 15 красавіка павінны былі прымаць лёгкія рэчы на вясну, але не прымаюць», — паведаміў «Медыязоне» знаёмы аднаго з падследных.
Апошнія дні, калі можна прынесці перадачы — 25 і 26 красавіка. Да гэтага іх прымалі без праблем.
«На наступным тыдні ўжо сказалі не прыходзіць, дзверы будуць зачыненыя. Але што далей — незразумела», — кажа крыніца «Медыязоны», знаёмая з сітуацыяй.
У падследных забралі рэчы: засталіся толькі адзенне і пакет ручной паклажы. Некаторых зняволеных ужо адправілі ў жодзінскае СІЗА, а неўзабаве павінны перавесці ў Калядзічы.
«Думаю там рамонт будзе навейшы. Але з-за гэтага, магчыма, усё стане больш строга», — кажа крыніца «Медыязоны».
Глядзіце таксама

«Яны як сляпыя кацяняты — нічога не ведаюць»
Усё, што адбываецца, прымушае родных, якія і так жывуць у стрэсе, хвалявацца яшчэ больш. Многія з іх не ведаюць, куды перавядуць блізкіх.
«Яны як сляпыя кацяняты — нічога не ведаюць. Усе даведваюцца адзін ад аднаго, чакаюць інфармацыю ад тых, хто прыязджае на Валадарскага.
Ведаюць толькі, што на гэтым тыдні будуць пераводзіць, а вось куды — пытанне», — распавядае крыніца «Медыязоны».
Глядзіце таксама

У новы ізалятар у Калядзічах дабірацца будзе больш складана. «Валадарка» знаходзіцца ў цэнтры Мінска, а Калядзічы — у прыгарадзе.
«Адна надзея ў сваякоў, што ў новым СІЗА могуць быць умовы палепш, больш утульныя», — кажа крыніца.