«Нідзе б я не пазнаёмілася з такімі адукаванымі, смелымі і неверагодна моцнымі жанчынамі». Былая зняволеная — пра Акрэсціна
Акрэсціна даўно мае славу людской катавальні. І недарэмна: там створаны ўсе ўмовы, каб пагоршыць жыццё вязням.
Мінчанка Аліна (імя зменена ў мэтах бяспекі) скончыла ўніверсітэт, папрацавала ў Беларусі і хацела пераехаць у Польшчу, але на беларускай мяжы яе не выпусцілі з краіны. Мытнікі паведамілі дзяўчыне, што ў яе забарона на выезд, высадзілі з аўтобуса і сказалі самастойна разбірацца з прычынамі абмежавання ў Мінску. Аказалася, што супраць Аліны была ўзбуджаная крымінальная справа за ўдзел у паслявыбарчых акцыях пратэсту паводле арт. 342 Крымінальнага кодэкса. За гэта яна амаль два месяцы правяла ў зняволенні і ў красавіку гэтага года была асуджаная да «хатняй хіміі». Былая палітзняволеная, усё ж апынуўшыся ў Польшчы пазней на некалькі месяцаў, расказала «Вясне» пра камеру асаблівага кантролю начальніка ІЧУ, голы агляд і ўмыванне пакетам з-пад пракладак, акрэсцінскі вірус, галасаванне на выбарах у жодзінскай турме, пра дагляд за сабой і пераезд «Валадаркі» ў Калядзічы.
«Калі мяне не ўзялі адразу на мяжы, значыць, нічога сур'ёзнага»
У сярэдзіне лютага 2024 года Аліна планавала пераехаць з Беларусі ў Польшчу, але на беларускай мяжы дзяўчыну не выпусцілі, патлумачыўшы, што ў яе стаіць забарона на выезд з краіны і ёй варта звярнуцца ў аддзел грамадзянства і міграцыі ў Мінску.
«Памежнік мне сказаў: "Сёння вы нікуды не паедзеце". Давялося высаджвацца з аўтобуса, забіраць валізкі і неяк выбірацца з мяжы. Мяне не арыштавалі, а проста вывелі за шлагбаўм».
Раніцай у панядзелак Аліна з бацькамі паехалі ў аддзел грамадзянства і міграцыі, каб высветліць прычыны забароны дзяўчыны з краіны.
«Я сама паехала, таму што падумала, што, калі мяне адразу не ўзялі на мяжы, а адпусцілі, значыць, нічога сур'ёзнага. У аддзеле супрацоўніца ўзяла мой пашпарт, сышла кудысьці на пару хвілін і вярнулася з нейкай паперай. Потым яна падышла да мяне, паглядзела ў вочы сваімі блакітнымі, густа нафарбаванымі тушшу вачыма і спытала: "У вас ёсць сакрэты ад бацькоў?" Пасля таго, як я сказала "не", яна мне паведаміла, што супраць мяне распачатая крымінальная справа. І дадала: "Не хлусіце, вы самі ведаеце за што". Я ўвогуле не разумела, што адбываецца, бо да гэтага моманту мне ніхто нічога не казаў. Жанчына сказала, што ў нашых жа інтарэсах паехаць да следчага самастойна. Праз нейкі час, знаходзячыся ўжо ў зняволенні, я разумела, што, калі б я ўсё ж не паехала тады сама, то па мяне б прыехалі, і, магчыма, разграмілі б яшчэ кватэру, як гэта рабілі ў іншых дзяўчат».
Аліна з бацькамі з аддзела адразу паехалі ў Следчы камітэт. Яны вельмі спадзяваліся, што праз тое, што дзяўчына з'явілася самастойна, усё абыдзецца проста допытам. Паводле слоў мінчанкі, яны таксама меркавалі, што гэта нейкая памылка. Але для Аліны ўсё абярнулася найгоршым спосабам.
«Следчая мяне ўжо чакала з адчыненымі дзвярыма. Яна ў мяне адразу спытала: "Дзе ты была?" Я не зразумела: у сэнсе, дзе я была? Але яна мела на ўвазе 2020-ты год. Пры мне яна адкрыла вялікую тэчку з крымінальнай справай, дзе паказала мне выразны фотаздымак мяне на акцыі пратэсту. Гэта быў скрыншот з відэа, якое знайшлі ў іншага чалавека. Мне расказвалі, што гэтае відэа ён захоўваў у сябе на ноўтбуку — чалавек мэтанакіравана здымаў людзей і хацеў зрабіць дакументальны фільм, але яго затрымалі. Невядома, як шмат яшчэ людзей затрымаюць па гэтых матэрыялах. Цяпер пратэстоўцаў шукаюць па фота і відэа іншых затрыманых, якія знаходзяць у іх у тэхніцы».
«Падчас допыту адзін з супрацоўнікаў нахіляўся да мяне і шаптаў матам, што нібыта хопіць хлусіць»
Як высветлілася, крымінальная справа супраць Аліны была заведзеная яшчэ ў снежні 2023 года, але затрымалі яе толькі ў сярэдзіне лютага.
«Як цяпер працуюць следчыя па справах праз удзел у мітынгах: яны затрымліваюць чалавека пад самае закрыццё справы. Яны вядуць справу, самі збіраюць доказы, а калі надыходзіць тэрмін закрываць справу, то хапаюць чалавека, вязуць яго на допыт, змяшчаюць пад варту на пару тыдняў і пасля суда адпускаюць на "хімію". Так было ў мяне і ў іншых дзяўчат, якіх я сустракала ў зняволенні.
Я зразумела, што яны робяць так, бо турмы цяпер рэальна перапоўненыя. Вельмі шмат людзей у следчых ізалятарах спалі на падлозе (у ІЧУ гэта па змаўчанні). У турмах людзей больш, чым месцаў. Самае страшнае, што цяпер у Беларусі тэатры зачыняюцца, а турмы будуюцца».
Пакуль Аліна некалькі гадзін чакала допыту ў следчай, у Следчы камітэт прыехалі супрацоўнікі ГУБАЗіКа.
«Пачалася не вельмі вясёлая частка. Супрацоўнікі забралі ў мяне тэлефон проста ў калідоры Следчага камітэта і пачалі там корпацца. Пачаліся запалохванні, хоць ім старацца асабліва не трэба было, я і так была вельмі напалоханая. Я да гэтага пасля мяжы два дні ад стрэсу нічога не ела, таму была ніякая.
Падчас допыту ў следчай адзін з супрацоўнікаў нахіляўся да мяне і шаптаў матам, што нібыта хопіць хлусіць, бо мы з табой будзем па-іншаму размаўляць. Ён намякаў на фізічнае ўздзеянне. Гэта ўсё было брыдка. Пасля допыту следчая сказала мне, што ў яе да мяне расце нянавісць».
Дзяўчына згадвае, што перад паездкай у дзяржаўныя органы яна нават не падумала, каб неяк уцяпліцца на выпадак, калі яе ўсё ж затрымаюць і адправяць у ізалятар, таму яна была ў офісных штанах і футрачку.
«Самае страшнае — гэта тое, як рэагавалі бацькі. Яны былі ў абсалютным шоку. Бацькі ніколі падумаць не маглі, што супраць мяне можа быць распачатая крымінальная справа і мяне затрымаюць».
«Мой адвакат цяпер знаходзіцца там, дзе была я»
На першы допыт Аліне прызначылі адваката. Ён ёй сказаў, што пасля яго яна паедзе на Акрэсціна, але даў надзею, што дзяўчыну праз 10 сутак могуць выпусціць пад заклад.
«Але адвакат нават не падаваў хадайніцтва аб гэтым, як выявілася. Хоць мае бацькі і грошы сабралі, і прасілі яго. На допыце адвакат проста прысутнічаў, часам, калі я гублялася, падказваў мне кіўкамі галавы адказы. Пасля допыту ён жартаваў з маёй следчай, і яны вельмі заўзята смяяліся. Але гэты адвакат застаўся да канца маёй справы, бо мы баяліся неяк нашкодзіць».
Забягаючы наперад, адзначым, што Аліна закрывала справу ў сваёй следчай ужо з іншым адвакатам, таму што першага затрымалі:
«Новая адвакатка, якая прыйшла замест майго адваката, папрасіла ў следчай на закрыцці справы некалькі хвілін адзін на адзін са мной. Яна мне паведаміла, што мой адвакат цяпер знаходзіцца там, дзе была я [на Акрэсціна]. Яна адзначыла, што "гэта выдаткі прафесіі ў Беларусі". Але я не разумела, што адбываецца. Ад іншых дзяўчат я даведалася, што затрымліваюць адвакатаў, якія абараняюць палітвязняў. Паводле чутак, якія там хадзілі, так затрымлівалі да 12 адвакатаў. І мой адвакат быў адным з тых, хто трапіў пад рэйд».
Праз некаторы час ён прыйшоў сам да мяне, і я даведалася, што да яго дадому ноччу ўварваліся і затрымалі за «непадпарадкаванне пры затрыманні», а менавіта тое, што «доўга адчыняў дзверы». Яму прызначылі 15 сутак арышту. Адвакат мне сказаў пры сустрэчы: «Калі я прыходзіў да цябе ў ІЧУ і бачыў, што ты плакала, не разумеў чаму. А калі сам там апынуўся, зразумеў, бо сам плакаў».
«14 жанчын па чарзе набіралі ваду ў пакет з-пад пракладак і так мыліся»
Дзяўчыну змясцілі ў ІЧУ на Акрэсціна, але замест законных 10 сутак да накіравання ў следчы ізалятар яе пратрымалі там усе 12 сутак, тлумачачы гэта тым, што яшчэ не было этапу.
«Гэта было страшна. Было жудасна холадна. Не ведаю, якое было надвор'е тады — мы і не маглі даведацца, бо ў камерах былі рыфленыя шыбы на вокнах. Было нават незразумела, калі дзень, а калі ноч. Мы ўсе спалі на падлозе. Матрацы, зразумела, не выдавалі. Мы рабілі падушкі з хлеба, але ён крышыўся, таму дапамагала не вельмі. Праверкі а другой і чацвёртай ночы — стандарт. Вакол усё бруднае. І, у дадатак да ўсяго, каб нашкодзіць, супрацоўнікі адключалі нам гарачую ваду. Наколькі я зразумела, яны гэта могуць рабіць па камерах. Неяк у камеру прыйшоў сам начальнік ІЧУ [Яўген Шапецька] і сказаў, што нас ставяць на асаблівы кантроль. Яму вельмі не падабаюцца людзі, якія пішуць каментары, а ў нас у камеры такія былі. Кожную раніцу начальнік асабіста прыходзіў на праверку: абражаў, адчытваў — жарсціў, карацей. На кожнай праверцы ў нас забіралі хоць што-небудзь — нават кавалачак туалетнай паперы, які самі і далі.
Самае вострае пытанне ў зняволенні — гігіена. Для мяне як для чалавека, які ў душ ходзіць кожны дзень, не мыцца два тыдні — ужо занадта. Адзінае, добра, што заставаліся пластыкавыя бутэлькі ад іншых людзей. У іх мы набіралі ваду і мыліся. Але на адной з праверак пад кіраўніцтвам начальніка ўсе бутэлькі забралі. А ў двухмеснай камеры — 14 жанчын! Як нам усім падтрымліваць хоць мінімальную гігіену? Для жанчыны гэта неабходна. Выпадковым чынам у нас апынуўся пакет з-пад пракладак. І вось усе 14 жанчын па чарзе набіралі ваду ў пакет з-пад пракладак і так мыліся.
Зневажальным быў яшчэ голы дагляд. У многіх дзяўчат збіваўся менструальны цыкл праз стрэс і дрэнныя ўмовы. Сваякі не маглі перадаць пракладкі, а фельчарка выдавала іх рэдка або пасылала матам на тры літары. У мяне скончыліся пракладкі падчас месячных. І вось мяне вядуць на дагляд. Я здымаю на даглядзе гэтую брудную бялізну, а мне так нязручна і непрыемна... Гэта ўсё так зневажальна. На мяне глядзяць, як на незразумела каго. А я ж не магу паўплываць на тое, што адбываецца: у мяне няма зменнай бялізны праз адсутнасць перадач, я не магу нічога зрабіць са сваім арганізмам, мне не выдаюць пракладкі ды іншыя сродкі гігіены. Я нават не ўпэўненая, што пры гэтым голым даглядзе мужчыны не прысутнічалі, бо там былі дзверы адчыненыя».
«У мяне яшчэ не такі страшны сцэнар»
Амаль два лютаўскія тыдні дзяўчына правяла ў трох камерах ІЧУ.
«Нас перакідалі з камеры ў камеру, каб стварыць псіхалагічны дыскамфорт і ціск. Па відэакамерах, якія былі ўсталяваныя ва ўсіх камерах, супрацоўнікі бачылі, калі мы з дзяўчатамі пачыналі камунікаваць, усміхацца, і тады яны раскідвалі нас па камерах. А як яшчэ выжываць: сядзець і плакаць пастаянна? Яны імкнуцца зрабіць усё, каб людзі больш не ўсміхаліся».
Следчыя прыехалі да Аліны ў ІЧУ толькі на дзявятыя суткі — увесь гэты час яна знаходзілася ў невядомасці аб сваім статусе, руху па крымінальнай справе і аб меры стрымання.
«Але ў мяне яшчэ не такі страшны сцэнар. Многія дзяўчаты расказвалі, як да іх урываліся сярод ночы, грамілі кватэры, будзілі дзяцей і траўмавалі іх на ўсё жыццё...
Калі мяне выклікалі на дзявятыя суткі, я падумала, што мяне вязуць на допыт. Таму ў камеры пакінула дзяўчатам свае тапкі. А мяне проста потым перавялі ў іншую камеру — яшчэ больш халодную».
Дзяўчына згадвае, што большасць яе сукамерніц — затрыманыя па палітычных матывах.
«Гэта было жудасна. З намі былі жанчыны, каму ўжо 60 гадоў, жанчыны з вельмі сур'ёзнымі захворваннямі. Памятаю сваю сукамерніцу —жанчыну з анеўрызмай галаўнога мозгу. Медыцынскую дапамогу там атрымаць нерэальна. Максімум — можна было дамагчыся таблеткі ад фельчаркі, калі яна баялася, што чалавек памерці можа. Але суправаджалася гэта трохпавярховым матам.
Самае страшнае, што амаль усе сукамерніцы былі "палітычныя". Гэта звычайныя людзі, якія нічога дрэннага ў жыцці не зрабілі, а іх трымаюць у турме ў нечалавечых умовах. У нармальным свеце так не павінна быць.
Са мной таксама сядзела жанчына, якую абвінавачвалі ў забойстве двух чалавек. Калі канваіры яе заводзілі ў камеру, то вельмі весела сказалі: "Глядзі, не парэж тут нікога". Было страшна па начах…
Але, напэўна, нідзе б я не пазнаёмілася з такімі адукаванымі, смелымі і неверагодна моцнымі жанчынамі. Гэта былі людзі абсалютна розных прафесій: ад архітэктарак, лекараў, бухгалтарак да дырэктарак. Я заспела два рэйды сілавікоў: на архітэктараў і за салідарнасць з палітвязнямі. Гэта былі жанчыны ад 20 да 60-65 гадоў, у асноўным — гадоў 40. У большасці з іх былі дзеці. І я проста не ўяўляю, што адчувалі гэтыя жанчыны ды іх сем'і...»
«Калі хварэеш на выхадных — гэта твае праблемы»
Дзяўчына расказвае, што ў зняволенні ўсе вельмі моцна хварэлі, але атрымаць якасную і своечасовую медыцынскую дапамогу так практычна нерэальна.
«Там ходзіць нейкі вірус. Я на Акрэсціна захварэла так, як ніколі ў жыцці. Пасля гэтага яшчэ тыдні два пакутавала на сухі кашаль у раёне горла, які душыў мяне. Пры гэтым, высокай тэмпературы ў мяне не было. Не ведаю, што гэта было, я лічу, што гэта нейкі асаблівы акрэсцінскі вірус.
На тым паверсе, дзе знаходзіцца лякарня, гарачай вады няма. Акрамя гэтага, там не хапае ложкаў. Гэта невялікі корпус, а людзей хварэе вельмі шмат. Таму некаторым даводзіцца на "бальнічцы" спаць на падлозе. Адзінае, што там ёсць, — гэта нагляд лекара, ад якога вельмі мала толку. Як аказалася, фельчарам у нас быў стаматолаг. На медыцынскую дапамогу там асабліва разлічваць не варта. Ты, вядома, можаш напісаць заяву на фельчара, але ён максімум што зробіць — дасць ібупрафен. Ціск і праблемы з сэрцам — не спецыяльнасць фельчара, і ён не ведае, што рабіць у такіх выпадках. А калі на выхадных антыбіётык папросіш, то могуць напалохаць тым, што выпішуць рапарт, таму што ты нібыта сімулюеш.
Кажуць, што па медыцынскую дапамогу трэба звяртацца з панядзелка па пятніцу, а калі хварэеш на выхадных — гэта твае праблемы. Таму лепш хварэць у сваёй камеры і лячыцца тымі лекамі, якія перадаюць сваякі або дзеляцца сукамерніцы. У камеры ў нас была доктарка — і ад яе было больш карысці, чым ад нашага фельчара».
«Галоўнае — захаваць здароўе»
Дзяўчына згадвае, што ў зняволенні ёй было асабліва не да касметыкі. Яна адзначае, што даглядаць за сабой за кратамі праблематычна, але ў турме ёсць шмат лайфхакаў.
«Здзіўляешся, колькі ў самых звычайных прадметах можа быць розных спосабаў ужывання. Дзяўчаты рабілі маскі для твару з аўсянкі, а с запаранай нераспушчальнай кавы — скраб.
У душ нас вадзілі раз на тыдзень, але гэтага было мала. У камеры быў тазік, які 12-14 чалавек выкарыстоўвалі для ўсяго: для мыцця, для мыцця галавы і цела, прыборкі і г.д. Свае доўгія валасы я мыла раз на тры дні. Але пасля Акрэсціна ўжо была наладжаная схема: ніз мыеш з дапамогай бутэлькі, верх — пад кранам і над тазікам.
У мяне густыя бровы, і яны вельмі зараслі ў зняволенні. Дзяўчаты ў турме звычайна выскубаюць іх ніткай, а я вельмі баялася, таму што можна выпадкова зачапіць не тыя валаскі. Потым я прылаўчылася і вышчыпвала бровы абцужкамі для пазногцяў. У нас у камеры быў ледзь не салон: я сядзела і вышчыпвала бровы некаторым дзяўчаткам.
У турму нельга было перадаваць пілачку для пазногцяў, але можна было абцужкі. Здавалася б, што такога ў гелі для мыцця твару? Але нельга.
У мяне быў супер-мінімальны догляд. Старалася даглядаць менавіта за станам скуры, пра дэкаратыўную касметыку нават гаворкі не ішло. Але вось дзяўчатам, якія былі там не ўпершыню і не па палітычных артыкулах, вельмі хацелася фарбавацца і рабіць прычоскі.
У нас было вельмі маленькае люстэрка, у якое на сябе глядзелі пры цьмяным святле. Догляд — гэта было апошняе, пра што я думала. Прышчык на носе ці сухія канцы валасоў — гэта абсалютна ўсё роўна. Галоўнае — захаваць здароўе. Не ўяўляю, як дзяўчаты спраўляюцца з доглядам у зняволенні, калі сядзяць доўга там. Але мне трэба было проста хутчэй пражыць гэты дзень і закрэсліць яго ў сваім каляндарыку, таму што ён набліжаў суд і нейкую развязку. І многія так рабілі.
У мяне доўгі час зводзіла мышцы, таму што на волі я прывыкла хадзіць на трэніроўкі і шмат шпацыраваць. Таму я старалася спортам займацца, каб не закіснуць і каб час хутчэй прайшоў. За час зняволення я страціла шмат цягліц і схуднела, таму што мала ела і была на стрэсе пастаянна.
З намі была дзяўчына, якой была прызначаная дыета [прызначаецца хворым на ВІЧ ці на сухоты] — ёй выдавалі малочныя прадукты, якія яна не піла і не ела. Так сукамерніцам даставалася хоць па лыжачцы тварагу, каб зубы не павыпадалі. Малако часам выкарыстоўвалі ў масках для твару. Часам, калі супрацоўнікі прыходзілі з праверкай, то ў камеры іх сустракалі дзяўчаты з карычневымі і белымі тварамі, з маскамі».
Цалкам прачытаць інтэрв'ю з Алінай можна тут.