Генадзь Коршунаў: «Плато рэпрэсій» было зламанае
Аналітык «Цэнтра новых ідэй» Генадзь Коршунаў тлумачыць, што маецца на ўвазе пад паняццем «плато рэпрэсій» і што з ім адбываецца цяпер.
Абмеркаванні, выкліканыя маім інтэрв'ю Юрыю Дракахрусту на «Радыё Свабода», трохі сціхлі. Таму, думаю, можна даць тлумачэнне феномену, які я назваў «плато рэпрэсій».
Тут прынцыпова важнымі з'яўляюцца тры моманты, піша Генадзь Коршунаў на сайце «Цэнтра новых ідэй».
Першы — метадычны, або, калі хочаце, тэрміналагічны, то-бок які тычыцца самога паняцця «плато». Звычайна калі эксперты кажуць, што нейкі працэс выходзіць на «плато», то маецца на ўвазе, што ў дынаміцы працэсу альбо згладжваюцца значныя ваганні («грабянец» ператвараецца ў гарызантальную «лінейку»), альбо на змену росту ці зніжэння прыходзіць ўстойлівы «калідор значэнняў». Іншымі словамі, калі працэс выходзіць на «плато», гэта не значыць, што ён спыняецца або знікае. Гэта толькі азначае, што адбываецца «плюс-мінус» адно і тое ж, без рэзкіх змен. Або, як сфармуляваў Павел Сапелка: «Рэпрэсіі... маюць стабільна высокі ўзровень з месяца ў месяц, ва ўладзе ёсць устойлівы аб'ём рэпрэсій у пэўны перыяд».
Так, магчыма, мова сухой статыстыкі не вельмі пасуе для апісання таго, што адбываецца цяпер у Беларусі наогул і з палітвязнямі ў прыватнасці. Але я думаю, і я ў гэтым упэўнены, часам мае сэнс глядзець на сітуацыю максімальна без эмоцый. Пры гэтым, вядома, захоўваючы разуменне таго, што за лічбамі — лёсы, людзі, жыцці.
Другі момант — часавы.
Першы раз я выказаўся пра тое, што, верагодна, мы выходзім на нейкае «плато рэпрэсій», яшчэ восенню мінулага года. Тады гэта была хутчэй здагадка, яшчэ мала падмацаваная данымі. Але нават у тым варыянце яна не атрымала якога-небудзь абвяржэння ці крытыкі. Хутчэй, наадварот, пра тое самае сталі гаварыць і журналісты (прыклады можна ўбачыць тут і тут). Гэта значыць, як мне ўяўляецца, падобнае адчуванне было не толькі ў мяне.
Лічбамі падмацаваць сваю выснову я змог толькі зімой, сабраўшы разам розныя даступныя на той момант колькасныя даныя і падмацаваўшы іх данымі якаснага характару ў рамках праекта «Барометр рэпрэсій». Гэта важна — звесткі былі сабраныя толькі за 2023 год і гаварылі пра тэндэнцыі менавіта таго года.
Адзначу, што і ў самой справаздачы, і ў прэзентацыі для журналістаў я гаварыў, што рэпрэсіўны ціск рэжыму на беларускае грамадства значна шырэйшы за той, што можна зафіксаваць колькаснымі метадамі. Але праблема якасных даных складаецца ў тым, што па іх не заўсёды можна адсачыць тэмп, дынаміку, ацаніць паскарэнне альбо тармажэнне працэсаў. А колькасныя даныя, нават абмежаваныя, такое разуменне могуць даць.
Дарэчы, не магу не адзначыць, што паважаны Юрый Дракахруст, які мае салідны сацыялагічны досвед, прыйшоў да падобных высноў, прааналізаваўшы дынаміку колькасці палітвязняў за больш працяглы часавы інтэрвал.
Трэці момант — сітуацыйны.
Верагодна, для інтэрв'ю быў абраны не самы ўдалы момант: абмяркоўвалі даныя за 2023 год праз ужо досыць працяглы час, за які паспела адбыцца вялікая колькасць падзей, пачынаючы ад серыі маштабных «хапуноў» па ўсёй краіне і заканчваючы, на жаль, новымі смерцямі палітвязняў. Верагодна, мне трэба было выразней артыкуляваць, што даныя гавораць за мінулы год і што цяпер на іх варта глядзець як на фон, на якім актуальныя падзеі могуць мець іншыя тэмп і змест.
Гэта вядомая праблема ўсіх даследаванняў грамадства, якія рэпрэзентуюць той перыяд, які ўжо прайшоў. І чым большы лаг на аналітыку, чым больш часу праходзіць паміж зборам інфармацыі і прэзентацыяй вынікаў, тым большым можа быць разрыў паміж данымі і актуальнай рэальнасцю. Асабліва востра гэта адчуваецца, калі сацыяльнае бурліць і значныя падзеі, здольныя змяняць трэнды, ідуць адно за адным. А ў нашай сітуацыі гэтая праблема пагаршаецца тым, што хутка пазнаваць дакладную сітуацыю з Беларусі вельмі складана. Патрабуюцца час і праверка.
Так, можна сказаць, што ў такіх умовах інфармацыя хутка састарваецца. З іншага боку, калі глядзець не толькі на «тут і цяпер», а спрабаваць вылучаць значныя тэндэнцыі, якія працуюць на працяглых інтэрвалах, то якасць аналізаванай інфармацыі становіцца важней за хуткасць яе прадстаўлення.
Менавіта такімі меркаваннямі мы кіруемся, калі рыхтуем чарговы выпуск «Барометра рэпрэсій». Яго чарговы выпуск, прысвечаны першаму кварталу 2024 года, павінен быў выйсці на гэтым тыдні. Гэтым разам мы павялічылі колькасць і якасных, і колькасных паказнікаў, а таксама планавалі расказаць, што адбылося з леташнім «плато» за першыя месяцы гэтага года. Аднак праз асаблівасці працы з інфармацыяй прэзентацыя наступнай справаздачы «Барометра рэпрэсій» пераносіцца на самыя апошнія дні красавіка — пачатак траўня.
Запрашэнне на прэзентацыю даследавання будзе крыху пазней.
P. S. І ў якасці спойлера: на жаль, «плато рэпрэсій» было зламанае.