«Калі месячныя — даюць адну пракладку на суткі». Што адбываецца ў рэгіянальных ізалятарах?
Былая зняволеная падзялілася з журналістамі інфармацыяй пра жорсткае абыходжанне з палітвязнямі ў адным з рэгіянальных ізалятараў.
«У камеры палітычным не даюць кіпеню. Усе кураць, палітычным нельга. Порцыі ежы напалову меншыя, некаторую ежу не давалі зусім, — расказала затрыманая журналістам «Нашай Нівы». — Ноччу пабудкі некалькі разоў. Калі месячныя — даюць адну пракладку на суткі, хоць законам сродкі жаночай гігіены не абмяжоўваюцца. Калі ў камеры шмон, усе выходзяць проста на калідор, а палітычных выводзяць у кайданках.
На ложку днём ляжаць нельга, спаць днём нават седзячы нельга. Гэтыя ўсе ўмовы для палітычных. Таксама для нас голыя нары. У іншых — матрацы. Нам нельга нават кнігу чытаць.
Не дазволена перадаваць ежу палітычным, хоць закона такога няма.
Ну, а пра блашчыц, мышэй і адсутнасць душа ўжо і казаць няма чаго.
Хлопцаў прымушалі спяваць гімн на калідоры, аднаго білі на вачах усіх камер.
Звычайныя, бывалыя зэкі шкадуюць нас. Дзеляцца, чым могуць, — адзначае жанчына.
— Я выйшла ніякая, нават цыкл збіўся на нервовай глебе, — расказвае яна.
«Хлопцаў прымушалі спяваць гімн на калідоры, аднаго білі на вачах усіх камер», — сцвярджае жанчына.
З сумнавядомага сталічнага ізалятара на Акрэсціна таксама даносяцца страшэнныя звесткі.
Два гады таму Сяргей (імя героя зменена) быў адным з кіраўнікоў вядомай грамадскай арганізацыі, чытаў лекцыі, браў удзел у грамадска-палітычных праектах. Цяпер ён уцякач, на радзіму вяртацца баіцца і імя сваё не можа апублічыць, бо ў Беларусі засталіся родныя, за жыццё якіх усур’ёз асцерагаецца. Усведамленне штодзённай небяспекі прыйшло пасля 15 дзён адміністрацыйнага арышту на Акрэсціна, кажа ён у размове з «Радыё Свабода».
«Як і раней, палітычным не выдаюць матрацаў і пасцельнай бялізны, няма перадач, прагулак і душа. У цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў трымаюць у перапоўненых камерах: у нашай, разлічанай на чатырох, бывала да 18 чалавек. Першыя 5 дзён спаў седзячы, потым — на падлозе. Задуха ў камеры страшэнная, увесь час адчынена «кармушка». І ўсё роўна кожныя 15 хвілін ахоўнік падыходзіць да камеры і зазірае ў «вочка» — пільнуюць нас, палітычных. Баяцца, што нешта ўтворым», — кажа Сяргей.
За два дні ў ізалятары часовага ўтрымання і 13 дзён у цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў Сяргей пабачыў больш як 20 арыштантаў. Кажа, што прыкладна палова з іх — палітычныя. За краты трапілі тыя, хто зрабіў нейкі непажаданы ўладам допіс у сацсетках, каго вылічылі па фатаздымках з пратэстаў, проста за тое, што нібыта апазыцыянер».
Суразмоўца заўважае, што тым, каго «суткамі» пакаралі за ўжыванне алкаголю ці лаянку, жывецца на Акрэсціна значна лягчэй.
«Улада іх лічыць «сацыяльна блізкімі», таму і даюць «прывілеі», — мяркуе былы актывіст. Паводле яго звестак, на Акрэсціна цяпер за 18 рублёў 50 капеек можна на ноч арандаваць матрац, бялізну і падушку, але «палітычным» такога не дазваляюць.