Ці магчымы дыялог паміж катам і ахвярай?
Учора ў Вільні адбылася прэм'ера спектакля пра беларускіх сілавікоў. «Deutsche Welle» пабывала на паказе.
2 ліпеня ў Старым тэатры Вільні прайшла прэм'ера п'есы «Ціхары», якую беларускі пісьменнік Саша Філіпенка напісаў пасля падзей 2020-га. Праз тры гады гледачы, сярод якіх была і Святлана Ціханоўская, зноў пагрузіліся ў атмасферу адрэналіну і страху, дзе народ падзелены на змагароў і катаў і ніхто не ведае, ці змогуць яны прымірыцца.
Да пачатку спектакля арганізатары разаслалі не квіткі, а позвы: ў прызначаны час з'явіцца на працэс. «Калі ўбачыла ліст на пошце, горка ўсміхнулася, бо згадала, як восенню 2020-га судзілі мяне, затрымалі на нядзельным маршы ў Мінску, — успамінае Алена, якая ўжо трэці год жыве ў Вільні. — Гэта цяжкія ўспаміны, але я разумею, што важна не замоўчваць нашы пакуты. Таму я рада, што з'явіўся такі спектакль».
Суд у бункеры над удзельнікамі пратэстаў у Беларусі
Саша Філіпенка напісаў п'есу «Ціхары» для тэатра ў Санкт-Пецярбургу, але там адмовіліся яе ставіць. І вось у 2023 годзе намаганнямі міжнароднай каманды прэм'ера адбылася ў Вільні. Рэжысёркай выступіла Саша Дзянісава, якая да вайны працавала ў расійскіх тэатрах, але была вымушана з'ехаць у ЕС. Многія акцёры, задзейнічаныя ў спектаклі, уцяклі з Беларусі. Са сцэны можна пачуць і іх асабістыя гісторыі.
«Ціхарамі» ў Беларусі называюць сілавікоў, якія пад выглядам звычайных грамадзян высочваюць удзельнікаў пратэстаў. Спектакль пераносіць нас у 2030 год, дзе апакаліпсіс — не прычына спыніць суды над пратэстоўцамі ў Беларусі. Вайна ва Украіне скончылася перамогай Кіева, але Уладзімір Пуцін націснуў ядзерную кнопку. Свет разбураны, але ў адным бункеры, як ні ў чым не бывала, судзяць доктара-рэаніматолага Леўчанку.
Паводле сцэнара, Лукашэнка ўжо не ва ўладзе, вінаватых у рэпрэсіях асудзілі. А цяпер дайшла чарга да ўдзельнікаў пратэстаў. Карыкатурныя суддзя і пракурор нагадваюць рэальных удзельнікаў працэсу ў Беларусі, але ў 2030 годзе, паводле задумы аўтара, ужо з'яўляецца суд прысяжных, які па вэб-камеры сочыць за развіццём падзей і павінен вынесці сваё рашэнне.
У жніўні 2020 года, калі ў лякарню паступаюць сотні збітых на пратэстах людзей, з падазрэннем на інсульт туды прывозяць і супрацоўніка АМАПа па прозвішчы Губопік. Пасля хуткага агляду доктар Леўчанка кажа, што міліцыянт можа перанесці хваробу на нагах, і той вырашае вярнуцца дадому, дзе пазней памірае.
Сам Леўчанка згадвае, што ўдзельнічаў у пратэстах, быў неаднаразова затрыманы, знаходзіўся за кратамі ў нечалавечых умовах, падтрымаў арыштаваных і звольненых калег, але, нягледзячы на рызыкі, адмовіўся з'язджаць з краіны. Сваёй віны ён не прызнае і сцвярджае, што, хоць адчуваў непрыязнасць да сілавіка, дзейнічаў па пратаколе — дапамагаў экстраным хворым.
Абвінавачанне выклікае важнага сведку — асабістага лекара Лукашэнкі, які настойвае, што калега дапусціў непапраўную памылку. І, хоць ён і выратаваў многіх пацярпелых у жніўні 2020-га, цяпер пра яго будуць памятаць толькі як пра лекара, які загубіў амапаўца. Па тоне працэсу здаецца, што абвінаваўчы прысуд ужо гатовы. І раптам сітуацыя перакульваецца: суддзя страчвае прытомнасць, і лекар кідаецца яе ратаваць.
Ці магчымы дыялог паміж гвалтаўніком і ахвярай?
Каманда, якая працавала над спектаклем, адзначае, што «Ціхары» — не проста ўспаміны, а сатыра, каб усвядоміць мінулае, сустрэцца з сучаснасцю і паглядзець у будучыню праз прызму вайны ва Украіне. Са сцэны гучыць пытанне, якое балюча абмяркоўваць, але ад якога нельга ўцячы: ці магчымы дыялог паміж гвалтаўніком і ахвярай?
«Пратэст 2020 года быў сапраўды ўсенародным і маналітным, але сілавікі здолелі ўтрымаць уладу праз жахлівыя рэпрэсіі, — кажа пра спектакль Саша Філіпенка. — «Ціхары»— гэта спроба зноў перажыць падзеі 2020 года і запрашэнне да адкрытага абмеркавання, адна з галоўных тэм якога — (не)магчымасць дыялогу гвалтаўніка і ахвяры, ката і абвінавачанага. П'еса «Ціхары» ставіць перад гледачом простыя, але ў той жа час фундаментальныя пытанні пра дабро, зло, правасуддзе і помсту».
У канцы судовага працэсу акцёры зачытваюць рэальныя гісторыі беларусаў, якія прайшлі праз рэпрэсіі, у тым ліку свае асабістыя гісторыі. Акцёр Ілля Ясінскі быў затрыманы ўвосень 2020-га, яго так моцна збілі сілавікі, што ён трапіў у бальніцу з пераломам некалькіх пазванкоў. «Пасля забойстваРомы Бандарэнкі сілавікі баяліся, што і іншыя будуць паміраць... Мне выклікалі «хуткую», даставілі ў бальніцу. Там уся палата была «нашых», з мітынгу. Усе лекары былі за нас. І было відаць, як яны ненавідзяць гэтых мянтоў».
І хоць следчыя прынялі ў яго заяву як у пацярпелага, неўзабаве стала зразумела: альбо ён уцячэ з краіны і застанецца на волі, альбо стане фігурантам крымінальнай справы.
«У спектаклі было шмат момантаў, калі смяешся, але разумееш, што нармальны чалавек у такой сітуацыі будзе плакаць, — падзялілася ўражаннямі Ганна, якая разам з сям'ёй два гады таму ўцякла з Беларусі. — Самае цяжкае — гэта гісторыі рэальных людзей. Адна з іх была пра нашага сябра: да яго ўварваліся амапаўцы, а ў яго жонка цяжарная. І вось я згадваю ўсё гэта і думаю: "Дзякуй Богу, яны змаглі з'ехаць у Польшчу, цяпер іх сын жыве ў бяспецы"».