Сілавікі нават не плануюць зніжаць маштабы рэпрэсій — прынамсі, у Мінску

На харчаванне арыштантаў на Акрэсціна ў 2024 годзе маюць намер выдаткаваць больш за 950 тысяч рублёў. Гэта вынікае з заявак на дзяржзакупкі. Пры гэтым у параўнанні з 2023-м знізілася сума, якую будуць выдаткоўваць на ежу ў пераліку на аднаго арыштанта.

img_2790_1_logo_1.jpg

ГУУС Мінгарвыканкама 1 сакавіка закупіла паслугу па падрыхтоўцы і пастаўцы харчавання арыштаваным, якія ўтрымліваюцца ў ІЧУ і ЦІП на Акрэсціна ў Мінску. Гэта вынікае са звестак Беларускай універсальнай таварнай біржы, піша «Люстэрка».

Пастаўшчыком будзе кампанія «Н-ТиВи», якая ўваходзіць у склад холдынгу «Гарызонт» і займаецца выпускам тэлевізараў. Верагодней за ўсё, падрыхтоўкай і дастаўкай ежы будзе займацца сталовая гэтага прадпрыемства.

Летась пастаўшчыком выступала менавіта сталовая самога завода «Гарызонт». І ў гэтым, і ў 2023-м у конкурсе па дзяржзакупках таксама ўдзельнічала сетка сталовых і кафэ «Ажына», але ў абодвух выпадках яна прайгравала мінскаму вытворцу тэлевізараў.

okrestina_zakupki_2024.jpg

Агульны кошт закупкі — 958 400 рублёў. Тэрмін пастаўкі — з 1 сакавіка па 31 снежня гэтага года, гэта значыць 305 дзён. Кошт адной сутачнай порцыі — 7,3 рублёў. Зыходзячы з гэтых даных, можна разлічыць, што ў гэты перыяд чакаецца, што ў сярэднім у суткі на Акрэсціна будзе знаходзіцца каля 430 чалавек.

Важна ўлічваць, што колькасць арыштантаў можа мяняцца напрацягу года. Мы вылічылі сярэдні паказчык, у розныя перыяды ён можа быць вышэйшы або ніжэйшы. Таксама мы не ведаем, ці выконваецца ў выніку гэты план.

Атрымліваецца, што запаўняльнасць Акрэсціна сёлета чакаецца на 88 чалавек за суткі (у сярэднім) больш, чым паказвалі нашы разлікі за мінулы год. Тады па падліках «Люстэрка» атрымлівалася, што ў сярэднім у суткі чакалася 342 арыштанты. Для параўнання: у 2020 годзе планавалася карміць там у сярэднім 182 арыштанты ў суткі.

Гэта паказвае на тое, што сілавікі, хутчэй за ўсё, нават не плануюць зніжаць маштабы рэпрэсій і запоўненасць ІЧУ і ЦІП працягвае расці з кожным годам, нават нягледзячы на перавышэнне максімальнай планкі па колькасці людзей, якія там змяшчаюцца.

У той жа час выдаткі на сутачную порцыю харчавання для аднаго арыштанта сёлета ніжэйшыя, чым былі ў 2023-м: 7,3 рублёў супраць 7,67 рублёў летась. У гэтую суму ўваходзіць сняданак, абед і вячэра, а таксама гандлёвая надбаўка і дастаўка.

З чым звязана гэта зніжэнне, невядома. Афіцыйна інфляцыя, паводле апошніх звестак, складае 5,9%. На гэты год план па сярэднім росце спажывецкіх цэн — не вышэйшы за 6%.

Між тым па законе з людзей, якія адбывалі ў ІЧУ або ЦІП адміністрацыйны арышт, спаганяюць суму, выдаткаваную на іх утрыманне там. Гэта 0,5 базавай велічыні за кожныя суткі ў ІЧУ (ЦІП) і 2,5 базавай велічыні за ўтрыманне ў спецыялізаваным ізалятары.

Базавая стаўка з пачатку 2024 года складае 40 рублёў. Такім чынам, людзі пасля выхаду з Акрэсціна павінны заплаціць па 20 рублёў за кожныя суткі свайго арышту.

Глядзіце таксама