«Акрэсціна — сапраўдны канцлагер». Гісторыя былога палітвязня, на якога данесла дзяўчына

Даносы — на жаль, распаўсюджаная практыка ў наш час. Менавіта такім чынам адпомсціла Дзянісу Князеву яго былая дзяўчына: «здала» яго ГУБАЗіКу. З гэтага пачалася гісторыя здзекаў і катаванняў палітвязня.

Ізалятар на Акрэсціна. Фота «НЧ»

Ізалятар на Акрэсціна. Фота «НЧ»

36-гадовага мінчука Дзяніса Князева затрымлівалі за тры гады некалькі разоў у межах адміністрацыйных і крымінальнай спраў. Год таму яго былая дзяўчына скінула фотаздымкі мужчыны з акцый пратэсту ў чат-бот «ГУБОП», вынікам чаго сталі затрыманне, збіццё, пагрозы і абразы, тры месяцы пад вартай, суд, тры гады «хатняй хіміі» і 30 сутак нібыта за «парушэнне ўліку» ў крымінальна-выканаўчай інспекцыі, на якім ён нават не стаяў. Дзяніс за год паспеў пабываць у ізалятарах на Акрэсціна, Валадарскага і Скарыны. Мінчук нават напісаў вялікі аповед пра свае затрыманні (мабільная і кампутарная версія). «Вясна» расказвае гісторыю былога палітвязня.

«Раптам яны зламалі дзверы»

Дзяніса затрымалі ў межах крымінальнай справы пасля таго, як яго былая дзяўчына «зліла» яго 11 фотаздымкаў з акцый пратэсту ў чат-бот «ГУБОП». Да затрымання мужчына жыў з 11-гадовай дачкой у вёсцы пад Мінскам.

«Калі дачка гуляла ў цацкі, а я чытаў навіны і піў каву, ГУБАЗіК адправіў сваіх людзей (групу захопу), каб затрымаць нас. З раніцы я заўважыў некалькі людзей, якія ходзяць па праезнай частцы паблізу майго дома і ўглядаюцца ў нашы вокны. Таксама паблізу майго дома курсіравалі два таніраваныя мікрааўтобусы — іх я заўважыў, калі рабіў сабе каву. Ніякіх званкоў на нашы тэлефоны і стукаў у дзверы не было. Раптам яны зламалі дзверы. І ў дзіцячай мы ўбачылі каля 10 узброеных людзей з аўтаматамі і пісталетамі, у бронекамізэльках і са шчытамі. Яны ўдарылі мяне каля пяці-сямі разоў проста на вачах у майго дзіцяці. Затым яны мяне паднялі і паказалі іх смартфон з фотаздымкамі. На фотаздымках я ўбачыў сябе ў вопратцы, якую выкінуў каля двух гадоў таму, а таксама там я быў без барады. Таму я паспрабаваў схлусіць, што на фотаздымках не я, а нейкі іншы чалавек. Але яны ўдарылі мяне зноў тры-чатыры разы, а потым сказалі, што мая сужыцелька (мая былая дзяўчына) сказала, што на фотаздымках я. Тады я пагадзіўся. Больш не было сэнсу адмаўляцца, бо яны пачыналі злавацца. Я не хацеў, каб ГУБАЗ зламаў мне руку ці нагу проста таму, што я аказаў нейкі супраціў».

Пасля гэтага супрацоўнікі шукалі ў смартфоне і ноўтбуку фота Дзяніса з акцый пратэсту 2020 года.

«ГУБАЗ таксама цікавіўся, з кім я жыву. Я сказаў, што жыву адзін з дачкой, клапачуся пра яе. На што атрымаў абразу, што, маўляў, ці не педафіл я. Я не рэагаваў на іх бесчалавечныя напады, а проста спакойна тлумачыў, што не».

Калі Дзяніс расказаў, што на доме стаяць камеры відэаназірання, то сілавікі раптам пачалі апранаць свае маскі, каб схаваць твары. У выніку мужчыну з маленькай дачкой забралі з дому. Дзянісу апранулі кайданкі ззаду і сказалі зачыніць дом.

«Я быў у кайданках, успрыняў гэта як здзек, але вырашыў не звяртаць увагі — проста перадаў ключы дачцэ і папрасіў зачыніць дом яе. Далей мяне адвялі ў мікрааўтобус. А дачку пасадзілі асобна ў нейкую іншую машыну.


Глядзіце таксама

Каля мікрааўтобуса ГУБАЗ стаў вырашаць пытанне, у які прытулак везці маю дачку. Я на ўсе іх пытанні толькі казаў, што ў дачкі ёсць бабуля (мая мама), якая можа пра яе паклапаціцца. Мне нічога не адказалі — я так і застаўся ў невядомасці, куды адвязуць маю дачку».


Дзяніс Князеў. Фота з архіву героя. Крыніца: spring96.org

Дзяніс Князеў. Фота з архіву героя. Крыніца: spring96.org

«Мае ягадзіцы і абедзве нагі былі чорнымі з-за шматлікіх удараў»

Дзяніса і яго дачку прывезлі да будынку ГУБАЗіКа, каля якога іх чакала маці дзяўчынкі, але дзіця адбегла ад яе. Паводле мужчыны, у ГУБАЗіКу збівалі людзей — ён чуў крыкі, удары дубінкамі і трэскі электрашокера, калі яго вялі па калідоры. Затым збівалі і самога Дзяніса:

«З гісторый людзей я ведаў, што гаварыць, каб яны спынілі збіццё, але я паспеў атрымаць каля 20-ці ўдараў. Мае ягадзіцы і абедзве нагі балелі і былі чорнымі з-за шматлікіх удараў».

Супрацоўнікі ГУБАЗіКа хацелі запісаць з ім «пакаяльнае відэа», але гэта ў іх не атрымалася:

«Мужчына з ГУБАЗ патлумачыў мне, што цяпер са мной будуць запісваць "пакаяльнае відэа". І ён пачаў дыктаваць словы, якія я павінен быў сказаць. Мне словы не падабаліся, і я не хацеў запісваць відэа. Таму я часта спыняўся, запінаўся і стагнаў, шаптаў некаторыя словы, забываў іншыя словы і г. д. Мужчына спрабаваў запісваць відэа зноў і зноў. У рэшце рэшт ён здаўся, паклаў свой смартфон на стол, зрабіў некалькі хуткіх крокаў, каб разбегчыся, і ўдарыў мяне ў грудзі сваёй нагой. Я вылецеў з кабінета і амаль зламаў дзверы ў яго. Я па звычцы адразу ўстаў. Але той мужчына вельмі моцна раззлаваўся, што я не падпарадкоўваюся і што я хутка ўстаў. Ён сказаў, што мне было недастаткова. Ён хутка паклікаў іншага мужчыну з ГУБАЗ. І калі іншы мужчына трымаў мяне за руку, гэты з усяго размаху ўдарыў мяне кулаком у тое ж самае месца ў маіх грудзях. Я зноў вылецеў з кабінета і ўпаў. Але я вырашыў больш не ўставаць. Я зразумеў, што мне трэба стагнаць і цяжка дыхаць, каб прымусіць іх думаць, што я траўмаваны. І яны адразу ж спыніліся мяне збіваць».

З ГУБАЗіКа Дзяніса павезлі на складанне адміністрацыйнага пратаколу, але атрымалася гэта зрабіць толькі ў трэцім РУУСе, бо ў першых двух адмовіліся яго афармляць:

«Пасля таго, як супрацоўнік міліцыі пачуў, што маё месца нараджэння – Украіна, ён проста адсунуў пратакол і моўчкі выйшаў», — расказвае пра адзін з выпадкаў у міліцыі мужчына.

«Акрэсціна як сапраўдны канцэнтрацыйны лагер»

Пратакол за «хуліганства» паводле арт.19.1 КаАП склалі на Князева ў Савецкім РУУСе. Пасля ночы ў мясцовай камеры Дзяніса павезлі на Акрэсціна.

«Там мяне прымусілі цалкам распрануцца, папрысядаць, здзекаваліся з мяне і хіхікалі, што я такі збіты. Акрэсціна, на жаль, як сапраўдны канцэнтрацыйны лагер.

Мясцовыя зняволеныя — гэта сумленныя беларусы. Было вельмі цікава размаўляць адно з адным, слухаць гісторыі, абмяркоўваць магчымасці па працы і працоўныя моманты, продажу, прафесіі, вандроўкі і паездкі на адпачынак. Мы гулялі ў гульні на ўяўленне, гулялі ў словы, а таксама разгадвалі загадкі. Я атрымаў шмат кантактаў інтэлігентных і разумных людзей.

Мясцовыя супрацоўнікі — па вялікім рахунку, звычайныя міліцыянты, якія носяць маскі, каб схаваць свае твары. Гэтыя служачыя пастаянна папракаюць, асуджаюць і абражаюць людзей у камерах, яны грубіяняць і часта прамаўляюць жудасныя і зневажальныя словы пра тых, хто знаходзіцца ў камерах.


Глядзіце таксама

Кожны дзень раніцай і ўвечары праводзяцца праверкі. Падчас такіх праверак людзям трэба выйсці з іх "клетак" і ўстаць каля сцяны, шырока расставіўшы ногі. Служачыя часта ўдараюць людзей па нагах гумовымі дубінкамі без якіх-небудзь падстаў. Ім проста трэба, каб людзі пакутавалі і адчувалі боль кожны дзень.

Калі хтосьці пачынае страчваць сілы і заплюшчвае вочы на пару хвілін у камеры, а гэта заўважае непадалёк супрацоўнік, то ўсім людзям даводзіцца ўставаць, і так нас усіх прымушаюць стаяць палову дня».

«Я мог пакінуць суд і быць свабодным, але міліцыянт папрасіў застацца»

Дзяніс, як і астатнія зняволеныя, утрымліваўся без перадач, асабістых рэчаў, лекаў, пасцельнай бялізны, матрацаў і сродкаў асабістай гігіены. Іх не вадзілі на шпацыры і ў душ.

«Усе людзі проста сядзелі на падлозе з пастаянна уключаным святлом, якое не выключалася нават ноччу. У кожнай камеры ёсць рукамыйніца і кран з гарачай і халоднай вадой.

Таксама ў кожнай камеры ёсць дзірка ў падлозе з яшчэ адным кранам, якія працуюць у якасці туалета. Гэта ўсё выгоды, якія ёсць. Прасіць у камерах можна толькі мыла і туалетную паперу. Прасіць такое кожны дзень для нас было прыніжэннем».

Дзяніса перакідвалі ў розныя камеры. У нейкі момант ён аказаўся дзевятнаццатым у трохмясцовай.

«Калі прыйшоў час класціся спаць, адзін чалавек жартам стаў абурацца, маўляў, навошта ў Беларусі наогул купляць дарагое і якаснае адзенне, калі ўсё роўна табе давядзецца спаць у камеры на падлозе пад батарэяй. І ён дэманстратыўна зняў сваю цёплую прыгожую байку, разаслаў яе на падлозе і лёг, адначасова стукнуўшы рукой у радыятар ацяплення. Мы доўга смяяліся. Ноччу мы спалі па чарзе. Я спаў на адзінай прыложкавай тумбачцы, седзячы».

На трэція суткі пасля затрымання Дзяніса павезлі на суд:

Мяне і яшчэ чатырох чалавек запхалі, у прамым сэнсе слова, у белы міліцэйскі пазадарожнік, у маленькую камеру ззаду – яна была ўсяго на два месцы. І тое, удваіх там было ледзь змясціцца... Я ехаў стоячы. Было невыносна горача, з мяне цёк пот ручаямі, а ехалі мы досыць доўга. Але затое я змог хоць бы трохі паглядзець горад праз невялікае акенца ў гэтай клетцы ў машыне. Але неўзабаве яно запацела ад нашага дыхання, і я перастаў што-небудзь пазнаваць — усё расплывалася. Вентыляцыі аніякай не было. Цяжка было дыхаць.

«Калі нас выгрузілі, мяне паклікаў старшы міліцыянт і сказаў, што мяне ведае як добрага чалавека. Я звычайна дапамагаю школам, дзіцячым садкам і цэрквам паблізу майго дома. Ён паведаміў мне, што калі я не хачу месяцамі есці турэмную кашу на Акрэсціна, то мне трэба сказаць, што я лаяўся матам, размахваў рукамі і крычаў на вуліцы ў пэўным месцы ў пэўны час. Я так і зрабіў на судзе. Усе трое міліцыянтаў былі сведкамі на судовым пасяджэнні і давалі аднолькавыя хлуслівыя паказанні. Нікога не бянтэжыла тое, што на бліжэйшым пад'ездзе вісела відэакамера. А само месца затрымання знаходзілася ва ўнутрыдваровай тэрыторыі, па якой міліцыя ніколі не ездзіць. Хоць міліцыянты сцвярджалі, што яны там праязджалі міма па дарозе ў аддзяленне. Хлусня ад міліцыянтаў была такая відавочная, але суддзю гэта ніколькі не бянтэжыла. Я дадаў, што ў мяне маленькае дзіця на ўтрыманні і што я бацька-адзіночка. Суддзя звярнуў увагу на мае словы. Зрабіў перапынак і стаў камусьці паўгадзіны тэлефанаваць, з кімсьці лаяцца. І мяне не адправілі на Акрэсціна. Замест "сутак" я атрымаў штраф — суму ў амаль 1000 беларускіх рублёў (каля 500 долараў). Гэта мяне знервавала. Я мог пакінуць суд і быць свабодным, але міліцыянт папрасіў застацца па нейкай прычыне. Я не разумеў навошта».


Глядзіце таксама

«Супрацоўнікі паведамілі мне, што, маўляў, праз мяне мая дачка ўцякла ў нейкі лес»

Па Дзяніса прыехалі супрацоўнікі ГУБАЗіКа. Яны былі незадаволеныя тым, што мужчыну не арыштавалі і зноўку не адправілі на Акрэсціна. Таму цяпер Дзяніса Князева затрымалі ў межах крымінальнай справы.

«Па дарозе супрацоўнікі высвятлялі паміж сабой, да якога следчага мяне прывезці на афармленне з нагоды крымінальнай справы. Яны выбіралі чалавека, якому хутка на пенсію, які б выканаў усе іх планы і задумкі без лішніх пытанняў. Было бачна, што такім чынам яны падстаўляюць і шантажуюць іншых супрацоўнікаў у дзяржаўнай сістэме».

Мужчыну прывезлі да будынка цэнтральнага Следчага камітэта.

«Калі мы пад'ехалі, то супрацоўнікі ГУБАЗіКа паведамілі мне, што, маўляў, праз мяне мая дачка збегла і ўцякла ў нейкі лес. І што нейкія людзі шукалі яе ў лесе ажно два дні. Гэтая інфармацыя проста выбіла мяне з каляіны. Я адчуў, што губляю зямлю пад нагамі. Праца майго мозгу спынілася, вакол рэзка ўсё пацямнела і стала размытым. Хачу сказаць, што ўсе гэтыя папярэднія збіццё, ўдары, грубасць і цемрашальства я перанёс нармальна. Але гэтым разам я быў у жаху. Я ўвесь час уяўляў сабе маю маленькую дачку адну ў лесе, спрабуючы знайсці якую-небудзь сцежку, каб выбрацца з лесу».

«Губазікавец стаў душыць мяне за горла»

Дзяніса завялі ўнутр будынка Следчага камітэта з апушчанай долу галавой і рукамі за спінай. Там супрацоўнік ГУБАЗіКа яшчэ некалькі разоў ударыў мужчыну. У кабінеце яму давалі падпісваць дакументы, але зусім з іншымі артыкуламі — не па арт.342 Крымінальнага кодэкса.

«Я глядзеў на дакументы, але ГУБАЗ закрывалі ўсе дэталі сваімі рукамі. Яны ўсунулі мне ручку і пачалі прыспешваць падпісваць дакументы. Я толькі бачыў вобласці для подпісу. Я хутка зразумеў, што гэтыя дакументы ўтрымлівалі нейкія крымінальныя артыкулы. Гэтыя дакументы былі пра нешта іншае, не пра мой выпадак з фотаздымкамі. 


Глядзіце таксама

Раптам у маёй галаве як быццам бліснула маланка: я выхапіў усе дакументы і хутка парваў іх на часткі. У мужчын з ГУБАЗ здарыўся прыпадак лютасці. Яны пачалі крычаць і нападаць на мяне. Я спрабаваў ад іх адхіліцца. Затым яны накінуліся на мяне, я паваліўся на нейкія дзверы, якія расчыніліся, і я ўпаў на падлогу ў нейкім кабінеце, дзе вакол была куча сталоў са шматлікімі тэчкамі з дакументамі ў выглядзе гор на сталах. Губазікавец стаў душыць мяне за горла. Але ў кабінеце вакол аказалася куча следчых. І следчыя сталі крычаць на іх, каб тыя мяне адпусцілі. Жанчыны крычалі на іх: "Што вы робіце, сволачы?! Перастаньце яго душыць!" Мужчыны крычалі: "Што наогул адбываецца?! Прыбярыце ад яго свае рукі!" Затым нейкі старэнькі галоўны следчы папрасіў мяне сесці перад ім. І загадаў ГУБАЗ сесці ад мяне на дыстанцыі. Яны селі не занадта далёка ад мяне.

Старшы следчы спытаў мяне, чаму я такі напружаны, увесь на нервах, чаму ў мяне трасуцца рукі. Я расказаў яму тую гісторыю, якую супрацоўнікі ГУБАЗіКа расказалі мне пра маю дачку. Ён здзівіўся і спытаў у мяне, ці веру я ў гэтую гісторыю. Я задумаўся і пачаў аналізаваць: сказаў, што мая дачка вельмі маленькая, што яна была ў цэнтры нашага горада, што лясы знаходзяцца далёка за горадам... І, верагодна, што яна б проста не змагла дабрацца да якога-небудзь лесу наогул... Ён сказаў: "Правільна, калі ласка, не верце абсалютна ўсяму, што вам кажа ГУБАЗ". Я быў проста здзіўлены. І я заўважыў, як супрацоўнікі ГУБАЗ пачалі зноў злавацца».

«Супрацоўнікі гаварылі, што зробяць з мяне калеку»

Са Следчага камітэта ў ІЧУ на Акрэсціна Дзяніса павезлі тыя ж супрацоўнікі ГУБАЗіКа. З будынка мужчыну выводзілі з апушчанай галавой і рукамі за спінай.

«Па дарозе супрацоўнікі пачалі асуджаць і абражаць мяне. Яны сказалі, што пасля таго, як мая крымінальная справа падыдзе да канца, то яны дададуць астатнія мае фотаздымкі з пратэстаў (пазней я даведаўся, што ў крымінальнай справе яны дадалі толькі 6 фотаздымкаў з 11, якія ў іх былі). Супрацоўнікі гаварылі, што калі ўбачаць мяне на адной з вуліц, то моцна паб'юць, што зробяць з мяне калеку. Я пачаў пытацца ў іх, навошта яны схлусілі мне пра такія рэчы з маёй дачкой, навошта яны гэта ўсё робяць са мной ды іншымі людзьмі, навошта яны руйнуюць нармальнае жыццё людзей. Яны адмаўляліся адказваць. Яны сказалі мне, каб закрыў рот. І яны таксама сказалі, што за тое, што ад мяне было так шмат пытанняў да іх, то яны цяпер зламаюць мне пальцы. Я імгненна сціснуў пальцы ў кулакі. Мужчына з ГУБАЗіКа спрабаваў расціснуць мае кулакі, але я аказаўся мацней. Мы ўжо амаль былі каля Акрэсціна. Ён гэта ўсвядоміў і пачаў мяне абражаць. Ён таксама сказаў, што яны дададуць мне нейкую пазнаку на Акрэсціна, што, маўляў, я спрабаваў збегчы ад іх падчас паездкі. Я зразумеў, што гэта было свайго роду помстай з-за таго, што я пазбег сутак па адміністрацыйнай справ, і што яны не змаглі мне зламаць пальцы. І мы зноў заехалі на тэрыторыю Акрэсціна. Мне пашанцавала, шт»о гэта адбылося даволі хутка: калі б дарога была доўгай, то я б сапраўды прыехаў на Акрэсціна са зламанымі пальцамі. Я ўжо апісаў паўсядзённае стаўленне на Акрэсціна вышэй.

Сапраўды, праз такую метку ад ГУБАЗіКа ў супрацоўнікаў ІЧУ было прадузятае стаўленне да Дзяніса. На праверках яго ставілі «матыльком». Яму трэба было падысці да дзвярэй, дзе адчынялася маленькае акенца, і прасунуць рукі ў акенца, дзе міліцыянты апраналі яму кайданкі. Калі дзверы адчыняліся, Дзянісу трэба было выходзіць па-асабліваму: не проста галавой уніз, а амаль кранаючыся тварам падлогі. Ён таксама павінен быў стаць асаблівым чынам каля сцяны: галавой уніз, дакранацца сцяны галавой, а рукі ў кайданках мужчына мусіў быў за спінай выцягнуць уверх і таксама дакранацца імі сцяны.

«Гэта было перакуленае становішча. Як мне потым патлумачылі людзі, гэта была форма катаванняў пад назвай “матылёк”».

Дзяніса зноў змясцілі ў ізалятар на Акрэсціна — толькі ўжо ў межах крымінальнай справы. У аднамясцовым карцары ён быў дванаццатым.

Цалкам прачытаць гісторыю былога палітвязня можна тут.