Ягор Марціновіч: Я чакаў толькі аднаго — хутчэй дабрацца да Акрэсціна і выдыхнуць

Журналіст, экс-палітвязень у сваім Facebook узгадвае дзень свайго затрымання, распавядае, як супрацоўнікі ГУБАЗіКа атрымалі доступ да яго тэлефона і як гэтым супрацоўнікам вельмі і вельмі не хочацца працаваць.

380699591_6622044611182916_4749852535095756063_n.jpg

Дзень арышту, 8 ліпеня 2021 года — самы пачварны дзень у маім жыцці. Спадзяюся, горш ужо не будзе) Што тады адбывалася і як гэта адчувалася знутры, з кабіны пікіруючага самалёта?

Я памятаю сваю першую думку ў той дзень: «О, у дзверы ніхто не грукаў! Так, што ў нас сёння? Чацвер! Засталося пратрымацца пятніцу, а на выходных не арыштоўваюць. Змагу з’ездзіць у Бешанковіцкі і Гарадоцкі раёны, крута!» Прыблізна з такім пазітыўным настроем і выйшаў з кватэры — выгуляць Альму.

Каля суседняга пад’езда я перыферыйным позіркам заўважыў хлопца з чорнай павязкай на руцэ, які проста сядзеў на лавачцы. Я спачатку нават не зразумеў, што ў ім было дзіўнага. Ужо пасля да мяне дайшло — ён нічога не рабіў, нават не тыркаўся ў мабільніку, а проста сядзеў. Нячастая сітуацыя) Відаць, гэта і быў персанаж, які даў адмашку астатнім, што я іду. Калі я дайшоў да наступнага пад’езда, падкаціў бус, з якога на хаду павыскоквалі людзі ў чорным, выбілі з рук мабільнік і пацягнулі мяне за сабой. Людзі ў суседнім кафэ ў шоку паўскоквалі з крэслаў, але зразумела, што не маглі ніяк паўплываць на сітуацыю.

Тут ёсць важны момант. У тую секунду я адной рукой трымаў павадок з Альмай, а другой рабіў хады ў адной захапляльнай анлайн-гульні. Таму мабільнік у тую секунду быў разблакіраваны. Ім нават не трэба было выбіваць з мяне пароль, дастаткова не даць экрану пагаснуць — і можна тыркацца ў мабільніку бясконца. У мяне не было ў айфоне нічога забароненага ці кампраметавальнага, але ясна, што даваць пароль усё адно не хацелася б.

І цяпер другая важная акалічнасць. Мне не пашанцавала, што менавіта да мяне адправілі, скажам так, самую ўдарную групу ГУБАЗіКа. Можа, палічылі кіраўніком злачыннай арганізацыі, можа, яшчэ нешта, няважна. Пасля я даведаўся канкрэтыку пра гэтую групу захопу — гэта тыя, хто адзначаўся самымі брутальнымі затрыманнямі і прымяненнем спецсродкаў. Карацей, варыянт проста адмовіцца назваць пароль з імі не працаваў — іх папярэднія кліенты ўсё ж казалі неабходную інфармацыю, хай і пасля электрашокера. І менавіта гэтую штучку яны дасталі праз некалькі секунд, каб спытаць пароль у мяне. Прычым электрашокер пераводзілі ад мяне да Альмы і назад. Тут разумееш, што калі яны ўсё ж тыкнуць у сабаку, рэакцыя яго арганізма будзе непрадказальная. І што каму ты пасля дакажаш? Таму пароль ад мабільніка і пароль двухэтапнай аўтэнтыфікацыі Тэлеграма даволі хутка аказаліся ў іх.

Усё гэта адбывалася ў бусіку. Мы аб’ехалі дом і стаялі там, чакаючы далейшых інструкцый. Нехта пазваніў губазікаўцам і сказаў, каб менавіта мяне везлі на ператрус у рэдакцыю. Ну што, паехалі. Я на заднім крэсле з апушчанай галавой: «Не выглядвай, ***!». Альма пад нагамі. Гэта ўсё суправаджаецца адвольнымі тычкамі. Яно не тое што надзвычай балюча, але прыніжальна. Ты разумееш, што ўплываць на сітуацыю не можаш ніяк.

Губазікаўцы забралі ў мяне ключы ад рэдакцыі, самі адчынілі дзверы і пабеглі з шалёнымі крыкамі наперад. Мяне — здаецца, ужо ў кайданках — вялі з сабой, Альму пакінулі ў бусіку. На той момант у рэдакцыі былі Наташа Лубнеўская і Шура Піліповіч-Сушчыц. Дзяўчаты дэманстравалі максімальныя спакой і ўпэўненасць, не рэагавалі на хамскія жарцікі і пагрозы, хоць і не ведалі, ці ёсць нейкае рашэнне па іх — адпускаць ці забіраць на суткі. На шчасце, праз гадзіну-паўтары іх адпусцілі без ніякіх юрыдычных наступстваў, толькі забралі мабільнікі і ноўтбукі.

Падчас ператрусу губазікаўцы ўпершыню паказалі дакументы — усё гэта адбывалася ў рамках справы 293 (масавыя беспарадкі) ў адносінах да бухгалтаркі «НН» Вольгі Раковіч. А я, маўляў, проста выпадковы чалавек, які міма праходзіў. У мяне нават прамільгнула думка: можа, сапраўды пакінуць у сведках? Ага)

Я па-ранейшаму сядзеў у крэсле ў холе, дзяўчаты на суседніх крэслах, а да мяне падносілі знойдзеныя скарбы, каб спытаць, што гэта такое, і вырашыць, ці забіраць з сабой. Агулам губазікаўцы набралі штук 10-15 скрынак з нейкімі дакументамі, выбіраючы іх максімальна адвольна і хаатычна. Захапленне ў іх выклікалі артэфакты, знойдзеныя на сталах супрацоўнікаў. Нацыянальныя сцяжкі, лялька ў турэмнай робе… — нейкія такія дробязі, кожную з іх фоткалі, можа, спатрэбіцца для прапаганды. На дошцы на сцяне ў рэкламным аддзеле адзін з іх напісаў нешта накшталт «Наша Ніва. RIP» і з рогатам сфоткаў. Пасля ў памыйных каналах з’явіўся допіс пра тое, што нашаніўцы прадчувалі разгром і напісалі гэта самі.

Увогуле, ёсць парады псіхолагаў, што рабіць у «стромных» сітуацыях, і адна з іх — не правакаваць лішні раз агрэсара. Не супраціўляйцеся, пагаджайцеся, галоўнае, не злуйце яго. У прынцыпе, я неяк так і стараўся рабіць. Адзінае, што не рэагаваў на падказкі кшталту «по-русски, сука, говори!». Ну то-бок яны цябе ў гэты момант пхаюць, ты спрабуеш неяк нязграбна ўхіліцца, бо ў кайданках, пасля як неваляшка вяртаешся ў першасны выгляд, але ўсё ж не ўступаеш у дыскусію пра лёс беларускай мовы. Проста працягваеш адказваць па-беларуску.

Наступныя гады для мяне заставаліся дзве вонкавыя прыкметы таго, што я ўнутрана застаюся свабодным чалавекам. Калі магу размаўляць па-беларуску, нягледзячы ні на што, і калі магу не стрыгчыся налыса. Прычоска адвалілася праз год, калі ехаў у калонію. Беларуская мова засталася са мной.

Глядзіце таксама

Ладна, гэта лірыка, вяртаемся да ператрусу.

На тумбачцы губазікаўцы заўважылі бюст заснавальніка «Нашай Нівы» Івана Луцкевіча. Калега па прыколе прычапіў яму на галаву байцоўскі шлем. І вось калі мы ўжо сабраліся на выхад пасля ператрусу, самы агрэсіўны з губазікаўцаў прыдумаў прыкол. Прымерыў мне гэты шлем і з размаху заляпіў па галаве. Ну што ў такой сітуацыі адказваеш? Нешта накшталт «што вы робіце?» ці «за што?». Пасля першага ўдару я не ўпаў, таму ён паўтарыў яшчэ раз. Тут я палічыў за лепшае заваліцца, чым выклікаў яго непасрэдную радасць. Іншыя губазікаўцы зашыкалі на яго, маўляў, не перастарайся, але ён проста свяціўся ад шчасця. Калі ўжо выходзілі, адзін з іх на секунду вярнуўся і з захапленнем швырнуў бюст Луцкевіча на падлогу.

Для іх усіх было вельмі цікава паралельна чытаць незалежныя тэлеграм-каналы. «Ха-ха, усе шукаюць толькі твайго сабаку, а на цябе ўсім похер, цябе ўжо ўсе забылі!». Ну ок, слухаю гэтых стэндапераў і не адказваю.

А, каробкі з канфіскаванымі дакументамі ў бус я цягнуў сам. Нават знялі кайданкі, здаецца. «Ты чо, думаў, мы за цябе пацягнем? Давай нясі, ***!»

Наступны прыпынак — ператрус дома. На той момант гэта быў трэці ператрус у кватэры за год. Кожная брыгада нешта выносіць, таму губазікаўцам і забіраць не было чаго — ужо ні флэшак, ні дыскаў, усё даўно ў Следчым камітэце. Але гэты ператрус адрозніваўся ад ранейшых па сваёй, скажам так, танальнасці. Папярэднія разы яго праводзілі ўпраўленне ўласнай бяспекі МУС і нехта па замове ДФР, і тыя, і другія з нейкім намёкам на законнасць. А тут губазікаўцы, без ніякіх унутраных стопаў і нават без імітавання працэдуры. Нават зайсці ў пакой, дзе ідзе ператрус, мне было складана — можна атрымаць удар і падказку «*** адсюль, ***!». Любая заўвага выклікала толькі дадатковую агрэсію.

Урэшце мяне вывелі з кватэры і павезлі ў СК. Яшчэ па дарозе самы агрэсіўны з іх паведаміў мне: «Так, сёння ты не даеш паказанняў. Што будзеш рабіць пасля — мне похер, а сёння не даеш!» Тут я падзавіс. Увогуле гэта быў мой план — не даваць паказанняў. І тут нашыя інтарэсы падазрона сышліся. «Ясна, ***?» Ну ок, не даю, выключна з павагі да вас.

Пасля высветлілася, у чым была логіка губазікаўца. Яны маюць заданне на дзень — арыштаваць мяне і закінуць на Акрэсціна. У колькі адвезлі, у столькі працоўны дзень і скончыўся. А калі я буду раздаваць інтэрв’ю ў стылі Пратасевіча, то ім давядзецца доўга мяне чакаць. Лепш пабухаць жа, а не сядзець у СК да ночы.

Любы следчы — гэта ўсё ж хоць нейкі прамень адэкватнасці ў параўнанні з губазікаўцамі. Таму я папрасіў у яго выклікаць хуткую дапамогу. Пасля ўдараў балела галава, і гэта была апошняя магчымасць убачыцца з цывільнымі медыкамі. Бо хто цябе палечыць на Акрэсціна? Плюс калі сапраўды ёсць нейкія праблемы са здароўем, можна ехаць у бальніцу на абследаванне. Урэшце ўсё адно адправяць на Акрэсціна, але павязуць звычайныя міліцыянеры, а не губазікаўцы.

Але выявілася, што не ўсё так проста. Губазікаўцы патлумачылі і мне, і медыкам, што калі трэба ехаць у бальніцу, то ок, можна ехаць. Але ў машыне з губазікаўцамі. І тады, маўляў, я пашкадую пра сваё рашэнне паскардзіцца на іх і затрымаць на палову вечара. І так, з бальніцы на Акрэсціна павязуць мяне таксама яны самі, прычым адназначна сёння — такі загад.

Глядзіце таксама

У выніку я падпісаў паперу, што адмаўляюся ад шпіталізацыі. Ці правільным было рашэнне? Я не ведаю. Можа, губазікаўцы бралі на понт і сапраўды ўдалося б адчапіцца ад іх. Ужо не праверыш. Допыт скончыўся амаль адразу (ніякіх паказанняў, натуральна, я даваць не збіраўся), і мы рушылі на Акрэсціна. Спачатку паўгадзіны пастаялі ў двары СК, і было відаць, што губазікаўцы сапраўды трохі перапалохаліся за маё здароўе. Некаму званілі, адвялі ў цянёк, пасадзілі на бардзюр — маўляў, не стой на нагах, бо дрэнна выглядаеш. Ну, іх клопату хапіла ненадоўга.

У легкавік селі ўпяцярых. Я на задніх крэслах па цэнтры, падціснуўшы галаву да каленяў і трымаючы рукі за патыліцай, яны вакол мяне. На Плошчы Перамогі аўто губазікаўцаў падрэзала нейкую іншую машыну, і той кіроўца паказаў нейкі жэст незадаволенасці. Мой самы агрэсіўны суправаджаючы пачаў раўці: «Тарань, ***, я яго завалю!» Таму кіроўцу ўдалося некуды збочыць, і ўвага пераключылася на мяне.

«За каго галасаваў?» — і ўдар. Мой адказ «няправільны», таму зноў удар. «А хто прэзідэнт?» — цяпер мой адказ нібыта правільны з іх пункту гледжання, але ўсё адно ўдар. Пасля яны сталі раўці на ўвесь салон: «Верым-можам-пераможам!», «Света — прэзідэнт!» і яшчэ нешта. Лічылі, што гэта вельмі смешна, а ад мяне патрабавалася гучна скандзіраваць разам з імі. Здаецца, пасля яшчэ хорам спявалі гімн, але ўсё гэта перамяшалася ў галаве.

Я чакаў толькі аднаго — хутчэй дабрацца да Акрэсціна і выдыхнуць. На развітанне мяне сфоткалі па пояс, пасля гэтую фотку паказалі ў «Панараме» — зірніце, жывы-здаровы.

Дзень, які падаваўся бясконцым, нарэшце сканчваўся. Наступныя два гады былі такімі ж несвабоднымі, але хаця б з фізічным гвалтам я больш не сутыкаўся.