«Працэс Гараўскага мае гістарычнае значэнне». Працяг суда над былым байцом САХР у Швейцарыі
У Швейцарыі 20 верасня працягнуўся суд над Юрыем Гараўскім, які, папрасіўшы прытулак у гэтай краіне, прызнаўся ў датычнасці да выкрадання і забойства апазіцыйных палітыкаў канца 1990-х гадоў: былога міністра МУС Юрыя Захаранкі, старшыні ЦВК Віктара Ганчара і бізнесоўца Анатоля Красоўскага. За працэсам у зале суда сочыць карэспандэнт «НЧ» Вольга Класкоўская.
Судовае пасяджэнне скончана. Суддзя паведаміў, што вердыкт будзе на наступным тыдні ў пісьмовай форме — асобнага пасяджэння дзеля агалошвання прысуду не будзе. Што важна: матывацыйная частка з тлумачэннямі таксама адразу не будзе апублікавана. Юрысты-эксперты, да якіх «НЧ» звярнуўся па каментар, адзначылі, што гэта не з'яўляецца тыповай практыкай для швейцарскага правасуддзя.
Пасля працэсу мы звярнуліся па каментар да Олафа Хумбеля — суддзі па справе Гараўскага. На жаль, ад каментара ён адмовіўся.
11:58 З апошнім словам выступае сам Юрый Гараўскі.
— Паважаны суд, — звярнуўся Гараўскі да суддзі, — вы зараз будзеце прымаць рашэнне. Калі вы вынесеце суровае рашэнне, больш ніхто ў свеце не будзе паведамляць пра злачынствы ўлады.
Я прашу прабачэння ў блізкіх і сваякоў загінулых, разлічваю на справядлівае пакаранне швейцарскага суда.
11:49 Слова пераходзіць да абаронцы Гараўскага. Яна настойвае, што тэрмін даўнасці мінуў.
11:30 Слова ўзяў прадстаўнік Алены Захаранка і Валерыі Красоўскай Севярын Вальц. Гараўскі моршчыцца ад болю, устае, сціскае рукі ў кулакі.
Севярын Вальц лічыць, што Гараўскі віноўны ў гвалтоўных знікненнях і што тэрмін іскавай даўнасці па гэтай справе не прайшоў, бо ў 2001 годзе гэта былі ўрыўкі інфармацыі, чуткі, а кейс Гараўскага — тут і цяпер.
11:10. Працэс аднавіўся. Слова ўзяў пракурор Петэр Хангартнер.
Ён паўтарыў тое, што казаў учора: лічыць Гараўскага віноўным і мяркуе, што ў таго няма падстаў хлусіць пра свой удзел у злачынствах беларускіх спецслужбаў супраць апазіцыйных палітыкаў.
*****
Падчас перапынку Алена Захаранка распавяла «Новаму Часу», што чакала гэтага працэсу 24 гады. І ёй вельмі цяжка тут знаходзіцца, але яна мусіць тут быць, гэта яе маральны абавязак перад татам, перад іншымі сем'ямі і перад усімі людзьмі, якія пакутуюць у Беларусі.
«Ведаю, што ён удзельнічаў у выкраданнях і забойствах — гэта маё суб'ектыўнае меркаванне. Насупраць мяне сядзіць чалавек, які бачыў апошнія хвіліны майго таты. Гэта цяжка вытрымаць любому чалавеку, нават таму, хто не мае дачынення да гэтага працэсу. Так, цяжка, так, балюча, але я павінна прайсці гэты шлях, грамадства павінна ведаць пра зверствы, якія адбываюцца ў Беларусі, якая рэпрэсіўная машына існуе. Праз 24 гады мне прадставілася такая магчымасць, і мы дойдзем да канца і зробім усё магчымае, каб паўплываць на тое, што цяпер адбываецца ў маёй краіне», — сказала Алена Захаранка.
Ад рэдакцыі: падчас прамовы Алены раптам пачалі біць званы. Гэта быў моцны эмацыйны момант і вельмі сімвалічны.
Карэспандэнт «НЧ» папрасіла выказаць сваё меркаванне пра працэс адвакатку Гараўскага.
Яна адмовілася, але дадала, што, магчыма, дасць каментар пасля абвяшчэння прысуду.
*****
У судзе абвешчаны 15-хвілінны перапынак.
10:55 Адвакатка дадае, што, на яе думку, Гараўскі не можа быць высланы ў Беларусь, паколькі яго жыццё знаходзіцца ў небяспецы. Абаронца гаворыць таксама, што Гараўскі працуе ў Швейцарыі, ён не крымінальнік, жадае жыць у Швейцарыі ў спакоі і не мае кантакту з яго былымі сябрамі са спецслужбаў.
10:40 Абаронца Гараўскага сцвярджае, што Гараўскі «ўсяго толькі быў салдатам, які выконваў загад», і што яе падсудны не ведаў пра забойствы, што плануюцца, і не меў намеру кагосьці забіваць.
Гараўскі, слухаючы гэта, трымае рукі за спінай і сціскае правую ў кулак.
У судовай зале прысутнічаюць Алена Захаранка і Валерыя Красоўская, дочкі забітых апазіцыйных лідараў. Абедзве апранутыя ў чорнае.
Яны сядзяць за спінай Гараўскага.
10:35 Юрый Гараўскі заўважна нервуецца. Трымае рукі за спінай і перабірае пальцамі.
Увогуле, варта зазначыць, што паводзіны Гараўскага істотна змяніліся з моманту пачатку працэсу.
У першыя гадзіны ўчорашняга пасяджэння ён выглядаў падаўленым, знясіленым, прамаўляў ціха.
Калі суддзя пачаў задаваць «нязручныя пытанні», на якія экс-баец САХРа адмаўляўся адказваць, і казаў пра супярэчнасці ў паказаннях падсуднага, Гараўскі ўзвышаў голас, нерваваўся, абураўся і часам адказваў суддзі, паказваючы на таго пальцам.
У такім раз'юшаным, раздражнёным стане Гараўскі і пакінуў учора судовую залу.
10:10 Выступае адвакатка Юрыя Гараўскага. Яна заявіла аб поўнай невіноўнасці Гараўскага, прызнаючы пры гэтым, што той удзельнічаў у выкраданні апазіцыйных палітыкаў. Адвакатка мяркуе, што Гараўскага нельга прызнаць вінаватым, паколькі «мінуў тэрмін іскавай даўнасці». Паводле абаронцы Гараўскага, інфармацыя пра выкраданні і забойствы Захаранкі, Ганчара і Красоўскага была апублічана рознымі крыніцамі, у тым ліку еўрапейскімі структурамі, яшчэ ў 2001 годзе.
Пачынаем анлайн з другога дня судовага пасяджэнння.
09:55 Юрыя Гараўскага пад аховай прывезлі ў суд. Ён хавае твар, вельмі хутка забягае ў будынак.
*****
Нагадаем, у першы дзень пасяджэння пракурор Петэр Хангартнер заявіў, што ў судзе прадстаўлена дастаткова доказаў вінаватасці Гараўскага ў гвалтоўным выкраданні апазіцыйных беларускіх палітыкаў, і папрасіў суд пакараць яго трыма гадамі зняволення, два з якіх — умоўна.
Прадстаўнік сем'яў забітых беларускіх апазіцыянераў падтрымаў пазіцыю пракурора ў частцы вінаватасці Гараўскага. Паводле яго, Гараўскі мусіць выплаціць сваякам забітых па 200 тысяч швейцарскіх франкаў у якасці кампенсацыі, а таксама па 5% ад гэтай сумы за кожны год з моманту знікнення іх родных — з 1999 года.
Адметнасць гэтай справы ў тым, што ўпершыню падзеі ў Беларусі разглядаюць у рамках іншай — універсальнай — юрысдыкцыі. «У выніку разгляду справы Гараўскага, калі злачынствы будуць зафіксаваны юрыдычна, рэжым Лукашэнкі з ягонымі шкілетамі ў шафе можа аказацца ў яшчэ болей жорсткіх абцугах», — падсумавала першы дзень суда наш карэспандэнт Вольга Класкоўская.
Праваабаронца «Вясны» Павел Сапелка падзяліўся з «Новым Часам» сваімі думкамі аб гучным працэсе над Гараўскім.
— Гэты працэс вельмі важны для Беларусі і беларусаў. Гэта ўвогуле адна з першых спроб у свеце праводзіць крымінальнае разбіральніцтва ў адносінах да людзей, якія ажыццявілі злачынствы не на тэрыторыі краіны, якая разглядае справу, шляхам універсальнай юрысдыкцыі, — гаворыць вядомы юрыст.
Паводле эксперта, гэта першы выпадак, калі гутарка ідзе пра судовае слуханне аб палітычных злачынствах, здзейсненых на тэрыторыі Беларусі.
— Гэта таксама і сур'ёзны ўрок для ўсіх тых, хто займаецца гэтым працэсам. Вымагае вялікіх высілкаў падрыхтоўка па-сапраўднаму пераканаўчых доказаў, збор фактаў і іншай інфармацыі для таго, каб такая справа разглядалася ў судзе. Працэс Гараўскага мае без перабольшвання гістарычнае значэнне, — падсумоўвае Павел Сапелка.