У Швейцарыі судзяць Юрыя Гараўскага, які прызнаўся ў датычнасці да «эскадронаў смерці» (першы дзень)

Гэта першы працэс, калі падзеі ў Беларусі разглядаюць у рамках іншай — універсальнай — юрысдыкцыі. Гараўскі, папрасіўшы прытулак у Швейцарыі, прызнаўся ў датычнасці да выкрадання і забойства апазіцыйных палітыкаў канца 1990-х гадоў: былога міністра МУС Юрыя Захаранкі, былога старшыні ЦВК Віктара Ганчара і бізнесоўца Анатоля Красоўскага.

a53c3e97_86e6_4af8_9c4a_c426a9878d06_cx0_cy5_cw0_w1200_r1.jpg

Карэспандэнтка «НЧ» Вольга Класкоўская, якая правяла ўвесь дзень у швейцарскім судзе, падсумоўвае вынікі працэсу:

— Калі тое, што гаворыць Гараўскі, праўда, у важных персон беларускага рэжыму, ягоных сілавікоў падставаў спаць спакойна становіцца ўсё меней.

Разам з тым у шэрагу прысутных складваецца ўражанне, што гэты чалавек імкнецца сябе выгарадзіць, штосьці недагаворвае. З аднаго боку, Гараўскі нібыта і прызнае свой удзел у выкраданні апазіцыйных палітыкаў, называе імёны заказчыкаў і ўдзельнікаў палітычных забойстваў, і просіць прабачэння ў сваякоў забітых, і гаворыць, што яго мэта — распавесці праўду пра злачынствы лукашэнкаўскага рэжыму на ўвесь свет, разам з тым, з цяжкасцю верыцца, што былы баец САХРа шчыра раскайваецца ў тым, што зрабіў.

Гараўскі заяўляе, што разумеў яшчэ ў 1999 годзе, што ўдзельнічае ў цяжкім злачынстве, і разам з тым апавядае, што пасля 2003 года працягваў час ад часу сустракацца з Паўлічэнкам і іншымі саслужыўцамі.

Але суд на тое і суд, каб расставіць кропкі над «і». Швейцарскае правасуддзе мае такую ж моцную рэпутацыю, як тамтэйшыя банкі і гадзіннікі. У выніку разгляду справы Гараўскага, калі злачынствы будуць зафіксаваны юрыдычна, рэжым Лукашэнкі з ягонымі шкілетамі ў шафе можа аказацца ў яшчэ болей жорсткіх абцугах.

17.50. Прамовай прадстаўніка сем'яў забітых сённяшняе пасяджэнне скончана. Суд працягнецца заўтра а 9-й ранку па швейцарскім часе.

17.45. Прадстаўнік сем'яў забітых беларускіх апазіцыянераў у сваёй прамове падтрымаў пазіцыю пракурора ў частцы вінаватасці Гараўскага, і лічыць, што Гараўскі мусіць выплаціць сваякам забітых па 200 тысяч швейцарскіх франкаў у якасці кампенсацыі, а таксама па 5% гэтай сумы за кожны год з моманту знікнення іх родных — з 1999 года.

photo_2023_09_19_20_37_16_logo.jpg

16.40. Пракурор лічыць, што ў судзе прадстаўлена дастаткова доказаў вінаватасці Гараўскага ў гвалтоўным выкраданні апазіцыйных беларускіх палітыкаў і просіць суд пакараць яго трыма гадамі зняволення, два з якіх — умоўна.

На думку пракурора,   Гараўскі не можа быць экстрадаваны ў Беларусь.

За пракурорам выступае прадстаўнік сем'яў зніклых. Гараўскі зноў уздымаецца з крэсла, моршчыцца ад болю, слухае прадстаўніка стоячы.

16.05. Пракурор кажа пра супярэчнасці ў паказаннях Гараўскага.

Гараўскі не можа сядзець працяглы час праз боль у сцягны, ён узнімаецца і слухае выступ пракурора стоячы.

На ілбе Гараўскага бачны вялікі шнар. Да таго, як суд аб'явіў абедзенны перапынак, Гараўскі заявіў, што ў яго ў галаве стаіць пласціна, таму шмат якія рэчы ён можа не памятаць. Па словах падсуднага, «я магу размаўляць з чалавекам, а праз тры хвіліны забыць, як яго завуць, хоць і ведаю яго пятнаццаць гадоў».

Са сваякамі забітых апазіцыянераў (Аленай Захаранка і Валерыяй Красоўскай, якая таксама прысутнічае на працэсе) Гараўскі ніякім чынам не камунікуе, нават вачыма.

15.40. Перапынак скончыўся. Выступае пракурор.

14.30. У судзе абвешчаны перапынак.

Юрый Гараўскі пад аховай швейцарскай паліцыі ў перапынку судовага пасяджэння

Юрый Гараўскі пад аховай швейцарскай паліцыі ў перапынку судовага пасяджэння

Юрый Гараўскі пад аховай швейцарскай паліцыі ў перапынку судовага пасяджэння

Юрый Гараўскі пад аховай швейцарскай паліцыі ў перапынку судовага пасяджэння

14.18. Выступае прадстаўнік сем'яў зніклых. Гараўскі не хоча адказваць на яго пытанні. 

— Якія ў вас цяпер дакументы, на якіх правах вы знаходзіцеся ў Швейцарыі? — пытаецца прадстаўнік родзічаў зніклых.

— А якая розніца, гэта не мае дачынення да справы. Я знаходжуся ў Швейцарыі на законных падставах, — адказвае Гараўскі.

— За час пасяджэння вы некалькі разоў адключалі мікрафон. Навошта вы гэта рабілі? — пытаецца прадстаўнік родных.

Гараўскі губляецца і перапытвае: «А я хіба яго выключаў? Гэта было выпадкова, прабачце».

Прадстаўнік сем'яў зніклых дадае: «Гэта было заўсёды, калі гутарка заходзіла пра Смірнова...»

Гараўскі выходзіць з сябе і кажа: «Я не буду адказваць на гэтае пытанне».

14.03. Пачынаецца допыт Гараўскага пракурорам. Той адразу пераходзіць да супярэчнасцей у ранейшых паказаннях экс-байца САХР і яго сённяшніх судовых паказаннях.

— Вы самі раней сказалі, што дасталі з машыны пісталет і далі Паўлічэнку?

— Паўлічэнка дастаў пісталет з машыны, і я гэта бачыў, — з раздражненнем адрэзаў Гараўскі.

Пракурор настойвае, што падсудны раней тры разы казаў аб тым, што сам браў пісталет і перадаваў Паўлічэнку.

Гараўскі выходзіць з раўнавагі і вельмі гучна вымаўляе: «Былі няправільна сфармуляваны пытанні. Калі ласка, правільна фармулюйце свае пытанні».

І працягвае настойваць на тым, што расстрэльны пісталет Паўлічэнку не даваў.

13.55. Гараўскі заявіў:

— Перш за ўсё я прыношу прабачэнні родным. Я глыбока шкадую аб сваім саўдзеле ў гэтым. Спадзяюся, сваякі прымуць мае прабачэнні.

За спінай Гараўскага ў судовай зале сядзіць дачка Юрыя Захаранкі — Алена. Але, зачытваючы з паперы гэтыя словы прабачэння, Гараўскі працягваў сядзець да яе спінай і нават не павярнуўся.

13.50. Гараўскі вельмі часта ўступае з суддзёй у спрэчкі, часта выкарыстоўвае выраз «гэта быў няправільны пераклад».

— Якое пакаранне вы для сябе бачыце? — пытаецца суддзя.

Гараўскі адказвае, што не можа дыктаваць суду. «Вы ведаеце законы Швейцарыі і вам вырашаць», — сказаў Гараўскі

— Міграцыйная служба не паверыла вашай гісторыі. Вам адмовілі ў прытулку. Што вы цяпер збіраецеся рабіць? — удакладняе суддзя.

— Я не ведаю, у наступным годзе сканчаецца тэрмін пашпарта, і дыктатар Лукашэнка забараніў працягваць пашпарт за мяжой, — распавядае Гараўскі.

Суддзя запытваецца, хто можа пацвердзіць, што Гараўскі не знаходзіцца на службе ў органах разведкі.

— Не ведаю, хто гэта можа пацвердзіць, — кажа падсудны. — Але каля я застануся ў Швейцарыі, я буду працаваць, плаціць падаткі і быць законапаслухмяным грамадзянінам.

13.34. У падсуднага ўдакладняюць, ці адчуваў ён сябе ў небяспецы, калі ўжо знаходзіўся ў Швейцарыі?

Гараўскі гаворыць, што пасля таго, як «Дойчэ Вэле» выпусціла пра яго фільм, ён пачаў баяцца за сваё жыццё.

Навошта вы тады зняліся ў гэтым фільме, вы такім чынам спрабавалі ціснуць на міграцыйныя службы? — пытаецца суддзя.

— Я хацеў данесці праўду, нягледзячы на пагрозу ўласнаму жыццю. Я згубіў абсалютна ўсё, — кажа Гараўскі.

13.31. Суддзя цікавіцца, як і чаму Гараўскі аказаўся ў Швейцарыі. Падсудны пазбягае прамога адказу, кажа, «мне сказалі, што адвязуць у Еўропу».

— Хто сказаў? — удакладняе суддзя.

— Мой куратар, — ціха адказвае Гараўскі і выключае мікрафон.

Суддзя зноў вяртаецца да прозвішча Смірнова. «Смірноў цяпер — генерал КДБ, паводле вашых слоў, і ён вам дапамог, таму што вы сказалі, што калісьці яму таксама дапамаглі?»

Гараўскі адмаўляецца адказваць на пытанне: «Адкуль увогуле ў вас гэтая інфармацыя?»

«З вашых паказанняў», — адказвае суддзя.

13.20. Юрый Гараўскі абвінаваціў Паўлічэнку ў спробе яго, Гараўскага, забойства ў 2008 годзе. Пры гэтым суддзя згадаў яго іншыя словы.

— Вы сказалі «Дойчэ Вэле», што Паўлічэнка забяспечваў вас медыкаментамі, калі вы знаходзіліся ў шпіталі пасля аварыі, гэта праўда? — запытваецца суддзя.

Гараўскі адказвае неахвотна, унікаючы прамога адказу. Урэшце вымаўляе: «У яго было сваё жыццё, у мяне сваё».

Пры гэтым Гараўскі даволі гучна прамовіў:

— У мяне ў Беларусі засталіся дакументы аб удзеле Паўлічэнкі, Лукашэнкі, Сівакова і Шэймана ў злачынствах супраць Беларусі.

Суддзя ўдакладняе:

— Дзе знаходзяцца гэтыя дакументы?

— У Беларусі. Я не змог іх вывезці, — адказвае Гараўскі.

13.00. Суддзя пытаецца ў Гараўскага пра яго крымінальнае мінулае, ці праўда, што ён быў асуджаны за вымагальніцтвы і выйшаў датэрмінова за «добрыя паводзіны». Гараўскі ківае галавой.

— Ці азначае гэта, што вы не нейкі агент САХР, а звычайны крымінальнік? — удакладняе суддзя.

— У мяне няма адказу, — гаворыць Гараўскі.

Д«ойчэ Вэле» з мяне зрабіла кілера, — працягвае Гараўскі. — Дзякуй. Я нікога не забіваў. Іншыя людзі забівалі, чаму я мушу несці за гэта адказнасць? — вельмі эмацыйна прамаўляе Гараўскі.

— Я хачу данесці да ўсіх, што ў Беларусі страшная дыктатура, якая забівае людзей, — зазначыў ён і дадаў, што Паўлічэнка ў свой час быў вызвалены асабіста дыктатарам Лукашэнкам.

Менавіта «Нямецкай хвалі» («Дойчэ Вэле») Гараўскі распавёў у 2019-м годзе сваю гісторыю пра саўдзел у выкраданні Ганчара, Красоўскага і Захаранкі. З гэтай публікацыі і пачаліся юрыдычныя дзеянні.

12.40. На пытанні суддзі Гараўскі адказвае вельмі раздражнёна.

Суддзя ўдакладняе ў Гараўскага пра плямы крыві, што былі выяўлены на месцы гвалтоўнага выкрадання Ганчара і Красоўскага, пытаецца, што гэта за плямы.

Гараўскі кажа, што гэта плямы крыві Ганчара, падкрэслівае, што спецыяльна разбіў пераносіцу Ганчару, каб на месцы засталіся плямы крыві, каб пачалося расследаванне, «бо я ўжо тады асэнсоўваў, што гэта злачынства».

Суддзя кажа, што «гэта вельмі жорстка». «Вы ўсё правільна сказалі, — адказвае Гараўскі. — Але ў шмат якіх краінах пры затрыманні чалавека кладуць на зямлю, каб надзець яму кайданкі».

Прысутныя ў зале на гэтую рэпліку Гараўскага адрэагавалі з абурэннем.

12.26. «Паўлічэнка сабраў усіх раніцай і сказаў, што едзем затрымліваць аднаго ці двух чалавек. Запытаўся: усе гатовы? Мы адказалі: так.

Мы пад'ехалі да саўны, сядзелі ў двух машынах. Паўлічэнка мне і Уладзіміру Буцько сказаў прайсціся і паглядзець, дзе і як мы будзем ажыццяўляць затрыманне.

Я і Панкоў дасталі з машыны Ганчара, паклалі на зямлю. Пры разбіцці шкла я ўжо асэнсоўваў усю цяжкасць злачынства. Я спецыяльна разбіў яму нос (Ганчару — ВК), каб пайшла кроў.

Буцько і Барадач затрымалі Красоўскага. Пасля гэтага ў машыну сеў кіроўца, машына — джып чорнага колеру.

Мы паехалі ў бок Бягомля.

Па дарозе, калі мы выехалі на кальцавую, спыніліся на паркоўцы, Паўлічэнка выйшаў з машыны, праз пяць хвілін падышоў і зазірнуў у машыну іншы мужчына. Ён загадаў: узніміце галовы. І я пачуў адказ гэтага мужчыны: так, гэта ён.

Паўлічэнка сеў у машыну і мы паехалі ў Бягомль.

У Бягомлі Паўлічэнка сказаў дастаць іх з машыны і пакласці побач. Пасля гэтага ён падышоў і стрэліў у спіну абодвум, па два стрэлы зрабіў.

Пасля хвілін праз 5-10 сказаў распранаць іх, і калі я распранаў Ганчара, то ўбачыў, што ў яго на левай назе няма вялікага пальца.

Я запусціў руку ў туфлю і дастаў спецыяльную вусцілку. Мы склалі ўсе рэчы ў адну кучу, прыйшоў Балынін і забраў усе рэчы».

Гараўскі сцвярджае, што целы Ганчара і Красоўскага ўдзельнікі «эскадрона смерці» пасля закапалі, а рэчы спалілі, апроч абутку. «Бо ён доўга гарыць», — сказаў Паўлічэнка.

Гараўскі адмаўляецца ад папярэдніх сведчанняў, што пісталет быў у яго. Кажа суддзі, што гэта вынік «кепскага перакладу».

12.14. Працэс аднавіўся. Гараўскі падрабязна распавядае пра забойствы Ганчара і Красоўскага.

Юрый Гараўскі пад шчыльнай аховай швейцарскіх паліцэйскіх — спінай да камеры ў сіняй байцы з капюшонам.

Юрый Гараўскі пад шчыльнай аховай швейцарскіх паліцэйскіх — спінай да камеры ў сіняй байцы з капюшонам.

11.40. У судзе абвешчаны перапынак на 15 хвілін.

11.18 Суддзя: 

— Пісталет, якім быў застрэлены Захаранка, ім праводзяцца ў Беларусі расстрэлы?

— Так.

— Адкуль вы ведаеце? Вы ўжо трымалі яго ў руках?

Гараўскі пасля паўзы:

— Трымаў падобны.

— Калі вам стала зразумела, што Захаранку збіраюцца забіць?

 — Калі Паўлічэнка стрэліў у яго.

11.13. Адбылася невялікая спрэчка паміж суддзёй і Гараўскім. Падсудны ўзвышае голас, часам пераходзіць з рускай на нямецкую. Прычына спрэчкі — Гараўскі адмаўляе паказанні, якія ён, паводле суддзі, даваў швейцарскай міграцыйнай службе. Суддзя кажа, што ён усё зачытвае з паперы міграцыйнай службы. Запытваецца ў Гараўскага, чаму той адмаўляе, што «вашай задачай было распрацаваць сістэму ліквідацыі людзей».

Гараўскі адказвае, што ён «не ліквідаваў людзей, а затрымліваў».

Цяпер Гараўскі падрабязна распавядае пра выкраданне і забойства Юрыя Захаранкі: «Калі, па загадзе Паўлічэнкі, мы паклалі Захаранку ў багажнік, я ўжо тады хацеў з'ехаць».

— Ці ведалі вы, што гэты чалавек — Захаранка? — пытаецца суддзя.

— На момант, калі я служыў, Захаранка быў міністрам МУС, канешне, я ведаў, хто гэта такі.

Гараўскі распавядае, што Юрый Захаранка быў застрэлены са спіны. Гараўскі кажа, што думаў, што Захаранку проста завязуць за горад, што з ім «будет проводиться беседа», і не ведаў, куды яго вязуць.

11.00. Юрый Гараўскі адмаўляецца адказваць на некаторыя пытанні суддзі. Суддзя запытаўся пра САХР і Дзмітрыя Паўлічэнку і некаторых іншых камандзіраў часткі.

— Якім чынам вы пазнаёміліся з палкоўнікам Смірновым? — запытаўся суддзя.

— Я не буду адказваць на гэтае пытанне.

— Чаму? Вы ж казалі пра гэта ў часе папярэдняга следства.

— Так. Але я прасіў пракурора не апублічваць гэтую інфармацыю.

У Інтэрнэце палкоўнік Смірноў згадваецца як кіраўнік вайсковай часткі 5525, а гэтая частка — 6-я асобная спецыяльная міліцэйская брыгада ўнутраных войскаў МУС Рэспублікі Беларусь. Варта зазначыць, што з 2005 па 2008 гады гэтай брыгадай кіраваў Юрый Караеў.

10.20. Суддзя, распачынаючы працэс, запытаўся, ці будзе Юрый Гараўскі даваць паказанні. Той пагадзіўся.

Гараўскі гаворыць вельмі ціха, выглядае падаўленым, у суд ён прыйшоў з мыліцай. На пытанне суддзі, як ён сябе адчувае, падсудны адказаў, што нармальна.

Суддзя папярэдзіў пра адказнасць за непраўдзівыя сведчанні, а таксама заклікаў падсуднага казаць толькі праўду, не абвінавачваць нікога, калі для гэтага няма падстаў і доказаў, разам з тым — нікога не выгароджваць.

Цяпер ідзе ўстанаўленне асобы — Гараўскі распавядае пра сваю біяграфію і пра месца службы.

9.54. Цяпер Юрыя Гараўскага прывезлі ў суд пад аховай швейцарскіх спецслужбаў. Яго ахоўваюць вельмі шчыльна, падагнаўшы бус літаральна да дзвярэй суда, і сам Гараўскі быў з накінутым капюшонам, не паказваў твар. Цяпер журналісты і жадаючыя прысутнічаць на судзе, заходзяць у будынак, дзе пачнецца працэс. Здымаць у будынку суда нельга.

Юрыя Гараўскага прывезлі ў суд пад аховай швейцарскіх спецслужбаў

Юрыя Гараўскага прывезлі ў суд пад аховай швейцарскіх спецслужбаў

Пракуратура Швейцарыі абвінаваціла экс-байца САХР у датычнасці да гвалтоўных знікненняў. Ацэньваць сапраўднасць яго слоў будуць суддзя і два прысяжныя засядацелі. Калі яны прызнаюць Гараўскага вінаватым, гэта стане абвінаваўчым прысудам і для беларускага рэжыму, лічаць юрысты.

7 траўня 1999 года па дарозе дадому знік экс-міністр унутраных спраў Беларусі Юрый Захаранка. 16 верасня таго ж года зніклі былы кіраўнік Цэнтрвыбаркама Беларусі Віктар Ганчар і яго сябар, бізнесовец Анатоль Красоўскі. Афіцыйнае расследаванне іх знікнення пачалося 17 верасня 1999 года. За 24 гады, якія прайшлі з таго моманту, яно неаднаразова прыпынялася і аднаўлялася, але ў выніку не прывяло ні да якога выніку: целы зніклых знойдзены не былі, датычныя да іх знікнення — таксама.

Пры гэтым яшчэ ў пачатку 2000-х незалежныя беларускія СМІ апублікавалі некалькі важных дакументаў і сведчанняў, якія паказвалі на магчымае дачыненне да выкраданняў Юрыя Сівакова, які на той момант займаў пасаду міністра ўнутраных спраў, былога кіраўніка Савета Бяспекі Віктара Шэймана, камандзіра САХР Дзмітрыя Паўлічэнкі і яго байцоў.

Гэтую версію агучыў экс-начальнік мінскага СІЗА №1 Алег Алкаеў. Пра гэта ж распавялі былыя следчыя беларускай пракуратуры Алег Случак і Дзмітрый Петрушкевіч. У 2004-м да такой жа высновы прыйшоў спецдакладчык Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы (ПАРЕ) Хрыстас Пургурыдэс.

Швейцарскія і беларускія праваабаронцы ля будынка суда з патрабаваннем правасуддзя для Беларусі. Злева — вядомы адвакат Павел Сапелка.

Швейцарскія і беларускія праваабаронцы ля будынка суда з патрабаваннем правасуддзя для Беларусі. Злева — вядомы адвакат Павел Сапелка.

Увосень 2018-га Гараўскі выехаў з Беларусі і папрасіў прытулак у Швейцарыі. Пазней ён звязаўся з журналістамі і распавёў пра свой удзел у выкраданні Захаранкі, Ганчара і Красоўскага. У 1999 годзе, па яго словах, мужчына служыў у спецыяльным атрадзе хуткага рэагавання МУС.

У сваім першым інтэрв'ю Юрый Гараўскі падрабязна распавёў, як былі выкрадзены і забіты Юрый Захаранка, Віктар Ганчар і Анатоль Красоўскі. Але судзіць экс-сілавіка будуць толькі за ўдзел у шматлікіх гвалтоўных знікненнях. Прычына ў тым, што швейцарская пракуратура мае права расследаваць толькі забойствы, учыненыя на тэрыторыі Швейцарыі, за выключэннем генацыду або злачынстваў супраць чалавечнасці — такія злачынствы могуць разглядацца ў рамках універсальнай юрысдыкцыі. Гвалтоўныя знікненні таксама падпадаюць пад яе дзеянне, паколькі Швейцарыя ў 2016 годзе ратыфікавала адпаведную Канвенцыю ААН. У выніку швейцарская судовая сістэма можа разглядаць справы аб выкраданні і гвалтоўным знікненні людзей незалежна ад месца здзяйснення злачынства.

Алена Захаранка (у цэнтры) і Лера Красоўская (дачка Анатоля Красоўскага) прыбылі ў суд са сваім прадстаўніком

Алена Захаранка (у цэнтры) і Лера Красоўская (дачка Анатоля Красоўскага) прыбылі ў суд са сваім прадстаўніком

«Гвалтоўнае знікненне — гэта злачынства ад імя дзяржавы, паколькі заказчык гэтага злачынства — урад. У выпадку абвінаваўчага прысуду мы спадзяемся, што суд падкрэсліць адказнасць урада, уключаючы самога Лукашэнку, за ўчыненыя злачынствы. Таксама гэта можа ініцыяваць далейшыя расследаванні ў рамках універсальнай юрысдыкцыі ў іншых краінах. Так што гэта сапраўды можа стаць знакавым момантам для расследавання злачынстваў, учыненых у Беларусі», — сказаў «DW» кансультант няўрадавай праваабарончай арганізацыі «Trial International».

Падобным чынам на гэтую справу глядзіць і прадстаўнік пракуратуры Санкт-Галена Леа-Філіп Менцэль. «Артыкул аб гвалтоўным знікненні людзей наўпрост паказвае на тое, што злачынец, які прымушае людзей знікаць, дзейнічае ад імя дзяржавы або як мінімум з яе ўхвалення. А значыць, і ад імя рэжыму. Па сутнасці, ён уключаны ў склад гэтага злачынства», — патлумачыў Менцэль.

Алена Захаранка, дачка зніклага экс-міністра ўнутраных спраў, будзе выступаць на працэсе як пазоўніца і спадзяецца на абвінаваўчы прысуд для Юрыя Гараўскага.

«Не так важны тэрмін для яго, але важна зафіксаваць, хто стаіць за гэтай гучнай справай, хто адказны за злачынствы ў маёй краіне. Тое, што адбываецца ў Беларусі сёння — гэта следства і вынік таго, што людзі столькі гадоў маўчалі, не хацелі ведаць, заплюшчвалі вочы. Тое, што адбылося ў 1999 годзе, забрала жыццё ў нашай сям'і, нашу будучыню. Не магу сказаць, што гэты працэс выклікае ў мяне адчуванне, што вось-вось справядлівасць настане. Я проста ведаю, што гэта неабходна зрабіць, зафіксаваць тое, што адбылося, у тым ліку ў судовым парадку — і для будучыні маёй краіны, і для стварэння прававой дзяржавы», — адзначыла Алена Захаранка ў інтэрв'ю «DW» напярэдадні суда.

Глядзіце таксама