Ці ёсць расійскі след у дзейнасці «эскадронаў смерці»?
Публікацыя выданнем Deutsche Welle рэзананснага інтэрв’ю з чальцом так званага «эскадрону смерці» выклікала шырокі грамадскі розгалас у Беларусі. Нагадаем, колішні баец САХР Юрый Гараўскі прызнаўся, што мае наўпроставае дачыненне да выкраданняў і забойстваў лідараў беларускай апазіцыі. Прапануем інфармацыю пра аднаго з непасрэдных фігурантаў гэтых сведчанняў — Сяргея Шкіндзерава, імя якога Гараўскі згадваў досыць часта.
Юрый Гараўскі распавёў, што тэрміновую ваенную службу праходзіў у 3-й асобнай Чырвонасцяжнай брыгадзе аператыўнага прызначэння ў структуры Унутраных войскаў МУС РБ (в/ч 3214, пункт сталай дыслакацыі — мікрараён Уручча, Мінск). Пасля заканчэння тэрміновай службы, ён працягнуў служыць у новым падраздзяленні гэтай брыгады, якое атрымала назву «Спецыяльны атрад хуткага рэагавання» (САХР, па-руску СОБР). Адным з першых месцаў дыслакацыі САХР была вайсковая база непадалёк ад Бягомля Віцебскай вобласці.
Гэты атрад быў афіцыйна створаны згодна з указам экс-кіраўніка МУС РБ Юрыя Сівакова ад 29 чэрвеня 1999 года, паводле арганізацыйна-штатнай структуры ён увайшоў у згаданую вышэй 3-ю брыгаду. Аднак, паводле сведчанняў Гараўскага, касцяк атраду пачаў фарміравацца за год да даты яго афіцыйнага стварэння, туды ўвайшлі тыя, каго экс-баец САХР непасрэдна называе рэалізатарамі забойстваў лідараў беларускай апазіцыі.
Паводле сведчанняў Гараўскага, наўпроставае дачыненне да выкрадання і забойства Захаранкі, Ганчара і Красоўскага мае яго таварыш па службе, колішні баец САХР Сяргей Шкіндзераў.
Працытуем ключавыя моманты сведчанняў Гараўскага, задакументаваныя сродкамі відэафіксацыі, у якіх фігуруе Сяргей Шкіндзераў (падаем у арыгінале):
«Я с Павличенко был в машине, плюс еще сидели Бородач Юра и Шкиндеров Сергей. В другой машине — Карпович Дима, Новаторский, Кожевников, Панков и Румянцев Леша. Румянцев и Карпович встали в начале и конце дома. Я и Шкиндеров — мы были повыше — когда узнали, что Захаренко припарковался и пошел в сторону дома, пошли за ним. <…> Тут же мы подошли и сказали: “Руки за спину”. Надели Захаренко наручники, подъехала машина, Opel. Мы посадили его в машину на заднее сиденье».
Гараўскі таксама сведчыць, што Захаранка быў вывезены на навучальную базу Унутраных войскаў непадалёк ад вёскі Валоўшчына Мінскага раёна і забіты ў раёне стрэльбішча:
«Павличенко два раза выстрелил в Захаренко в район сердца. Захаренко лежал на животе. Минут 10–15 подождали. Шкиндеров нагнулся, потрогал, есть ли пульс. Сказал, что нет».
Наступны эпізод, у якім, згодна са сведчаннямі Гараўскага, фігуруе Сяргей Шкіндзераў, звязаны з забойствам Ганчара і Красоўскага ў месцы базавання САХР паблізу Бягомля:
«<…> Там в начале дороги оставили джип Красовского, в деревья его закатили, дали задний ход. Около полосы препятствий достаем Гончара и Красовского, кладем их рядышком. Яма уже была готова. Это была могила.
— Кто ее копал?
— Когда мы приехали, я увидел там Балынина, Шкиндерова Сергея, увидел Юру Будько».
16 лютага 2020 года выданне Deutsche Welle апублікавала відэа сустрэчы Юрыя Гараўскага з дачкой Юрыя Захаранкі Аленай Захаранка, якая жыве ў Германіі. У ім Гараўскі пацвярджае ранейшыя і дае новыя сведчанні пра Шкіндзерава, з якім ён, паводле яго словаў, непасрэдна ўдзельнічаў у выкраданні Захаранкі:
«Мы со Шкиндеровымвыкрутили ему так руки, чтобы он не смог особенно и что-то сказать. Его в машину практически занесли».
Алена Захаранка прыгадвае: за некалькі дзён да выкрадання яе бацькі, той заўважыў, што за яго аўто сачылі. Паводле яе слоў, Юрый Захаранка адмыслова зрабіў так, каб машына сачэння заехала за ім у тупік. Ён выйшаў са сваёй машыны і падышоў да аўто, з якога за ім сачылі, адкрыў дзверы і сказаў маладым людзям, якія былі ў ім: «Вы кепска працуеце».
Гараўскі ўпэўнена засведчыў, што ў гэтай машыне знаходзіліся Алег Забенька і Сяргей Шкіндзераў.
Паказальна, што Юрый Гараўскі выказаў намер пацвердзіць усе свае паказанні падчас судовага працэсу, і нават гатовы да магчымага пакарання. Адзінай умовай для гэтага ён назваў правядзенне працэсу не ў Беларусі.
Каб атрымаць каментар наконт сведчанняў Гараўскага, «Новы Час» непасрэдна звязаўся з Сяргеем Шкіндзеравым. Аднак ён катэгарычна адмовіўся даваць якія-кольвек каментары.
Паводле крыніцаў адкрытага доступу, Сяргей Уладзіміравіч Шкіндзераў нарадзіўся 9 студзеня 1979 года. Служыў у згаданай вышэй в/ч 3214 (3-я асобная Чырванасцяжная брыгада аператыўнага прызначэння, цяпер 3-я Чырванасцяжная брыгада спецыяльнага прызначэння). Характэрна, што ў сваім акаўнце ў сацсетцы «Аднакласнікі» Сяргей Шкіндзераў пазначыў менавіта в/ч 3214.
Да нядаўняга часу Сяргей Шкіндзераў з’яўляўся памочнікам старшыні кіравання ААТ «Прыёрбанк». Майстар спорту па дзюдо і рукапашным боі, мае крапавы берэт.
У 2007 годзе чалавек з ягоным ПІБ (прозвішча, імя, імя па бацьку) і грамадзянствам РБ стаў заснавальнікам маскоўскай кампаніі ТАА «БПМ» («Белпрактика-М») са статутнай доляй 25%. Асноўным відам дзейнасці кампаніі з’яўляўся аптовы гандаль нехарчовымі спажывецкімі таварамі.
Аднак у верасні 2013 года, праз шэсць гадоў пасля заснавання, гэта кампанія была ліквідаваная. Яе генеральным дырэктарам быў Вадзім Міхайлавіч Карповіч. Цікава, што яшчэ адным фігурантам сведчанняў Гараўскага з’яўляецца Дзмітрый Карповіч.
Я вырашыў таксама пераправерыць дадзеныя пра кампанію з падобнай назвай, зарэгістраванай на тэрыторыі Беларусі ў 2006 годзе — на год раней за маскоўскую. Аднак у атрыманай інфармацыі з Адзінага дзяржаўнага рэгістру юрыдычных асобаў і ІП Міністэрства юстыцыі РБ адносна збанкрутаванай і ліквідаванай у 2018 годзе кампаніі ТАА «БелПрактыка» Шкіндзераў не быў выяўлены ані сярод заснавальнікаў, ані сярод дырэктараў.
Вызначана, што не пазней за травень 2013 года Сяргей Шкіндзераў пачаў працаваць у ААТ «Прыёрбанк», які з 2003 года належыць аўстрыйскай банкаўскай групе «Raiffeisen Bank International». У апублікаванай у 2013 годзе справаздачы пра ўстойлівае развіццё Raiffeisen Zentralbank Group за 2011–2012 гады яго імя пазначанае ў спісе асобаў, якім рэдакцыя выдання дзякуе за ўнёсак і дапамогу.
Цікава, што чалавек з ідэнтычным ПІБ быў зарэгістраваны ў якасці індывідуальнага прадпрымальніка Мінскім гарвыканкамам і інспекцыяй МПС РБ па Маскоўскаму раёну Мінска ў студзені 2014 года, аднак ужо напрыканцы гэтага ж года было ўхваленае рашэнне пра спыненне дзейнасці ў якасці ІП. З гэтага часу і да сённяшняга дня статус гэтага прадпрымальніка — у працэсе ліквідацыі.
Характэрна, што ў сувязі з «Прыёрбанкам» фігуруе яшчэ адна асоба, якая, магчыма, з’яўляецца бліжэйшым сваяком Сяргея Шкіндзерава. У адкрытых крыніцах інфармацыі маюцца звесткі пра тое, што напрыканцы 2009 года старшыня кіравання «Прыёрбанка» Сяргей Касцючэнкаўхваліў рашэнне пра ахвяраванне 20 мільёнаў рублёў на ўтрыманне ўсурыйскага тыгра з заасаду Магілёўскага прафесійнага агралесатэхнічнага калежду імя Арлоўскага. Каментары пра гэты дабрачынны акт сродкам масавай інфармацыі даваў тады Уладзімір Шкіндзераў. У інфармацыйных матэрыялах ён фігуруе як памочнік старшыні кіравання «Прыёрбанка».
Да сведчанняў Юрыя Гараўскага імя Сяргея Шкіндзерава апошні раз згадвалася ў СМІ з нагоды правядзення так званай эстафеты агню «Полымя міра», якая адбывалася 1 чэрвеня 2019 года ў Горках Магілёўскай вобласці і была прымеркаваная да правядзення ІІ Еўрапейскіх гульняў у Мінску. Сяргей Шкіндзераў асабіста прымаў у ёй удзел.
Сяргей Шкіндзераў. Скрын-што з праграмы СТВ.
У Горках знаходзіцца ваенны камісарыят Горацкага і Дрыбінскага раёнаў Магілёўскай вобласці, які ачольвае падпалкоўнік Аляксандр Уладзіміравіч Шкіндзераў. Ён, магчыма, з’яўляецца братам Сяргея Шкіндзерава. На жаль, з першых вуснаў гэту інфармацыю пацвердзіць не атрымалася, але інфармацыя з адкрытых крыніцаў ускосна гэта пацвярджае.
Імя Аляксандра Шкіндзерава сустракаецца і ў маніторынгу, у якім аўтар гэтага артыкула дае чытачу права самастойнага вызначэння таго ці іншага фігуранта матэрыялу патэнцыйным агентам уплыву Расійскай Федэрацыі.
Вядома, што Аляксандр Шкіндзераў нарадзіўся ў 1973 годзе ў Мінску. У 1995-м скончыў Калініградскую вышэйшую вучэльню інжынерных войскаў. Ад жніўня 1995-га да ліпеня 1998 года выконваў баявыя задачы ў зоне надзвычайнага становішча па ахове адміністрацыйнай мяжы колішняй Чачэна-Інгушскай АССР у Рэспубліцы Інгушэція Расійскай Федэрацыі. Быў вайскоўцам 137-га Назранаўскага памежнага атраду Каўказскай асобай памежнай акругі Федэральнай памежнай службы (ФПС) РФ.
З ліпеня 1998-га да жніўня 2000 года, у той момант, як у Беларусі дзейнічаў «эскадрон смерці», Аляксандр Шкіндзераў праходзіў ваенную службу ў Рэспубліцы Паўночная Асеція — Аланія Расійскай Федэрацыі ва Уладзікаўказскім памежным атрадзе Каўказскай асобай памежнай акругі ФПС РФ. З 2003 года гэтае ведамства замененае на Памежную службу ФСБ РФ. У студзені 2000 года Аляксадр Шкіндзераў удзельнічаў у баявых дзеяннях у Аргунскай цясніне Чачэнскай рэспублікі.
Станам на люты 2020 года падпалкоўнік Аляксандр Шкіндзераў — ваенны камісар Горацкага і Дрыбінскага раёнаў Магілёўскай вобласці. Гэты важны орган вайсковага кіравання, які апроч здзяйснення ваенна-мабілізацыйнай гатоўнасці і ўлікова-прызыўной дзейнасці з’яўляецца элементам забеспячэння функцыянавання сістэмы тэрытарыяльнай абароны Беларусі, ачольвае вайсковец, які даваў прысягу ў вернасці Расіі і нават удзельнічаў у баявых дзеяннях у складзе падраздзяленняў расійскай арміі.
З улікам празмернай насычанасці патэнцыйнымі агентамі ўплыву Расійскай Федэрацыі ўсіх узроўняў сістэмы дзяржаўнага кіравання Беларусі, варта і неабходна адпрацоўваць магчымы расійскі чыннік у дзейнасці «эскадрону смерці» ў нашай краіне. Вышэйшае ваенна-палітычнае кіраўніцтва Расіі было і застаецца зацікаўленым у знаходжанні Беларусі пад яе суцэльным пратэктаратам, у кансервацыі нашай краіны ў сацыякультурнай і гуманітарнай прасторы РФ. У рэчышчы гэтых стратэгічных мэтаў цалкам палягала і застаецца актуальнай нейтралізацыя ўсіх празаходніх дэмакратычных сілаў у Беларусі.
Чытайце таксама: