Расійскі ўплыў і кантроль у Беларусі: рэзідэнтура. Частка 4

Ад моманту свайго заснавання Амбасада Расіі ў Беларусі валодае значным патэнцыялам для здзяйснення знешняй выведкі спецслужбамі РФ і ёсць адным з асноўных рэалізатараў расійскай стратэгіі «мяккай сілы» ў нашай краіне.

01_ambasada_4_ivaszyn.jpg


Заключную частку расследавання пачнём з аналізу інфармацыі пра ключавыя змены, якія адбыліся ў апараце вайсковага аташату расійскай Амбасады ў Беларусі. Пасля працяглай адсутнасці кіраўніцтва на чале гэтага апарату з’явіўся новы аташэ ў пытаннях абароны, а ў ваеннага і ваенна-паветранага аташэ адбылася ратацыя памочнікаў і пашырэнне іх складу.

З усіх чальцоў вайсковага аташату Амбасады РФ у Беларусі, дадзеныя пра якіх мы публікавалі ў папярэдніх частках нашага расследавання, застаўся толькі вайсковы і вайскова-паветраны аташэ Кірыл Калючкін.

У 2014 годзе ён быў затрыманы супрацоўнікамі СБУ на месцы здзяйснення ім агентурнай акцыі і, паводле дадзеных Цэнтру «Міратворац» і групы «Інфармацыйны супраціў», з’яўляецца падпалкоўнікам Галоўнага ўпраўлення Генштабу Узброеных Сілаў РФ (колішняе ГРУ, далей выкарыстоўваецца гэтая абрэвіятура).

Дастаткова працяглы час, з пачатку кастрычніка 2019 года, вайсковы аташат пры расійскай Амбасадзе ў Беларусі не меў кіраўніка. Гэта ўскосна пацвярджае версію пра тое, што папярэдні аташэ ў пытаннях абароны Раман Спірыдонаў быў адкліканы з Мінска, меркавана, праз раскрыццё яго выведавальна-агентурнай дзейнасці. Відавочна, расійскі бок не змог аператыўна здзейсніць замену праз адсутнасць неабходнай кандыдатуры.

Паводле атрыманай інфармацыі, новым кіраўніком вайсковага аташату прызначаны Аляксандр Іванавіч Пашчанка. Вядома, што ў студзені 2002 года ён быў памочнікам вайсковага, ваенна-марскога і ваенна-паветранага аташэ Амбасады РФ у Індыі, на той момант меў званне падпалкоўніка. У 2010-х гадах яго зноў накіравалі ў Індыю ў якасці ўжо ваеннага, ваенна-марскога і ваенна-паветранага аташэ. Вызначана, што разам з Пашчанкам падчас яго другой камандзіроўкі ў Індыі ў складзе расійскага дыппрадстаўніцтва працавала сямейная пара Сяргея і Юліі Араевых. Абодва мелі ранг другога сакратара. З 2019 года яны былі пераведзеныя ў Амбасаду РФ у Беларусі ў рангу першых сакратароў. І Пашчанка, і Араевы, відавочна, накіраваныя ў Беларусь з улікам асабістых пажаданняў амбасадара Дзмітрыя Мезенцава, які, пэўна, узаемадзейнічаў з імі ў межах Шанхайскай арганізацыі супрацы, генеральным сакратаром якой ён быў, і да якой Індыя далучылася ў 2017 годзе.

Характэрна, што пасля публікацыі другой часткі расcледавання, у якой мы раскрылі дадзеныя пра памочніка вайсковага аташэ пры Амбасадзе РФ у Беларусі Іллю Мелітоўскага і пра яго бацьку, падпалкоўніка УС РФ, які з 2015 года знаходзіцца ў акупаваным Крыме, у новым складзе вайсковага аташату яго прозвішча ўжо адсутнічае. Паводле інфармацыі праекту «Інфармацыйны супраціў», Ілля Мелітоўскі з’яўляецца адмыслоўцам у правядзенні гібрыдных аперацый, мог быць заангажаваны ў рэалізацыю агрэсіўнага сцэнару дэстабілізацыі і паглынання Беларусі Расіяй.

Замест Мелітоўскага былі прызначаныя аж два новыя памочнікі ваеннага і ваенна-паветранага аташэ: Аляксандр Аляксандравіч Бадрагін і Уладзімір Юр’евіч Балабанаў. У адкрытых крыніцах інфармацыі дадзеныя пра іх практычна адсутнічаюць.

Нарукаўны знак на кіцелі Балабанава сведчыць пра прыналежнасць да Галоўнага камандавання Сухапутных войскаў УС РФ. Фота kirovsk.by

Нарукаўны знак на кіцелі Балабанава сведчыць пра прыналежнасць да Галоўнага камандавання Сухапутных войскаў УС РФ. Фота kirovsk.by

Чалавек з імем і прозвішчам Аляксандр Бадрагін напрыканцы 1990-х гадоў быў вайсковым аташэ Амбасады РФ у Рэспубліцы Карэя, меў званне палкоўніка. Уладзімір Балабанаў — маёр. Паводле нарукаўнага знаку, зафіксаванага на фота, з’яўляецца афіцэрам Галоўнага камандавання Сухапутных войскаў УС РФ.

Гэта, аднак, можа быць прыкрыццём і неабходным легендаваннем штатнага супрацоўніка ГРУ Генштаба УС РФ.

Адна з асноўных мэтаў і задач знешнепалітычнага ведамства РФ у дачыненні да краінаў колішняга сацыялістычнага лагеру — правядзенне на іх тэрыторыі стратэгіі «soft power» («мяккая сіла»), з дапамогай якой Расія намагаецца закансерваваць іх у сваёй культурніцкай, гуманітарнай, эканамічнай і сацыяльнай прасторы. Рэалізатарамі стратэгіі з’яўляюцца дыпламатычныя і культурніцкія прадстаўніцтвы, арганізацыі расійскіх суайчыннікаў і рэлігійныя ўстановы, падкантрольныя Маскоўскаму патрыярхату.

У папярэдніх частках расследавання мы распавялі пра дзейнасць, якую праводзяць у гэтай сферы першыя сакратары расійскага дыппрадстаўніцтва Леанід Макураў, Аляксей Маскалёў і трэці сакратар Галіна Лаўрова. Яшчэ адным правадніком «мяккай сілы» ў Беларусі з’яўляецца трэці сакратар Марыя Анатольеўна Данец.

Марыя Данец. Фота nesvizh-news.by

Марыя Данец. Фота nesvizh-news.by

Марыя Данец скончыла Маскоўскі дзяржаўны гуманітарны ўніверсітэт імя Шолахава. Дыпламатычную службу ў Беларусі распачала напачатку 2010-х, станам на 2014 год з’яўлялася  аташэ па культуры Амбасады РФ у Беларусі. Яе першая дыпламатычная камандзіроўка ў нашай краіне трывала да 2016 года. У 2018 годзе зноў пераведзеная ў дыпламатычны склад расійскага дыппрадстаўніцтва ў Беларусі. Ад пачатку сваёй службы ў Беларусі яна непасрэдна  ўзаемадзейнічала з кангламератам арганізацый «русского мира» ў нашай краіне — так званым «Координационным Советом организаций российских соотечественников в Белоруссии» (КСОРС), дзейнасць якіх знахо­дзіцца пад кантролем расійскай Амбасады.

У верасні 2014 года Марыя Данец курыравала курыравала на тэрыторыі расійскай Амбасады форум «Первая мировая. Возвращение памяти». У межах мерапрыемства адбылася спроба каардынацыі дзейнасці і намаганняў беларускіх і расійскіх гісторыкаў, краязнаўцаў і грамадскіх актывістаў, якія займаюцца ўвекавечаннем памяці пра Расійскую імператарскую армію на тэрыторыі Беларусі. Вынікам дзейнасці актыву (пра)расійскіх арганізацый у гэтым напрамку сталася стварэнне на месцы «Братского воинского кладбища» ў Мінску мемарыяльнага комплексу з капліцай Маскоўскага патрыярхату. Характэрна, што адным з ініцыятараў стварэння гэтага комплексу выступіла зарэгістраваная ў Мінску МГА «Русь единая».

Прадстаўнікі Амбасады РФ у Беларусі на тэрыторыі «Братского воинского кладбища» ў Мінску, жнівень 2019 года. Фота sputnik.by

Прадстаўнікі Амбасады РФ у Беларусі на тэрыторыі «Братского воинского кладбища» ў Мінску, жнівень 2019 года. Фота sputnik.by

У кастрычніку 2015 года Марыя Данец удзельнічала ў мітынгу і асвячэнні мемарыяльнай пліты на месцы яшчэ аднаго вайсковага цвінтара жаўнераў Расійскай імператарскай арміі ў аграгарадку Сноў Нясвіжскага раёна. Ініцыятарамі ўсталявання было ГА «Военно-Христианское движение “Вера и честь”» і праект «Цитадель» (А.Дзерман, А.Сінкевіч, А.Шпакоўскі і іншыя). Характэрна, што падчас цырымоніі асвячэння гэтай мемарыяльнай пліты, на якой, апроч іншых, выбітыя словы: «За Веру и Отчество», прысутнічалі і прадстаўнікі мясцовай наменклатуры.

Фота church.by

Фота church.by

Расія актыўна выкарыстоўвае свае «сакральныя месцы памяці» на тэрыторыях, якія былі акупаваныя Расійскай імперыяй і СССР, а цяпер — суверэнныя дзяржавы. Робіцца гэта перадусім для акцэптацыі мясцовай палітычнай элітай і насельніцтвам міфалагемы «единое Отечество», «единая историческая память», што абумоўлівае выкарыстанне ўжо іншага міфу — «один (разделенный) народ», пакліканага апраўдаць правядзенне агрэсіўнай палітыкі неаімперыялізму і анексію новых тэрыторый.

У лістападзе 2016 года Данец удзельнічала ў адкрыцці так званых «Симоновских чтений», арганізаваных МГА РГА «Русское общество» з дапамогай Амбасады РФ у Беларусі. Гэтыя «чытанні» з’яўляюцца адным з цэнтральных штогадовых мерапрыемстваў «русского мира» на Магілёўшчыне.

У лютым 2018 года Данец курыравала штогадовы конкурс «Души прекрасные порывы», які праводзіцца на базе віцебскай гімназіі №3 імя А.Пушкіна. Як мы зазначалі раней, з дапамогай расійскага МЗС, прадстаўніцтва «Россотрудничество» і ВГА «Русский культурный центр “Русь”» гэтая гімназія фактычна ператварылася ў адзін з цэнтраў расійскай культурна-ідэалагічнай гегемоніі на Віцебшчыне.

Ва ўзаемадзеянні з грамадскімі арганізацыямі ў Беларусі быў заўважаны другі сакратар расійскай Амбасады ў Беларусі Аляксандр Уладзіміравіч Белашэеў. На дыпламатычнай службе ў нашай краіне ён з другой паловы 2017 года.

Аляксандр Белашэеў. Фота blr.rs.gov.ru

Аляксандр Белашэеў. Фота blr.rs.gov.ru

Аляксандр Белашэеў нарадзіўся нара­дзіўся ў 1982 годзе ў Валагодскай вобласці. У 2006 годзе скончыў факультэт міжнародных адносінаў СПбДУ. З 2006 года працаваў аташэ Амбасады РФ у Маўрытаніі, станам на жнівень 2008 года быў сакратаром-рэферэнтам. З 2010 года працаваў віцэ-консулам Генеральнага кансулату РФ у Таронта. У 2016-м ён быў назіральнікам на прэзідэнцкіх выбарах у Малдове ад АБСЭ/БДІПЧ, а 2018 годзе, як і Марыя Данец, афіцыйным назіральнікам ад Амбасады РФ на выбарах у мясцовыя Саветы дэпутатаў Беларусі 28-га склікання.

У сакавіку 2019-га Белашэеў асабіста прысутнічаў прысутнічаў падчас сустрэчы ў Полацку прадстаўнікоў партыі «Справедливая Россия» (СР) і Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасці (РППС). Сустрэча адбылася ў кантэксце рэалізацыі Расіяй транспамежнай супрацы між суседнімі абласцямі Беларусі і РФ дзеля ўзмацнення інтэграцыі на рэгіянальным узроўні. Паказальна, што ад СР у мерапрыемстве ўдзельнічаў сакратар Прэзідыума Цэнтральнай Рады гэтай партыі Аляксандр Рамановіч, які з’яўляецца палкоўнікам запасу і, меркавана, ёсць выхадцам з сістэмы знешняй вайсковай выведкі СССР. Ад РППС прысутнічаў кіраўнік партыі Васіль Задняпраны. У пасяджэнні таксама ўдзельнічаў  Андрэй Герашчанка, які раней ачольваў віцебскую абласную арганізацыю РППС, а цяпер з’яўляецца кіраўніком (пра)расійскага пулу арганізацый «КСОРС» у Беларусі.

Злева направа: Андрэй Герашчанка, Аляксандр Белашэеў, Алег Брачак (СР, Пскоў), Васіль Задняпраны, Вольга Калістратава (СР, Смаленск), Аляксандр Рамановіч, Аляксандр Лукашок (РППС, Віцебск), Андрэй Мамякоў (РППС, Полацак). Фота rpts.by

Злева направа: Андрэй Герашчанка, Аляксандр Белашэеў, Алег Брачак (СР, Пскоў), Васіль Задняпраны, Вольга Калістратава (СР, Смаленск), Аляксандр Рамановіч, Аляксандр Лукашок (РППС, Віцебск), Андрэй Мамякоў (РППС, Полацак). Фота rpts.by

У структуры расійскіх дыппрадстаўніцтваў, як правіла, ёсць супрацоўнікі, якія займаюцца навукова-тэхнічнай выведкай, перадусім у краінах са значным прамысловым і навуковым патэнцыялам. Адным з ключавых адукацыйных цэнтраў у гэтым напрамку з’яўляецца Нацыянальны даследніцкі ядзерны ўніверсітэт «МИФИ» і яго структурнае падраздзяленне — Інстытут міжнародных адносінаў, які мае шчыльныя сувязі са службамі знешняй выведкі РФ. Ганаровым прэзідэнтам інстытуту з’яўляўся колішні дырэктар Службы знешняй выведкі РФ Яўген Прымакоў. Адзін з выпускнікоў гэтай ВНУ быў выяўлены сярод супрацоўнікаў расійскай Амбасады ў Беларусі.

Гэта Кірыл Анатольевіч Плятнёў, з 2018 года аташэ расійскай Амбасады ў нашай краіне. Нарадзіўся ў 1990 годзе ў Маскве. У 2014 годзе скончыў Інстытут міжнародных адносінаў Нацыянальнага даследніцкага ядзернага ўніверсітэту «МИФИ».

Кірыл Плятнёў

Кірыл Плятнёў

Праходзіў курс павышэння кваліфікацыі ў Дыпламатычнай акадэміі МЗС РФ па кірунку «Знешняя палітыка Расіі і сучасныя міжнародныя адносіны». У сферу навуковых інтарэсаў Плятнёва ўваходзіць глабальная і рэгіянальная інтэграцыя, двухбаковыя зносіны Расіі і ЗША, пытанні нераспаўсюду і кантролю над узбраеннямі, інфармацыйная бяспека. Валодае англійскай і нямецкай мовамі. Працаваў сакратаром-рэферэнтам Дэпартаменту ў пытаннях нераспаўсюду і кантролю над узбраеннямі МЗС РФ. Эксперт заснаванай дзяржавай недзяржаўнай арганізацыі «ПИР-Центр», якая займаецца вывучэннем глабальнай бяспекі, ядзернага нераспаўсюду, міжнароднай інфармацыйнай бяспекі і глабальнага кіравання інтэрнэтам, супрацьдзеяння новым выклікам і пагрозам.

Кірыл Плятнёў валодае патэнцыялам для навукова-тэхнічнай выведкі перспектыўных і інавацыйных навукаёмістых прадпрыемстваў, у тым ліку прадпрыемстваў ВПК Беларусі. Можа быць звязаны са Службай знешняй выведкі РФ.

Апроч дыпламатычнага прадстаўніцтва ў Мінску, МЗС РФ мае консульскую ўстанову ў Брэсце. У зону яе адказнасці ўваходзяць Брэсцкая і Гродзенская вобласці. З чэрвеня 2015 года Генеральным консулам РФ у Брэсце з’яўляецца Ігар Юр’евіч Канякін.

Генконсул РФ у Брэсце Ігар Канякін. Фота brest.gov.by

Генконсул РФ у Брэсце Ігар Канякін. Фота brest.gov.by

Канякін нарадзіўся ў 1967 годзе ў Маскве, служыў у войсках сувязі ў Адэскай вайсковай акрузе. У 1994 годзе скончыў Інстытут краін Азіі і Афрыкі пры МДУ і Дыпламатычную акадэмію МЗС РФ. Кар’ерны дыпламат, агульны стаж працы ў сістэме МЗС складае амаль 30 гадоў. З 2001 па 2006 гады Канякін працаваў у расійскай дыпмісіі ў КНДР у якасці спачатку другога, потым першага сакратара, з 2009 па 2013 гады ён ачольваў консульскі аддзел расійскай Амбасады ў Беларусі, з ліпеня 2013 года быў начальнікам аналітычнага аддзелу консульскага Дэпартаменту МЗС РФ. Маедыпламатычны ранг Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасланніка 2 класа. Валодае англійскай і карэйскай мовамі.

Будынак Генеральнага кансулату РФ у Брэсце. Фота realbrest.by

Будынак Генеральнага кансулату РФ у Брэсце. Фота realbrest.by

Горад над Мухаўцом стаў месцам базавання падраздзялення расійскага знешнепалітычнага ведамства не выпадкова. Разам з Брэсцкай фартэцыяй Брэст ператварыўся для расіян фактычна ў другі Севастопаль — горад расійскай вайсковай славы. Расійская імперыякратыя здзяйсняе максімум высілкаў, каб горад знаходзіўся пад іх сацыякультурным і гуманітарным кантролем. На гэты момант, апроч Генкансулата МЗС РФ, у Брэсце праводзіць сваю дзейнасць таксама філія прадстаўніцтва «Россотрудничество», функцыянуе і актыўная мясцовая структура РГА «Русское общество».

Менавіта ў Брэсце (пра)расійскія сілы масава далучаюцца да штогадовага святкавання вызначальных і ключавых для іх датаў — 9 траўня і 22 чэрвеня, якія яны праз актыўнае правядзенне інфармацыйна-псіхалагічных спецаперацый намагаюцца ператварыць у прапагандысцкія акцыі «русского мира». Брэст з’яўляецца першым беларускім горадам, у якім пачынаючы з 2014 года гэтыя сілы арганізоўваюць шэсці так званага «Бессмертного полка», значная колькасць удзельнікаў якіх адмыслова прыязджае з Расіі.

Удзельнікі расійскай акцыі «Бессмертный полк» у Брэсце. Фота virtualbrest.by

Удзельнікі расійскай акцыі «Бессмертный полк» у Брэсце. Фота virtualbrest.by

Нягледзячы на афіцыйнае выкарыстанне ў Беларусі сімвалу Перамогі «яблыневая кветка», толькі ў 2019 годзе перад правядзеннем чарговага «Бессмертного полка» Генкансулат РФ правакатыўна і дэманстратыўна раздаў у Брэсце і Гродна больш за 12 тысяч (!) так званых «георгиевских ленточек», якія не толькі не маюць дачынення да ВАВ, але і з’яўляюцца сімвалам ваеннай агрэсіі і тэрарыстычнай дзейнасці РФ на тэрыторыі Украіны.

Вельмі паказальна, што расійскія ўдзельнікі практычна дамінавалі падчас мітынгу-рэквіему ў Брэсцкай фартэцыі, які адбыўся ўначы з 21 на 22 чэрвеня 2019 года.

Брэсцкая фартэцыя, уначы з 21 на 22 чэрвеня 2019 года. Фота facebook.com/RusConsBrest

Брэсцкая фартэцыя, уначы з 21 на 22 чэрвеня 2019 года. Фота facebook.com/RusConsBrest


Нягледзячы на тое, што дата была не круглая (78-я гадавіна пачатку ВАВ), на мітынгу прысутнічалі намеснік старшыні ўраду Інгушэціі Газіеў, старшыня Дзярждумы горада Іжэўска Гарын, кіраўніцтва адміністрацыі горада Серталава Ленінградскай вобласці. Сваіх прадстаўнікоў накіраваў нават Следчы камітэт Расіі. У канцэртнай праграме ўдзельнічалі гурты з Расіі, а ўсё мерапрыемства выглядала амаль як унутрырасійскае.

У красавіку 2019 года Канякін разам з прадстаўнікамі РГА «Русское общество» асабіста сустракаў ля ўваходу ў Брэсцкую фартэцыю ўдзельнікаў мотапрабегу «Дороги Победы — на Берлин», арганізаванага байкерскім клубам «Ночные волки», што знаходзіцца пад асабістай пратэкцыяй Пуціна. Байкеры правакатыўна трымалі ў руках у тым ліку і сімволіку тэрарыстычных утварэнняў «Л/ДНР».

14_ambasada_4_ivaszyn.jpg

Фота: facebook.com/RusConsBrest

У зону адказнасці Генеральнага кансулату РФ у Брэсце ўваходзіць таксама і Гродзеншчына. Штогод з яго дапамогай, а таксама прадстаўніцтва «Россотрудничество», у Гродне ў траўні адбываецца Міжнародны фэст славянскіх баявых мастацтваў. Арганізатарам выступае мясцовае парамілітарнае казацкае фармаванне «Неманские казаки». Удзельнікамі зазвычай з’яўляюцца прадстаўнікі іншых казацкіх груповак, ваенна-гістарычных і праваслаўных ваенна-патрыятычных клубаў, суполкі рэканструктараў, навучэнцы кадэцкіх класаў.

Удзельнікі фэсту славянскіх баявых мастацтваў. Фота tut.by

Удзельнікі фэсту славянскіх баявых мастацтваў. Фота tut.by

Для актыву (пра)расійскіх сілаў Гродзеншчыны гэты фэст з’яўляецца адным з цэнтральных мерапрыемстваў года. Падчас яго правядзення ў 2019 годзе асабіста прысутнічалі генконсул РФ Ігар Канякін і намеснік кіраўніка прадстаўніцтва «Россотрудничество» ў Беларусі Леанід Макураў.

14 траўня 2019 года Канякін асабіста ўдзельнічаў у круглым стале «Крым в истории России», прысвечаным пятай гадавіне акупацыі ўкраінскага паўвострава. Мерапрыемства адбывалася на тэрыторыі брэсцкай філіі прадстаўніцтва «Россотрудничество». Ключавымі пытаннямі былі роля Крыму ў рэактывізацыі «русскога мира», узаемадзеянне арганізацый «КСОРС» Беларусі з Асамблеяй славянскіх народаў Крыму, а таксама тэма прапаганды і абароны гісторыі ВАВ.

Паказальна, што для ўдзелу ў гэтым форуме быў адмыслова запрошаны госць з Севастопаля Вадзім Калеснічэнка — у 2006–2014 гадах дэпутат Вярхоўнай Рады Украіны ад «Партыі рэгіёнаў», цяпер старшыня прэзідыума Міжнароднай рады расійскіх суайчыннікаў.

 

Вадзім Калеснічэнка ў брэсцкай філіі прадстаўніцтва «Россотрудничество». Фота blr-brest.rs.gov.ru

Вадзім Калеснічэнка ў брэсцкай філіі прадстаўніцтва «Россотрудничество». Фота blr-brest.rs.gov.ru

За адкрытыя антыўкраінскія погляды Калеснічэнку шмат хто называе зацятым украінафобам. Падчас Рэвалюцыі Годнасці ён выехаў з Кіева ў Севастопаль, пасля расійскай акупацыі Крыму атрымаў грамадзянства РФ. Паводле Цэнтру «Міратворац», з’яўляецца здраднікам Радзімы, сепаратыстам, непасрэдна спрыяў правядзенню Расіяй спецаперацыі па захопе Крыму. У 2015 годзе Служба бяспекі Украіны абвясціла Калеснічэнку ў вышук, яму інкрымінуюць здзяйсненне крымінальнага злачынства паводле ч. 3 арт. 110 КК Украіны — замах на тэрытарыяльную цэласнасць і недатыкальнасць Украіны, звязаны з гібеллю людзей або іншымі цяжкімі наступствамі.

Калеснічэнка таксама вядомы як адзін з суаўтараў праекту «закону Калеснічэнкі-Ківалава», скіраванага на абмежаванне выкарыстання ўкраінскай мовы на рэгіянальным узроўні. Ён жа з’яўляецца адным з тых, хто галасаваў за дыктатарскія «законы 16 студзеня», якія падчас Рэвалюцыі Годнасці шмат у чым сталі прычынай пераходу ад мірнага пратэсту да сілавога супрацьстаяння.

Запрашэнне ў Беларусь абвешчанага ў вышук памагатага расійскіх акупантаў для ўдзелу ў прапагандысцкай кампаніі, якая апраўдвае акупацыю Крыму, з’яўляецца інфармацыйнай падрыўной дзейнасцю падраз­дзялення знешнепалітычнага ведамства РФ, якая скіраваная супраць украінскай дзяржавы і здзяйсняецца непасрэдна з тэрыторыі Беларусі. Звяртаем на гэта асаблівую ўвагу МЗС РБ дзеля прадухілення падобных інцыдэнтаў у будучыні.

Генкансулат РФ у Брэсце актыўна спрыяе захопу Расіяй культурніцкай прасторы Беларусі. Толькі за 2019 год расійскія структуры ўсталявалі ў Брэсце аж два бронзавыя бюсты паэта Пушкіна.

Першы бюст быў афіцыйна адкрыты ў чэрвені 2019 года ў Цэнтральнай гарадской бібліятэцы Брэста, якая названая ў гонар гэтага расійскага паэта. Спрыялі ўсталяванню помніка прадстаўніцтва «Россотрудничество» разам з сваёй брэсцкай філіяй, Амбасада і Генкансулат РФ у Брэсце, а таксама фонд «Диалог Культур — Единый Мир», які непасрэдна рэалізуе расійскую стратэгію «soft power» у частцы сваіх міжнародных праектаў.

Афіцыйнае адкрыццё бюсту А.Пушкіну. Злева направа: кіраўнік адміністрацыі Ленінскага раёна Брэста В.Мілашэўскі, генконсул РФ І.Канякін і намеснік кіраўніка прадстаўніцтва «Россотрудничество» ў РБ Л.Макураў. Фота facebook.com/RusConsBrest

Афіцыйнае адкрыццё бюсту А.Пушкіну. Злева направа: кіраўнік адміністрацыі Ленінскага раёна Брэста В.Мілашэўскі, генконсул РФ І.Канякін і намеснік кіраўніка прадстаўніцтва «Россотрудничество» ў РБ Л.Макураў. Фота facebook.com/RusConsBrest

Ініцыятарам усталявання другога помніка выступіла РГА «Русское общество», непасрэдным рэалізатарам праекта быў Генкансулат РФ у Брэсце. Адказвалі за праект Расійскае ваенна-гістарычнае таварыства і Брэсцкі гарвыканкам. Трохметровы пастамент з бронзавым бюстам Пушкіна адкрылі 11 кастрычніка 2019 года ў скверы ля Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Пушкіна, які таксама атрымаў назву «Пушкінскі».

Адкрыццё другога бюсту А.Пушкіну ў Брэсце. Фота: facebook.com/RusConsBrest

Адкрыццё другога бюсту А.Пушкіну ў Брэсце. Фота: facebook.com/RusConsBrest


Паказальна, што падчас урачыстага мерапрыемства аркестр выконваў кампазіцыю «Уголок России», што цалкам адпавядае сапраўднаму значэнню і сутнасці сацыяльна-культурніцкай экспансіі Расіі ў Беларусі. Словы, сказаныя амбасадарам РФ Дзмітрыем Мезенцавым падчас адкрыцця помніка пра «Наше отечество» і «Союзное государство», дадаткова падкрэсліваюць гэта. Пра важнасць захопу культурніцкай прасторы Беларусі сведчыць прысутнасць падчас цырымоніі адкрыцця расійскіх высокіх чыноў, сярод якіх былі намеснік міністра культуры РФ Аўсіенка, намеснік старшыні Камітэту культуры Дзярждумы РФ Шаргуноў, мэр Калінінграда Сіланаў і іншыя.

У кантэксце правядзення захадаў да пашырэння гуманітарна-адукацыйнага ўплыву ў Беларусі расійскія дыпламатычныя ўстановы відавочна надаюць асаблівую ўвагу ўзаемадзеянню з БрДУ і найперш з філалагічным факультэтам гэтага ВНУ. Карпусы БрДУ знаходзяцца ля вуліцы, названай у гонар Пушкіна. Таксама ў Брэсце яго імем названыя ліцэй і яшчэ адна, дзіцячая бібліятэка. Горад проста перанасычаны помнікамі і найменнямі, звязанымі з Пушкіным, якога любым чынам намагаюцца зрабіць для беларусаў «сваім».

Пад непасрэднай апекай расійскіх структур на Брэстчыне ў Кобрыне знаходзіцца і музей душыцеля вызвольнага паўстання ў Беларусі А. Суворава.

Чарговы «уголок России» ў Беларусі: музей А.Сувораву ў Кобрыне. Фота museum.mykobrin.by

Чарговы «уголок России» ў Беларусі: музей А.Сувораву ў Кобрыне. Фота museum.mykobrin.by

Цікава, што Генкансулат РФ узаемадзейнічае і з камандаваннем 38-й асобнай дэсантна-штурмавой брыгады Сіл спецыяльных аперацый УС РБ, якая дыслакуецца ў брэсцкім мікрараёне «Паўднёвы гарадок». Напрыканцы кастрычніка 2019 года супрацоўнікі Генкансулату наведалі завяршальны этап супольных расійска-беларускіх тактычных вучэнняў на палігоне «Брэсцкі» з удзелам вайскоўцаў 38-й АДШБр. Падчас правядзення гэтых вышкалаў на тэрыторыі Беларусі некалькі тыдняў дыслакаваліся больш за 350 вайскоўцаў 137-га парашутна-дэсантнага палка 106-й паветрана-дэсантнай Тульскай дывізіі УС РФ, асабовы склад якога ўдзельнічаў у баявых дзеяннях на Данбасе.

Вайскоўцы 137-га ПДП Узброеных сілаў РФ на тэрыторыі Беларусі, кастрычнік 2019 года. Фота function.mil.ru

Вайскоўцы 137-га ПДП Узброеных сілаў РФ на тэрыторыі Беларусі, кастрычнік 2019 года. Фота function.mil.ru


* * *

Мы адмыслова раскрылі ключавыя аспекты дзейнасці Генкансулату РФ у Брэсце толькі за 2019 год. Яго дзейнасць на тэрыторыі Заходняй Беларусі за больш чым чвэрць стагоддзя прывяла да значнага павелічэння ўплыву Расіі ў гэтым рэгіёне перадусім у сацыякультурнай і гуманітарна-адукацыйнай сферы. Падобныя дзеянні Расіі ў Крыме, каталізатарам якіх быў Генкансулат РФ у Сімферопалі, сталі адным з галоўных чыннікаў амаль бесперашкоднай акупацыі паўвострава і масавай здрады прадстаўнікоў украінскіх сілавых ведамстваў.

* * *

З улікам усяго масіву інфармацыі, пададзенага ў чатырох частках расследавання, якое праводзілася цягам некалькіх месяцаў, можна сцвярджаць, што падраздзяленні знешнепалітычнага ведамства Расійскай Федэрацыі, апроч падтрымкі задэклараваных культурніцкіх і навуковых сувязяў, гуманітарнага абмену, праводзяць сваю дзейнасць у нашай краіне як:

• рэзідэнтура знешняй выведкі расійскіх спецслужб — Галоўнага ўпраўлення Генштабу Узброеных Сілаў РФ (былое ГРУ), Службы знешняй выведкі і Федэральнай службы бяспекі, — якая, у сваю чаргу, валодае значным патэнцыялам для:

- здзяйснення выведвальна-агентурнай дзейнасці, вербавання прадстаўнікоў ваенна-палітычнага кіраўніцтва, рэгіянальнай наменклатуры, бізнес-асяроддзя і ўплывовых персон грамадзянскай супольнасці Беларусі;

- здзяйснення выведкі, палітычнага шпіянажу і дыверсійнай дзейнасці;

- правядзення актыўных мерапрыемстваў у межах забеспячэння рэалізацыі «Союзного государства»;

- каардынацыі і карэктавання інфармацыйна-псіхалагічных аперацый супраць вышэйшага ваенна-палітычнага кіраўніцтва Беларусі, а таксама прадстаўнікоў журналісцкага асяроддзя і грамадзянскай супольнасці;

- выкарыстання тэрыторыі Беларусі для правядзення інфармацыйнай вайны, інфармацыйна-псіхалагічных спецаперацый, дэзінфармацыі, інфармацыйных атак і іншых дэструктыўных дзеянняў у дачыненні да трэціх краін;

- правядзення ваенна- і навукова-тэхнічнай выведкі перспектыўных і інавацыйных навукаёмістых прадпрыемстваў, найперш прадпрыемстваў ВПК Беларусі;

- здзяйснення транснацыянальнай кантрабанды з выкарыстаннем дыпламатычных каналаў;

• адзін з асноўных рэалізатараў стратэгіі «soft power» у Беларусі, з дапамогаю якой Расія намагаецца закансерваваць нашу краіну ў сваёй культурніцкай, гуманітарнай і сацыяльнай прасторы. Стратэгія рэалізуецца ў магістральным напрамку размывання беларускай нацыянальнай ідэнтычнасці і ўмацавання светапогляднай дактрыны «русского мира». Пры гэтым адбываецца:

- пашырэнне гуманітарна-адукацыйнага ўплыву ў Беларусі;

- сацыяльна-культурніцкая экспансія Расіі ў Беларусі, сістэмная дзейнасць па захопе культурніцкай прасторы, выкарыстанне «сакральных месцаў памяці»;

- уздзеянне на фарміраванне беларускай нацыянальнай памяці ў межах рэалізацыі расійскага неаімперскага праекту;

- актыўнае задзейнічанне міфалагемаў «единое Отечество», «единая историческая память», «один (разделенный) народ»;

- курыраванне разнастайных ваенна-патрыятычных і парамілітарных фарміраванняў, актыўнае залучэнне ў іх беларускай моладзі;

- агульная каардынацыя і кантроль актыву (пра)расійскіх грамадскіх і культурніцкіх арганізацый у Беларусі, узаемадзеянне з ветэранскімі арганізацыямі;

- рэалізацыя транспамежнай супрацы між суседнімі абласцямі Беларусі і РФ дзеля ўзмацнення інтэграцыйнага паглынання на рэгіянальным узроўні.

Разам з тым дыпламатычныя структуры МЗС РФ у Беларусі выконваюць функцыі і задачы па спрыянні эканамічнай экспансіі РФ, якая прадугледжвае правядзенне комплексу дзеянняў дзеля прымушэння да інтэграцыі ў межах «Союзного государства». Размова перадусім пра эканамічнае, а разам з тым і палітычнае паглынанне Беларусі.

Расійская імперыякратыя зацікаўленая ў значным павелічэнні ўразлівасці ўсёй сістэмы нацыянальнай бяспекі Беларусі. Гэта неабходна для мажлівага канчатковага вырашэння «беларускага пытання», у межах якога могуць быць рэалізаваныя любыя сцэнары па дэстабілізацыі і наступнаму паглынанню Беларусі Расіяй. У гэтых умовах неабходнасць агульнанацыянальнай кансалідацыі, аб’яднання ўсіх здаровых патрыятычных сілаў Беларусі набывае стратэгічнае значэнне. Абарону краіны мы павінны здзяйсняць адзіным магутным фронтам.