Беларуску не пусцілі на борт расійскага самалёта з Кітая
2 лютага не грамадзянам Расіі адмовілі ў палёце самалётам «Уральскіх авіяліній» па маршруце Сіань-Екацярынбург. Сярод тых, каго не пусцілі на борт, апынулася і беларуска Наталля. Яна распавяла TUT.BY, што зараз знаходзіцца ў кітайскім аэрапорце і чакае кампенсацыі за квіткі.
На рэйс U6764 авіякампаніі «Уральскія авіялініі» не пусцілі не толькі беларуску Наталлю, якая праз Екацерынбург вярталася з Кітая дадому ў Беларусь, таксама на борт не патрапілі грамадзяне Арменіі, Казахстана і Таджыкістана.
Наталля распавядае, што павінна была вылецець з Сіаня 3 лютага, але спачатку ёй перанеслі час вылету на 2 лютага, а калі яна прыехала ў аэрапорт, то квіткі на рэйс не выдалі. Маршрут дзяўчыны павінен быў быць такім: Сіань-Екацярынбург-Масква-Мінск.
— У мяне быў вылет з Сіаня на 00.30 на 3 лютага, але вечарам 1 лютага мне прыйшло паведамленне, што рэйс перанеслі на 2 лютага на 8.15. У аэрапорце квіткі на самалёт не выдалі. Іншыя хлопцы, якіх таксама не пусцілі на пасадку, стараюцца стэлефанавацца са сваімі амбасадамі. Дакументы ў аэрапорце аб тым, па якой прычыне нас не пускаюць на рэйс, не далі. У многіх стыкоўныя рэйсы.
Дзяўчына кажа, што яна таксама тэлефанавала ў пасольства Беларусі ў Пекіне, і ёй, як і іншым пасажырам, якіх не пусцілі на рэйс, патлумачылі, што зараз чартарнымі рэйсамі з Кітая будуць перавозіць толькі грамадзян Расіі.
Каб неяк урэгуляваць сітуацыю, падключыліся прадстаўнікі аэрапорта. У выніку ў аэрапорце прынялі рашэнне вярнуць ня адляцеўшым пасажырам грошы за квіткі.
— Цяпер мы чакаем кампенсацыі за авіябілеты, яе будуць выдаваць наяўнымі: тым у каго рэйсы набытыя ў адной авіякампаніі, яны вернуць грошы цалкам, калі квіткі набытыя ў розны час і не ў адной авіякампаніі, то вернуць толькі за адзін білет. Мне паабяцалі вярнуць грошы цалкам. Тым хто не зможа паляцець сёння, далі гатэль, ваду і печыва.
Дзяўчына плануе купіць новыя авіябілеты ў Пекін або Шанхай, а адтуль ужо дабірацца самалётам да Масквы.Нагадаем, яшчэ 31 студзеня, як паведамляюць «РІА Навіны», авіякампанія «Уральскія авіялініі» анансавала прыпыненне 11 рэйсаў у Кітай з 1 лютага з-за распаўсюджвання каранавіруса.
Авіякампанія планавала вывозіць турыстаў з Кітая чартарнымі рэйсамі, а пасажырам, якія набылі ў іх квіткі, прапанавала аформіць вымушанае вяртанне без штрафаў і ўтрыманняў. Пры гэтым Расія ў цэлым абмежавала авіязносіны з Кітаем. Рэйсы паміж краінамі будуць толькі ў пяці кампаній, у тым ліку ў чатырох кітайскіх, і ўсе яны будуць ажыццяўляцца толькі з тэрміналу F аэрапорта Шарамеццева.
Сітуацыя ў свеце
2 лютага стала вядома аб першай ахвяры новага каранавіруса за межамі Кітая. Памёр 44-гадовы пацыент на Філіпінах. Агульная колькасць ахвяр віруса 2019-nCoV ўжо перавысіла 300 чалавек, у ліку тых, хто заразіўся — больш за 14 тысяч.
Як паведамляе Расійская служба ВВС, усяго вірус выяўлены ў 23 краінах свету. У ЗША ўлады абвясцілі надзвычайную сітуацыю ў галіне аховы здароўя, што здараецца даволі рэдка. Яна прадугледжвае забарону на ўезд усіх замежных грамадзян, якія за апошнія два тыдні пабывалі ў Кітаі.
Расія раней закрыла сваю мяжу з Кітаем, а таксама забараніла ўезд грамадзян Кітая праз прапускныя пункты на мяжы з Манголіяй. Падобныя абмежаванні таксама ўвялі Аўстралія, Японія, Пакістан і Італія.
Аднак Сусветная арганізацыя аховы здароўя (СААЗ) пакуль такія меры не рэкамендуе. «Абмежаванні на перамяшчэння могуць прынесці больш шкоды, чым карысці, і робяць цяжкім абмен інфармацыяй, пастаўкі медыцынскага абсталявання і медыкаментаў, і прычыняючы шкоду эканоміцы», — заявіў у пятніцу кіраўнік СААЗ.
СААЗ лічыць, што неабходна аглядаць прыбываючых пасажыраў у афіцыйных пагранічных пунктах, такіх як аэрапорты і марскія парты. Арганізацыя папярэдзіла, што закрыццё межаў можа на справе прывесці да паскарэння распаўсюджвання інфекцыі, так як людзі будуць спрабаваць перасякаць межы нелегальна, а значыць без усялякага кантролю.
Якія меры прымае Беларусь
2 лютага 2020 года пры садзейнічанні пасольства Беларусі ў Кітаі з горада Ухань правінцыі Хубэй, закрытага на каранцін з-за ўспышкі каранавіруса, арганізавана эвакуацыя пяці грамадзян Беларусі, якія звярнуліся па дапамогу.
МЗС КНР паведамляе, што замежныя грамадзяне могуць пакінуць рэгіёны правінцыі Хубэй на падставе афіцыйнага запыту амбасады. Аднак пасля выезду замежнікі будуць змешчаны «на каранцін» па месцы знаходжання ў Кітаі тэрмінам на 14 дзён.
У Беларусі цяпер праводзяць супрацьэпідэміялагічныя мерапрыемствы, каб не дапусціць пападання віруса ў краіну. У Нацыянальным аэрапорце ўзмацнілі кантроль. Спачатку супрацоўнікі медыцынскай службы падымаюцца на борт самалёта для выяўлення пацыентаў з прыкметамі віруснай інфекцыі, і затым такія пацыенты перадаюцца медыцынскай службе грамадзянскай авіяцыі. Для іх памежны і мытны кантроль праводзіцца асобна, каб не змешваць патокі пасажыраў. У аэрапорце працуе лабараторыя, дзе пасажыры, якія доўга былі ў Кітаі, могуць прайсці дыягностыку на новы від пнеўманіі — у іх бяруць мазкі са слізістай. Вынік будзе гатовы на працягу 4-12 гадзін. Аналізы праводзяцца за кошт дзяржбюджэту.
На сайце Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя з'явіўся нумар гарачай лінія па пытаннях прафілактыкі інфекцыі, выкліканай каранавірусам 2019-nCoV. Тэлефон гарачай лініі +375 (29) 156-85-65, званкі прымаюцца ў працоўныя дні з 8:30 да 13:00 і з 13:30 да 18:00.
Медыкі лічаць, што заразіцца новым вірусам досыць няпроста, павінен быць працяглы кантакт з хворым на вірус. У зоне рызыкі знаходзяцца медыцынскія работнікі. Сімптомаў, якія характэрныя выключна для кітайскага каранавіруса, няма. Гэты вірус можа выяўляцца і кашлем, і падвышанай тэмпературай. Аднак смяротнасць ад гэтага віруса пнеўманіі нашмат ніжэй, чым падчас двух іншых хваляў атыповых каранавірусных інфекцый, якія фіксаваліся ў свеце раней. У групе рызыкі — пажылыя людзі, у якіх ёсць спадарожныя захворванні. Інкубацыйны перыяд захворвання — 14 дзён.
Пасля прыбыцця з краін, у якіх рэгістраваліся выпадкі новага віруса пнеўманіі, трэба на працягу 14 дзён па магчымасці мінімізаваць кантакты з навакольнымі, не наведваць масавых мерапрыемстваў і сачыць за зменамі ў стане здароўя. У выпадку павышэння тэмпературы цела, кашлю, дыхавіцы, трэба звярнуцца да медыкаў і па магчымасці выклікаць хуткую.