Беларусь — у Еўропу?
Іншым часам, калі прагнозы спраўджваюцца, —пачуццё супярэчлівае. У мінулым годзе, калі Парламенцкая асамблея Савета Еўропы ўзнавіла паўнамоцтвы расійскай дэлегацыі (насуперак здароваму сэнсу, бо яе выключылі праз анексію Крыма, якая нікуды не падзелася), «Новы Час» задаўся пытаннем: «Час на Беларусь?»

Як пісаў тады Алесь Кіркевіч, «застацца за бортам Савета Еўропы, у які нават Расію вярнулі, ужо неяк сорамна. Быццам гэта ў нас “Боінгі” збіваюць ды дасылаюць разліваць “навічок” па ўсім свеце супрацоўнікаў спецслужбаў… Крыўдна».
І вось — пачалося. Дэпутат расійскай Дзярждумы і чалец расійскай дэлегацыі ў ПАСЕ Леанід Слуцкі заявіў, што Беларусь павінна атрымаць статус спецыяльна запрошанай у ПАСЕ. Прычым, гэта ён сказаў падчас абмеркавання справаздачы лорда Дэвіда Бленкатры па выбарах у Беларусі, якія прайшлі 17 лістапада. Згодна з высновамі еўрапейскіх місій назірання, яны «прайшлі спакойна, але не адпавядалі міжнародным стандартам дэмакратычных выбараў».
У справаздачы канстатуецца, што беларускія ўлады не выканалі рэкамендацыі міжнародных назіральнікаў, дадзеныя пасля выбараў 2016 года. Сярод асноўных недахопаў выбарчай кампаніі еўрапейцы адзначылі звыклыя для нас рэчы — незбалансаванасць складу выбарчых камісій, абмежаванні пры галасаванні, парушэнні правоў кандыдатаў, абмежаванні пры рэгістрацыі кандыдатаў, зняцце кандыдатаў з выбараў па нязначных прычынах, крымінальную адказнасць за паклёп, што вядзе да самацэнзуры СМІ. Дзяржаўныя СМІ не асвятлялі кампаніі ўсіх кандыдатаў, таму выбаршчыкі атрымлівалі недастаткова інфармацыі пра незалежных кандыдатаў, і гэтак далей, далей, далей.
Біргір Торарынсан з Ісландыі ўвогуле заявіў, што «ніколі да гэтага не бачыў такіх выбараў». «Яны былі несвабоднымі, непразрыстымі і недэмакратычнымі. Беларусы — прыязныя, сумленныя і ветлівыя людзі. Яны заслугоўваюць большага», — сказаў ён.
І на фоне гэтага ўзнікла прапанова Слуцкага па вяртанні Беларусі ў ПАСЕ ў якасці «спецыяльна запрошанай». Слуцкі заклікаў зыходзіць з прагрэсу Беларусі, які краіна зрабіла за некалькі гадоў.
Цікава толькі, дзе ён пабачыў той прагрэс, калі ўсе астатнія казалі, наадварот, пра рэгрэс? Прынамсі, зазначалася, што, у адрозненне ад ППНС склікання №6, у ППНС №7 не ўвайшоў ніводны апазіцыянер. А выбары ад пачатку былі прызначаныя з парушэннем правоў дэпутатаў ППНС №6, якім па-валюнтарысцку «абрэзалі» тэрмін паўнамоцтваў амаль на год. Можа гэта, на думку Слуцкага, і ёсць «павелічэнне правамоцтваў Палаты прадстаўнікоў»?
Расію можна зразумець. Ёй адной у ПАСЕ няўтульна. Тым больш, што расійскай дэлегацыі актыўна супрацьстаяць Украіна і краіны Балтыі — аж да таго, што на гэтай сесіі было аспрэчана абранне прадстаўніка Расіі Пятра Талстога віцэ-прэзідэнтам ПАСЕ. Каб стаць віцэ-прэзідэнтам Асамблеі, яму цяпер давядзецца прайсці працэдуру таемнага галасавання. А прадстаўнікі Літвы і Латвіі ўвогуле прапанавалі перагледзець паўнамоцтвы расійскай дэлегацыі. Паводле рэгламенту, для прыняцця прапановы патрабаваліся галасы не менш за 30 дэпутатаў з 5 нацыянальных дэлегацый, і такая падтрымка была атрыманая.
Калі Расія прасуне ў ПАСЕ Беларусь, нават у статусе «спецыяльна запрошанага», ёй будзе лягчэй. У нас жа не толькі «Саюзная дзяржава», ЕАЭС і АДКБ. У нас існуе і пагадненне паміж Міністэрствамі замежных спраў па каардынацыі дзеянняў у міжнародных арганізацыях. То-бок, беларуская дэлегацыя, згодна з гэтым пагадненнем, проста вымушаная будзе падтрымліваць пазіцыю расійскага боку. Прычым, ключавое слова тут — «вымушаная».
Але, насамрэч, справа тут больш цікавая. Як вядома, Расія вядзе сваю гульню ў Еўропе. Па меркаванні заходніх аналітыкаў, дзеянні Расіі ў Еўропе заключаюцца ў «размыванні» еўрапейскіх каштоўнасцяў, еўрапейскай ідэнтычнасці, і як вынік — еўрапейскага адзінства. Гэта робіцца праз падтрымку папулістаў-еўрафобаў, умяшанне ў выбары, інфармацыйныя спецаперацыі і «фабрыкі троляў»… Гэтыя захады павінны аслабіць Еўропу, што будзе карысна для Расійскай Федэрацыі.
Прапанова Слуцкага — менавіта ў гэтым: падрыў аўтарытэту ПАСЕ, арганізацыі, якая пакліканая абараняць дэмакратыю і правы чалавека, праз уключэнне ў яе склад відавочна аўтарытарнага рэжыму, які правы чалавека не выконвае і не збіраецца гэта рабіць. Які фальсіфікуе выбары і адзіны ў Еўропе ўжывае смяротнае пакаранне.
Відавочна, што з такім «чальцом», нават проста «спецыяльна запрошаным», аўтарытэт ПАСЕ скоціцца ніжэй за плінтус. Што цалкам укладаецца ў стратэгію Расіі ў ЕС.
Пакуль прапанову Слуцкага, падаецца, пракацілі. Прадстаўнік Літвы Эгідыюс Варэйкіс адзначыў, Беларусь не можа ўваходзіць у ПАСЕ толькі таму, што яна знаходзіцца ў Еўропе. ПАСЕ — не геаграфічная арганізацыя, а арганізацыя, якая абараняе правы чалавека.
Але спробы працягнуцца. І толькі ад ПАСЕ залежыць, ці застанецца яна на каштоўнасным падмурку, альбо, як з пытаннем узнаўлення паўнамоцтваў расійскай дэлегацыі, пераважыць «рэалпалітык».