Рэдактара «Нашай нівы» Марціновіча сілавікі пабілі пры затрыманні
Галоўнага рэдактара «Нашай Нівы» Ягора Марціновіча збівалі пры затрыманні, у выніку чаго ён атрымаў траўму галавы, паведамляе «Свабода».

Пра гэта паведаміў ТГ-канал «Нашай Нівы». Сайт выдання па-ранейшаму заблакаваны.
Пасля ператрусаў у офісе і дома Ягора Марціновіча павезлі ў Следчы камітэт на допыт, дзе яму выклікалі хуткую дапамогу. Як паведаміла прэс-служба СК, Марціновічу была наданая медыцынская дапамога.
Мінулую ноч Ягор Марціновіч правёў у ізалятары на Акрэсціна, ён кажа, што адчувае сябе лепей. 9 ліпеня раніцай яго ўпершыню пакармілі, а затрымалі ўчора, каля 10 гадзін раніцы. Яму і іншым вязням у камеры не выдалі матрацы і пасцелі.
Галоўнага рэдактара «Нашай Нівы» Ягора Марціновіча затрымалі на 72 гадзіны як падазраваны па ч. 1 арт. 342 (арганізацыя ці падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або ўдзел у іх). Таксама ў ІЧУ на Акрэсціна ў такім жа статусе знаходзяцца галоўны рэдактар часопіса «Наша гісторыя» Андрэй Дынько, кіраўнік аддзела рэкламы і маркетынгу Андрэй Скурко, галоўны бухгалтар Вольга Раковіч.
Андрэй Скурко хворы на цукровы дыябет, інсуліназалежны, яму дазволілі ўзяць лекі з разлікам на трое сутак.
Мінімум 14 прадстаўнікоў медыясферы і грамадскіх актывістаў затрымалі 8 ліпеня па ўсёй Беларусі. Пра гэта сведчаць даныя праваабаронцаў.
Ператрусы ў журналістаў працягваюцца і 9 ліпеня. Па стане на 13.30 вядома, што 9 ліпеня сілавікі прыйшлі да супрацоўнікаў 7 рэдакцый мінскіх і рэгіянальных незалежных СМІ.