Зміцер Казакевіч: Камусьці патрэбны гэты ціск на журналістаў
Прынамсі трое незалежных журналістаў з Віцебшчыны з учорашняга дня застаюцца за кратамі — гэта Віталь Скрыль з Віцебску, Зміцер Лупач з Глыбокага і Ігар Казмярчак з Воршы.
Журналістаў затрымалі паводле розных абвінавачванняў: публічная абраза службовай асобы, псаванне гарадской маёмасці і проста затрыманне “па непасрэдна ўзніклым падазрэнні ў здзяйсненні злачынства”.
На думку Змітра Казакевіча, кіраўніка віцебскай філіі ГА БАЖ, нумар артыкула, на падставе якога зняволілі журналістаў, цяпер не мае значэння:
— Нас можна зараз абвінавачваць не толькі ў паклёпах, а нават і ў здрадзе Радзіме — гэта ціск, застрашванне, “пасадкі”, прыцягнутыя за вушы абвінавачванні…. Напружанне нарастала, і проста камусьці патрэбна было ўчыніць гэты ціск на журналістаў.
У кватэры Змітра Казакевіча міліцыянты ўчора правялі ператрус — ужо трэці за апошні год. Зноў забралі вернуты пасля мінулага разу ноўтбук жонкі, а цяпер яшчэ і ноўтбук дачкі, два старыя сістэмныя блокі, што стаялі на гаўбцы, два фотаапараты і бел-чырвона-белы сцяжок. У ягонага калегі, незалежнага журналіста Вячаслава Лазарава, пасля ператрусу ў бацькоўскай кватэры міліцыянты забралі старыя CD-дыскі, даўнія акрэдытацыі на фестываль “Славянскі базар” і мабільны тэлефон маці, пакінуўшы жанчыну сталага веку без сувязі.