Вобшукі ў журналістаў працягваюцца і сёння
Сёння, 9 ліпеня «сілавікі» таксама наведалі журналістаў і зладзілі ў іх вобшукі.
Раніцай да брэсцкага журналіста Максіма Хлябца прыйшлі сілавікі. У яго праводзіцца вобшук.
14:00 У Максіма Хлябца пасля ператрусу забралі ноўтбук і тэлефоны. Ператрус праходзіў у рамках справы аб тэрарызме. Максім праходзіць па справе ў якасці сведкі. Ён на волі.
Вобшук адбываецца і ў адміністратара партала "Віртуальны Брэст" Андрэя Кухарчыка.
Вобшук адбываецца і ў журналісткі партала Onliner Настассі Занько, паведамляе тэлеграм-канал t.me/nashaniva
14:35 Ператрус у кватэры журналіста Onliner Настасся Занько завершаны. Па інфармацыі партала, у пастанове на вобшук напісана, што аператыўныя мерапрыемствы праводзяцца ў рамках арт. 293 КК (масавыя беспарадкі), арт. 342 КК (арганізацыя або ўдзел у дзеяннях, якія парушаюць грамадскі парадак). Гаворка ідзе пра акцыі пратэсту, якія прайшлі ў жніўні 2020 года.
Настассю павезлі на допыт, яе працэсуальны статус пакуль невядомы. У яе ёсць адвакат, які будзе спрабаваць патрапіць на следчыя дзеянні. Рэдакцыя звярнулася за афіцыйным каментаром ў СК.
Журналістка «Радыё Рацыя» Таццяна Смоткіна таксама паведаміла ў сацсетках, што да яе дому пад'ехалі сілавікі, перадае БАЖ. "Пад'ехалі і да майго дома міліцыянты. Стаіць машына пакуль каля дома, міліцыянты чытаюць у ёй нейкія паперы пакуль. Усё, выходжу з сацсетак", — напісала Таццяна ў фэйсбуку.
У рэдакцыю газеты "Ганцавіцкі час" прыйшлі сілавікі, па словах аднаго з супрацоўнікаў — з КДБ.
Ператрусы таксама праходзяць у рэдактара сайта "Першы Рэгіён" Паўла Дайліда. Рэдактар Алег Супрунюк, які атрымаў нядаўна штраф, не выходзіць на сувязь.
У рэдакцыю "Інфармпрагулкі" (Лунінец) таксама прыйшлі сілавікі.
Стала вядома, што сілавікі прыйшлі з перетрусам да Ганны і Дзяніса Якштас (Ганна — галоўны рэдактар “Моцных навін”, Дзяніс — журналіст), паведамляе Пётр Кузняцоў у сваім Тэлеграме. Прыйшлі таксама да журналіста “Моцных навін” Ірыны Вольскай і да кіраўніка рэкламнага аддзела Яўгеніі Крэшчук. Днём быў ператрус у бабулі Ганны Якштас — бо там прапісаная журналістка.
Міліцыя прыйшла да журналістаў "Моцных навін" Наталлі Суславай, Юрыя Глушакова і Кацярыны Тэліман.
Праходзяць ператрусы, канфіскоўваюць тэхніку.
Тым часам дома ў галоўнага рэдактара Ганны Якштас скончыўся ператрус. Канфіскавалі тэхніку.
Да стваральніка “Моцных навін” Пятра Кузняцова таксама прыйшлі сілавікі. Да яго прыйшлі дадому ў Гомелі.
У гомельскага карэспандэнта газеты "Народная воля" Анатоля Гатоўчыца таксама адбыўся ператрус, піша "Гомельская вясна". Сілавікі забралі ўсю тэхніку: кампутары, дыктафон, здымач, накапляльнікі інфармацыі. Пры чым журналісту не патлумачылі па якой справе адбываецца ператрус, паказалі толькі нумар гэтай справы.