«Як у страшным сне: паўз лужок з рамонкамі да дома нясецца натоўп з закрытымі тварамі і аўтаматам»

Паліна Скурко, жонка Андрэя Скурко, распавяла на сваёй старонцы ў фэйсбуку пра тое, як у іх раніцай здарыўся ператрус і пра ўчорашні доўгі дзень —  яго яна так не хоча «пабачыць яго ў сне, што ўсяляк адцягвае засынанне».

Фота з фэйсбука Паліны Скурко

Фота з фэйсбука Паліны Скурко

«Самай стромнай была раніца. Мы з малым толькі ўсталі, яшчэ не адзеліся, я традыцыйна ўвешчавала яго звярнуць увагу на гаршчок.

Андрэй дасыпаў. Я пачула за вокнамі галасы. Адхінаю фіранку, а там... Гэта нагадвала сон. І як у сне я зараўла з усёй сілы: "Андрээээйка, вобшук!!! Андрэй, у нас вобшук!!!!!"

Выходзіць мой муж з пакоя: "Ты нешта казала?"

Некалі будзе смешна ўспамінаць, спадзяюся.

Андрэй трымаўся агурком: спакойна, усё нармальна, гэта штатная сітуацыя.

Шкадую, што не ўвесь час была побач, трымала яго за руку.

Мы з малым тусаваліся па ўсім доме, бо малога на месцы не ўтрымаеш. А Андрэй з гэтымі людзьмі ("джэнтльменамі") пераходзіў з пакоя ў пакой. Было смешна, калі Тамаш закамандаваў ісці на двор, і мы з міліцыяй шукалі яго другі сандалік. "Па-мойму, ён сам нёс яго ў бок ваннай", — паказвае адзін з панятых. "Я пагляджу", — кажа чалавек у масцы. "Вы не бачылі?" — пыталіся адзін у аднаго. І на фоне Тамаш крычаў сваёй звацельнай інтанацыяй: "Сандалік!"

Другому дзядзю ён падносіў, каментуючы, усе свае цацкі. Дзядзя нават запусціў яму юлу.

"Навошта патрэбна столькі кніг", — пыталіся тым часам у Андрэя. "Я так і не прыдумаў, што адказаць", — кажа ён мне потым. Рэдкасны выпадак, калі мой дасціпны, вясёлы муж не прыдумаў адказу.

З кніг міліцыю найбольш зацікавілі лісты Януша Радзівіла, палескія песні з нотамі, Карлас Шэрман, савецкая падлеткавая аповесць "Побеждая оглянісь"... Была яшчэ камічна-драматычная сітуацыя з удзелам літаратуразнаўчых твораў Дзмітрыя Быкава. Але яе, спадзяюся, герой раскажа ў мемуарах.

Перажываю за майго Андрэйку, мой скарб. Увесь дом перапах чужымі парфумамі, але яны ўжо амаль выветрыліся.

Перажываю за сённяшнія сны і заўтрашняе прабуджэнне. Калі малы па сваёй звычцы дзелавіта пойдзе адчыняць усе дзверы: "Тата! Тата?"

Я так люблю цябе, мой мілы.

PS. Падыходжу да спальні ў час гэтага ўсяго і чую адтуль Андрэеў голас: "Цікава, што аснову эканомікі Старажытнай Русі складаў гандаль рабамі..."

Зараз Андрэй і яшчэ тры супрацоўнікі "Нашай Нівы" затрыманыя. Яны падазраваныя па нейкай крымінальнай справе».

Нагадаем, кіраўнік аддзела рэкламы і маркетынгу "Нашай Нівы" Андрэй Скурко праходзіць падазраваным па ч.1 арт. 342 КК («Арганізацыя ці падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або ўдзел у іх»). Ён затрыманы на 72 гадзіны.