Чорны чацвер незалежных СМІ. Самае галоўнае

У чацвер, 8 ліпеня, стала вядома пра чарговы напад на незалежныя СМІ: шматлікія ператрусы ў рэдакцыях, затрыманні супрацоўнікаў.

images_135.png


Наша Ніва


20:35 Галоўны бухгалтар НН Вольга Раковіч — падазраваная па ч.1 арт. 342 КК («Арганізацыя ці падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або ўдзел у іх»). Яна затрыманая на 72 гадзіны і будзе дастаўленая ў ІЧУ на Акрэсціна.

Пад вечар стала вядома, што галоўны рэдактар «Нашай Нівы» Ягор Марціновіч і рэдактар Андрэй Скурко затрыманыя на 72 гадзіны. Яны дастаўленыя на Акрэсціна.

Вядома, што Ягор Марціновіч праходзіць падазраваным па ч.1 арт. 342 КК («Арганізацыя ці падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або ўдзел у іх»).

Андрэй Дынько — галоўны рэдактар часопіса «Наша гісторыя» і дзіцячых «Дуду» і «Асцярожна: дзеці!» — праходзіць падазраваным па ч.1 арт. 342 КК («Арганізацыя ці падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або ўдзел у іх»), паведамляе ў Фэйсбуку Андрэй Бука. Андрэй Дынько затрыманы на 72 гадзіны і будзе дастаўлены ў ІЧУ на Акрэсціна.

Кіраўнік аддзела рэкламы і маркетынгу НН Андрэй Скурко таксама праходзіць падазраваным па ч.1 арт. 342 КК («Арганізацыя ці падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або ўдзел у іх»). Ён затрыманы на 72 гадзіны, піша «Наша Ніва».

Андрэй Скурко хворы на цукровы дыябет, інсуліназалежны, яму дазволілі ўзяць лекі з разлікам на трое сутак.

16.00 Да галоўрэда НН Ягора Марціновіча ў СК прыехала хуткая дапамога, паведамляе тэлеграм-канал выдання.

Як стала вядома, ператрус і допыты супрацоўнікаў «Нашай Нівы» праводзяцца па арт.342 КК («Арганізацыя ці падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або ўдзел у іх»), арт. 293 КК («Масавыя беспарадкі»). Ператрус адбыўся ў рэдакцыі выдання, офісе бухгалтэрыі, а таксама дома ў рэдактараў Ягора Марціновіча, Андрэя Скурко і Андрэя Дынько, у бухгалтаркі Вольгі Раковіч. Ператрусы праводзілі супрацоўнікі розных упраўленняў органаў унутраных спраў, допыты праходзяць у СК.

15.45 Намеснік галоўнага рэдактара «Нашай Нівы» Арцём Гарбацэвіч заявіў, што пакуль не ведае, у рамках якой крымінальнай справы праходзяць ператрусы ў супрацоўнікаў рэдакцыі.
«Мы ведаем, што нешта адбываецца, але ў межах якой крымінальнай справы, мы пакуль не ведаем. Паколькі афіцыйныя органы не каментуюць нічога або з імі проста немагчыма звязацца. Мы ведаем, што ў некаторых нашых супрацоўнікаў дома праходзяць ператрусы. Мы таксама ведаем (але выключна паводле паведамленняў з сацыяльных сетак), што былі некаторыя людзі з сілавых органаў у нашай рэдакцыі. У рэдакцыі фізічна знаходзяцца не ўсе супрацоўнікі, таму мы (хто не быў у рэдакцыі) не ведаем, хто да нас прыйшоў і чаму. Сайт недаступны», — сказаў Гарбацэвіч у каментары TUT.BY.
Ён таксама падкрэсліў, што «такая сінхроннасць дзеянняў сілавых органаў і пастановы Мінінфармацыі аб блакаванні сайта нагадвае кейс TUT.ВY, калі адначасова былі адрэзаныя рэсурсы і затрыманыя людзі».

14.28 Як высветлілася, затрымлівалі рэпарцёра «НН» Наталлю Лубнеўскую і фатографку Шуру Піліповіч-Сушчыц. Яны былі дапытаныя і адпушчаныя пад падпіску аб неразгалошванні, паведамляе Telegram-канал выдання.
Зранку перастаў адкрывацца сайта nn.by. Сайт недаступны як з Беларусі, так і за межамі краіны. Пазней стала вядома, што цяпер афіцыйна — сайт «Нашай Нівы» заблакаваны паводле рашэння Міністэрства інфармацыі. «На падставе паведамлення Генеральнай пракуратуры ў сувязі з размяшчэннем інфармацыі, распаўсюджванне якой забаронена пунктам 1 артыкула 38 Закона Рэспублікі Беларусь "Аб сродках масавай інфармацыі", Міністэрствам інфармацыі прынята рашэнне аб абмежаванні доступу да інтэрнэт-рэсурсу nn.bу», — адзначаецца на сайце mininform.gov.by.
Сілавікі прыйшлі з ператрусам у офіс «Нашай Нівы». Таксама з ператрусам прыйшлі да супрацоўнікаў бухгалтэрыі, паведамляе тэлеграм-канал БАЖ. Ператрус у офісе бухгалтэрыі «Нашай Нівы» праводзілі супрацоўнікі цэнтральнага апарата МУС. У офісе бухгалтэрыі «Нашай Нівы» скончыўся ператрус. Вынятыя дакументы. Галоўнага бухгалтара Вольгу Раковіч павезлі дамоў на ператрус.
Затрыманы галоўны рэдактар выдання Ягор Марціновіч, у яго дома прайшоў ператрус. Таксама ператрус ідзе дома ў рэдактара «Нашай Нівы» Андрэя Скурко. Няма сувязі з шэф-рэдактарам выдання Андрэем Дынько, імаверна, ён таксама затрыманы.

Пасля ператрусу Ягора Марціновіча вывелі з дому двое сілавікоў, яго рукі скаваныя за спінай. Ператрус дома ў рэдактара «Нашай Нівы» Андрэя Скурко скончаны. Яго павезлі на допыт.

orsha.eu

 У Оршы затрыманы праваабаронца і рэдактар сайта orsha.eu Ігар Казмерчак. У 6:30 у яго адбыўся ператрус.
У Ігара забралі тэлефон і ноўтбук. Пасля ператрусу яго затрымалі.
Пазней стала вядома, што Ігара Казмерчака дапыталі пра псаванне гарадскіх збудаванняў надпісамі палітычнага зместу. Міліцыянты распачалі крымінальную справу паводле арт. 341 КК РБ. Пра якія аб'екты гарадской інфраструктуры вядзецца ў гэтай справе, застаецца невядомым. Ігар Казмярчак затрыманы на 72 гадзіны і знаходзіцца ў аршанскім ІЧУ. 
Таксама а 6-й раніцы ператрус адбыўся ў фатографа сайта Дзяніса Дубкова. Яго вазілі на допыт, але праз некалькі гадзін адпусцілі. Сутнасць размоў у міліцыі Дзяніс не раскрывае, бо даў падпіску аб неразгалошванні таямніцы следства.

«Брэсцкая газета»

У рэдакцыю БГ прыйшлі сілавікі, паведамляюць супрацоўнікі, якія не знаходзяцца ў рэдакцыі. Паводле слоў відавочцаў, чатыры ці пяць чалавек стукалі ў дзверы рэдакцыі і пагражалі выламаць дзверы.

Была затрымана брэсцкая актывістка Аляксандра Гаўрусік. Магчыма, гэта звязана з ператрусам у «Брэсцкай газеце».
Каля 13:50 стала вядома, што Аляксандру змясцілі ў Ленінскі ІЧУ Брэста (так адказалі яе знаёмым у ізалятары). Мяркуецца, што дзяўчына знаходзілася ў офісе выдання «Брэсцкая газета», калі там пачаўся ператрус, з тых часоў яна не адказвала на званкі, паведамляюць праваабаронцы.

«Intex-Press»

У рэдакцыю баранавіцкага недзяржаўнага выдання «Intex-Press» прыйшлі з вобшукам супрацоўнікі КДБ. Пра гэта паведамілі супрацоўнікі газеты.

bobr.by

Зараз у Бабруйску адбываецца ператрус дома ў журналісткі Алесі Лацінскай. Яна супрацоўнічае з мясцовым медыя bobr.by, паведамляе тэлеграм-канал БАЖ.

Віцебск

Сілавікі прыйшлі ў кватэру фрылансера з Віцебска Змітра Казакевіча. Аднак яго не было дома, піша БАЖ.
Ператрус праводзілі на падставе крымінальнай справы за паклёп, заведзенай у дачыненні да нявызначанай асобы. Паклёп датычыцца супрацоўніка міліцыі з Лепеля па прозвішчы Міхно. Па выніках ператрусу, што цягнуўся амаль тры гадзіны, забралі ноўтбукі жонкі і дачкі Казакевіча, два старыя сістэмныя блокі, два фотаапараты і маленькі БЧБ-сцяжок.
Ператрус прайшоў і ў незалежнага журналіста Вячаслава Лазарава ў Віцебску, паведамляе БАЖ.
Міліцыянты шукалі яго ў кватэры маці, дзе ён прапісаны. З Вячаславам яны не сустрэліся, але канфіскавалі тэлефон у жанчыны — сказалі, што на экспертызу, каб пашукаць інфармацыю пра злачынствы, да якіх нібыта можа мець дачыненне яе сын.


«Media-Polesye»

Ператрус прайшоў і ў рэдакцыі Media-Polesye.by. Пра гэта паведаміў тэлеграм-канал выдання.