Сайт «Нашай Нівы» заблакаваны паводле рашэння Мінінфарма
Цяпер афіцыйна — сайт «Нашай Нівы» заблакаваны паводле рашэння Міністэрства інфармацыі.
«На падставе паведамлення Генеральнай пракуратуры ў сувязі з размяшчэннем інфармацыі, распаўсюджванне якой забаронена пунктам 1 артыкула 38 Закона Рэспублікі Беларусь "Аб сродках масавай інфармацыі", Міністэрствам інфармацыі прынята рашэнне аб абмежаванні доступу да інтэрнэт-рэсурсу nn.bу», — адзначаецца на сайце mininform.gov.by.
Пункт 1 артыкула 38 тычыцца інфармацыі ад арганізацый, якія не прайшлі дзяржаўную рэгістрацыю, звестак, якія прапагандуюць спажыванне наркотыкаў, інфармацыі аб непаўналетніх без згоды законнага прадстаўніка, а таксама інфармацыі, накіраванай на прапаганду вайны, экстрэмісцкай дзейнасці або інфармацыі, якая змяшчае заклікі да такой дзейнасці.
Пакуль вядома, што сілавікі прыйшлі з ператрусам у офіс «Нашай Нівы». Таксама з ператрусам прыйшлі да супрацоўнікаў бухгалтэрыі, паведамляе тэлеграм-канал БАЖ.
Затрыманы галоўны рэдактар выдання Ягор Марціновіч, у яго дома прайшоў ператрус. Таксама ператрус ідзе дома ў рэдактара «Нашай Нівы» Андрэя Скурко. Няма сувязі з шэф-рэдактарам выдання Андрэем Дынько, імаверна, ён таксама затрыманы.
Няма сувязі з рэпарцёркай Наталляй Лубнеўскай, а таксама фатографкай Шурай Піліповіч-Сушчыц. Імаверна, яны знаходзіліся ў офісе, куды прыйшлі сілавікі.