Генадзь Коршунаў: У «перагорнутую старонку» ніхто не верыць, і ў першую чаргу — улады

Сацыёлаг на падставе абагульнення даных некалькіх выпускаў Беларускага трэкера перамен і лічбаў праваабаронцаў распавядае пра заканамернасці ў рэпрэсіўных практыках дзяржавы і прыходзіць да высновы, што чакаць спынення рэпрэсій бліжэйшым часам не даводзіцца.

hroniki_cihaha_supacivu__8__logo_2.jpg

— У мінулую пятніцу, 15 верасня, мы з калегамі прэзентавалі шостую справаздачу Беларускага трэкера перамен. Справаздачы мы рыхтуем па выніках назіранняў па сваіх сферах за апошнія тры месяцы. Гэта добры фармат для таго, каб падняцца крыху вышэй над паўсядзённымі навінамі і ўбачыць трэнды, якія складваюцца на працягу больш-менш працяглых адрэзкаў часу, — піша Коршунаў на сайце «Цэнтра новых ідэй».

З часавым інтэрвалам звязаны і абмежаванні такога фармату. У яго рамкі не вельмі ўкладваюцца абагульненні больш высокага ўзроўню, якія складаюцца з умоўна «квартальных» трэндаў.

Першы вялікі трэнд можна пазначыць, верагодна, як пэўную стабілізацыю рэпрэсій.

Зразумела, што ўсёй карціны па затрыманнях і судах мы цяпер, на жаль, убачыць не можам. Аднак калі паспрабаваць без эмоцый паглядзець на сітуацыю і абаперціся на даступныя даныя, то складваецца адчуванне, што рэпрэсіі, звязаныя з затрыманнямі, арыштамі і судамі, верагодна, выходзяць на нейкае своеасаблівае плато.

На падобныя думкі наводзіць, па-першае, памесячная дынаміка колькасці палітвязняў. Вось ужо пяты месяц — з красавіка 2023 года — іх колькасць вагаецца на ўзроўні +/- 1500 чалавек. Гэта значыць, што, колькі людзей атрымлівае такі статус, столькі ж і выходзіць з месцаў зняволення.

Нагадаем, што ўсяго з 2020 года палітвязнямі былі прызнаны практычна 2230 чалавек. Паводле інфармацыі ПЦ «Вясна», цяпер у зняволенні знаходзіцца больш за 1500 палітвязняў. На думку прадстаўніцы кабінета Ціханоўскай па сацыяльных пытаннях Вольгі Гарбуновай, іх можа быць у тры разы больш.

А вось якая колькасць людзей прызнавалася палітычнымі зняволенымі цягам апошніх 12 месяцаў.

opera_snimok_2023_09_20_124043_newideas.center.png

Як мы бачым, за апошнія 12 месяцаў гэта ў сярэднім 61 чалавек, калі па 8 месяцах 2023 года — у сярэднім 55 чалавек у месяц.

Другі момант — вядомая нам дынаміка затрыманняў па палітычных матывах (яшчэ раз падкрэслім, што гэта не вычарпальныя даныя). Яна, вядома, мае хвалепадобны характар з пікамі ў сакавіку і чэрвені, аднак відавочнай тэндэнцыі да росту на дадзены момант хутчэй не назіраецца.

opera_snimok_2023_09_20_124116_newideas.center.png

Калі казаць аб сярэдніх значэннях, то за апошнія 12 месяцаў затрымлівалі прыблізна 365-370 чалавек у месяц, за 8 месяцаў бягучага года ўсяго – 360-365.

Трэці момант — памесячная колькасць асуджаных па палітычных матывах. Па наяўных даных, яна таксама выходзіць на нейкі сярэдні ўзровень. Асабліва добра гэта відаць, калі браць даныя не за 12 месяцаў, а толькі за перыяд 2023 года: на працягу гэтага перыяду ў сярэднім за месяц было асуджана па 55 чалавек (у разліку на 12 месяцаў – 61 чалавек).

opera_snimok_2023_09_20_124148_newideas.center.png

І чацвёрты момант — дынаміка ўнясення людзей у так званы «спіс экстрэмістаў» («пералік арганізацый і фізічных асоб, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці»). Гэта, бадай, самы выразны паказчык дзеянняў улад, на які не ўплываюць асаблівасці дзейнасці валанцёрскіх сетак. І гэты паказчык таксама дэманструе досыць выразную планку, на якой ён трымаецца: +/- 100 чалавек у месяц. Дакладней, за 8 месяцаў бягучага года — у сярэднім 115 чалавек у месяц.

Калі ўсё вышэй пададзенае ўзбуйніць да кварталаў або сезонаў, то ў цэлым атрымліваецца наступная карціна.

opera_snimok_2023_09_20_124224_newideas.center.png

Пры гэтым разлічваць на зніжэнне рэпрэсіўнага ціску не даводзіцца. Афіцыйная пазіцыя ўлад, якую агучваюць сілавікі рознага ўзроўню — «Рэпрэсіі спыняцца не будуць!». Пра гэта прама гавораць і камандуючы ўнутранымі войскамі МУС Мікалай Карпянкоў, і намеснік начальніка ГУБАЗіК Міхаіл Бедункевіч, і начальнік УУС Гродзенскага аблвыканкама Дзмітрый Разянкоў.

А чаму рэпрэсіі будуць працягвацца? Таму што ў «перагорнутую старонку» ніхто не верыць.

«Таму што калі людзей не хапаць, не біць, не судзіць, не кідаць у турмы, то тады яны зноў пачнуць працаваць супраць нас» (с) улада