«Спадзяюся, гэты працэс стане штуршком для далейшых разбіральніцтваў адносна Лукашэнкі»

Юрыдычны кансультант арганізацыі Trial International Бенуа Мэйстрэ і яго каманда былі аднымі з ініцыятараў судовага працэсу над былым байцом САХРа Юрыем Гараўскім. Ён распавёў «Новаму часу», як пачынаўся гэты працэс.

Бенуа Мэйстрэ, юрыдычны кансультант Trial International (злева) разам з кіраўніком арганізацыі Філіпам Грантам.

Бенуа Мэйстрэ, юрыдычны кансультант Trial International (злева) разам з кіраўніком арганізацыі Філіпам Грантам.

— Калі мы з партнёрамі, сярод якіх Праваабарончы цэнтр «Вясна», убачылі ў 2019 годзе дакументальны фільм з удзелам Гараўскага, мы зразумелі, што падазраваны Гараўскі можа знаходзіцца ў Швейцарыі. Калі мы знайшлі пацвярджэнне гэтай інфармацыі, мы вырашылі распачаць гэтую справу ў судзе. Прысутнасць Гараўскага ў Швейцарыі давала магчымасць мясцовым уладам прыцягнуць яго да адказнасці ў судовым парадку. 

Мы звязаліся са сваякамі загінулых беларускіх апазіцыянераў, і яны падтрымалі нашу ініцыятыву, што з’яўляецца вельмі важным. Роля сваякоў ахвяр, якія і самі з’яўляюцца ахвярамі, у гэтым працэсе вельмі вялікая, нашмат больш важная, чым наша як арганізацыі. Мы можам звярнуцца ў суд са скаргай, але не можам быць тым ці іншым бокам у судовым разбіральніцтве. 

Пасля таго, як мы падалі скаргу ў швейцарскі суд, у якой мы падрабязна абгрунтавалі, чаму гэты працэс павінен адбыцца, суд прыняў справу да разгляду вельмі хутка, літаральна праз тры дні. Пракурор даследаваў «справу Гараўскага» каля года, што таксама даволі хутка, улічваючы яе маштаб і аб’ём фактуры, — гаворыць эксперт.

Глядзіце таксама

Швейцарскі юрыст уважліва назіраў за працэсам Гараўскага, і кажа, што звязвае вялікія надзеі і з самім працэсам, і з прысудам.

— Кейс Гараўскага — гэта прэцэдэнт. Калі суд прызнае яго вінаватым, сем’і загінулых атрымаюць хоць нейкую палёгку ў маральным плане, адчуванне таго, што справядлівасць хоць нейкім чынам перамагла, аднавілася. Гэта важна і для сем’яў, і для ўсёй дэмакратычнай грамадскасці, не толькі беларускай, — дзеліцца думкамі Бенуа Мэйстрэ.

Суразмоўца зазначае, што ў выпадку абвінаваўчага прысуду замацаваныя ў ім сведчанні, іх юрыдычнае абгрунтаванне, ацэнка трагічных падзей судовымі ўладамі, могуць стацца моцным штуршком для далейшых міжнародных разбіральніцтваў у дачыненні да вышэйшага кіраўніцтва Беларусі, а менавіта Лукашэнкі і яго высокапастаўленых сілавікоў. 

— Таксама гэта можна натхніць і іншыя дэмакратычныя краіны правесці ў сябе падобныя разбіральніцтвы ў адносінах да тых прадстаўнікоў рэжыму, што чыняць сур’ёзныя злачынствы супраць беларускіх грамадзян, — падсумоўвае швейцарскі праваабаронца.

Глядзіце таксама