«Судовы працэс над удзельнікам "эскадрону смерці" Гараўскім будзе мець гістарычнае значэнне»

Юрый Гараўскі, былы супрацоўнік САХРа — атрада, які падпарадкоўваўся Лукашэнку — паўстане перад крымінальным судом у швейцарскім Сэн-Галене. Ён абвінавачваецца ва ўдзеле ў гвалтоўных знікненнях трох ключавых палітычных апанентаў Лукашэнкі ў 1999 годзе. Судовае разбіральніцтва было ініцыяванае з прычыны крымінальных пазоваў сваякоў дзвюх ахвяр і падтрымліваецца FIDH, TRIAL International і праваабарончым цэнтрам «Вясна», якія адначасова падалі скаргу аб узбуджэнні крымінальнай справы.

51665479_303_1_logo.jpg.webp

Як адзначае «Вясна», Юрый Гараўскі будзе прыцягнуты да адказнасці за гвалтоўныя знікненні Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага 25 гадоў таму ў Беларусі.

Гэты крымінальны працэс прынцыпова адрозніваецца ад папярэдняй практыкі: упершыню грамадзянін Беларусі паўстае перад судом за гвалтоўнае знікненне з прычыны выкарыстання механізму ўніверсальнай юрысдыкцыі. Гэта таксама першае прымяненне ў Швейцарыі палажэння, якое прадугледжвае крымінальную адказнасць за дадзенае злачынства. Судовае разбіральніцтва запланавана на 19 і 20 верасня 2023 года.

«Першы ў гісторыі судовы пераслед меркаванага сябра «эскадрону смерці» Лукашэнкі з'яўляецца магутным сігналам грамадству: правасуддзе па міжнародных злачынствах можа і будзе ажыццяўляцца незалежна ад дзяржаўных межаў і часу, якое прайшло з моманту здзяйснення злачынстваў», — заявіў Павел Сапелка, юрыст «Вясны». — Прынцып універсальнай юрысдыкцыі трывала і грунтоўна замацоўваецца ў судовых сістэмах. Крок за крокам мы дамагаемся таго, каб міжнародныя злачынцы не змаглі пазбегнуць адказнасці».

Знікненні палітычных апанентаў Лукашэнкі

У перыяд з траўня па верасень 1999 года у Мінску зніклі некалькі ключавых фігур апазіцыі: Юрый Захаранка, былы міністр унутраных спраў, Віктар Ганчар, былы намеснік прэм'ер-міністра ў першыя гады прэзідэнцтва Лукашэнкі, і Анатоль Красоўскі, бізнесмен і блізкі сябар Ганчара. Сем'і загінулых рабілі шматлікія спробы атрымаць інфармацыю пра месцазнаходжанне сваіх сваякоў. Аднак праваахоўныя органы Беларусі сістэматычна адмаўляліся ад пераследу вінаватых і прыцягнення іх да адказнасці.

Механізм універсальнай юрысдыкцыі дазваляе ажыццявіць прарыў пасля шматгадовых бясплённых спробаў дамагчыся справядлівасці

«Гэты працэс — вялікі рывок у барацьбе з беспакаранасцю за злачынствы, учыненыя ў Беларусі, — заявіў Севярын Вальц, адвакат, які прадстаўляе інтарэсы сваякоў ахвяраў. — Галоўная надзея маіх кліентаў — дамагчыся пэўнасці ў лёсе сваіх бацькаў праз рашэнне, вынесенае ў рамках належнага судовага разбору».

«Гэты судовы працэс будзе мець гістарычнае значэнне. Дзякуючы гэтаму працэсу механізм універсальнай юрысдыкцыі становіцца ўсё больш рэальным і канкрэтызаваным, — заявіла Воні Рамбаламанана, старэйшы юрысконсульт TRIAL International. — Гэта справа створыць прэцэдэнт, і судовы пераслед падобных злачынстваў у Швейцарыі паслужыць прыкладам для ўсяго свету».


Глядзіце таксама

Пераломны момант для Беларусі?

У Беларусі палітычныя апаненты, праваабаронцы, адвакаты, журналісты і радавыя грамадзяне падвяргаюцца арыштам, затрыманням па палітычных матывах і пазбаўляюцца сваіх асноўных правоў.

Нядаўні прысуд супраць праваабаронцаў з «Вясны», у тым ліку супраць лаўрэата Нобелеўскай прэміі міру 2022 года Алеся Бяляцкага з'яўляецца помстай за 25 гадоў іх праваабарончай дзейнасці ў Беларусі.

«Гэта можа стаць пераломным момантам для міжнароднага правасуддзя ў дачыненні да злачынстваў, учыненых рэжымам у Беларусі, — дадаў Ілля Нузаў, кіраўнік аддзела FIDH па Усходняй Еўропе і Цэнтральнай Азіі. — Суд над Гараўскім можа не толькі прывесці да асуджэння аднаго з выканаўцаў жахлівых злачынстваў, але і выявіць факты, якія пасля могуць быць выкарыстаныя для пераследу тых, хто аддаваў загады аб здзяйсненні гэтых злачынстваў, уключаючы самога Лукашэнку».