У Швейцарыі пачнуць судзіць экс-байца беларускага «эскадрона смерці» Гараўскага

У Швейцарыі пройдзе суд над Юрыем Гараўскім, які, як мяркуецца, удзельнічаў у выкраданні беларускіх палітыкаў у канцы 1990-х. Гэта можа стаць першым прысудам па справе аб знікненні Захаранкі, Ганчара і Красоўскага.

60356988_303_logo.jpg.webp

Суд над экс-байцом беларускага спецыяльнага атрада хуткага рэагавання (САХР) Юрыем Гараўскім, які ў 2019 годзе публічна заявіў пра сваё дачыненне да знікненняў апазіцыйных палітыкаў, пачнецца ў верасні. Працэс пройдзе ў адным з кантонаў Швейцарыі, Гараўскага будуць судзіць у рамках універсальнай юрысдыкцыі — яго абвінавачваюць па артыкуле аб знікненні людзей. Згодна з швейцарскім заканадаўствам, за гэта яму можа пагражаць ад 1 года да 20 гадоў пазбаўлення волі. Сам Юрый Гараўскі разлічвае на ўмоўны тэрмін. Падрабязнасці — у матэрыяле DW.

Хто ініцыяваў суд над Гараўскім?

Увесну і ўвосень 1999 года ў Беларусі зніклі былы міністр унутраных спраў Юрый Захаранка, экс-кіраўнік Цэнтрвыбаркама Віктар Ганчар і бізнесовец Анатоль Красоўскі. Афіцыйнае расследаванне іх знікнення выніку не дало, праз 20 гадоў яго зусім спынілі. Хоць яшчэ ў 2004 годзе спецдакладчык Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы (ПАРЕ) Хрыстос Пургурыдэс, вывучыўшы ўсе абставіны, прыйшоў да высновы, што Захаранку, Ганчара і Красоўскага выкралі і забілі байцы САХРа пад камандаваннем падпалкоўніка Дзмітрыя Паўлічэнкі з ведама кіраўніцтва краіны. Такую версію падзяляюць і родныя зніклых, але даказаць яе пакуль не ўдалося.

Адным з меркаваных удзельнікаў выкрадання быў Юрый Гараўскі, пра што ён публічна заявіў у 2019 годзе ў інтэрв'ю Deutsche Welle. Ён у падрабязнасцях распавёў, як у траўні 1999-га прыклаў руку да знікнення былога міністра ўнутраных спраў Юрыя Захаранкі, аднаго з галоўных крытыкаў Аляксандра Лукашэнкі. Паводле слоў Гараўскага, у верасні таго ж года ён удзельнічаў у выкраданні экс-кіраўніка ЦВК Ганчара і прадпрымальніка Красоўскага.

Інтэрв'ю, якое выйшла ў снежні 2019 года, лягло ў аснову справы, якую ініцыявала праваабарончая арганізацыя Trial International, распавядае яе юрыдычны кансультант Бенуа Мейстрэ. «У сваім інтэрв'ю Юрый Гараўскі згадаў, што знаходзіцца ў Альпах. Гэта выклікала наш інтарэс, бо магло азначаць, што да яго можа быць ужытая ўніверсальная юрысдыкцыя, — кажа Мейстрэ. — Мае калегі правялі невялікае расследаванне і ўстанавілі, што ён сапраўды знаходзіцца ў Швейцарыі. Улічваючы сказанае ім публічна, мы вырашылі, што гэтага дастаткова, каб скласці пазоў».

Пасля таго як праваабаронцы сабралі дадатковыя матэрыялы, яны звязаліся з роднымі зніклых палітыкаў. У выніку ў пракуратура аднаго з кантонаў Швейцарыі было прадастаўлена адразу тры пазовы — ад Алены Захаранкі, дачкі зніклага экс-кіраўніка МУС Беларусі, Валерыі Красоўскай, дачкі зніклага бізнесмэна, а таксама ад Trial International і яе партнёраў.


Глядзіце таксама

Чаму такое абвінавачанне?

Расследаванне справы пракурор завяршыў прыкладна за год. Для падобных выпадкаў гэта невялікі тэрмін, падкрэслівае Бенуа Мейстрэ, паколькі было сабрана шмат матэрыялаў і сам падазраваны быў гатовы гаварыць. «Пасля было зроблена абвінаваўчае заключэнне, справу перадалі ў суд. Падрыхтоўка да працэсу заняла яшчэ некаторы час».

У выніку супраць Юрыя Гараўскага выставілі абвінавачванне ў дачыненні да шматлікіх знікненняў людзей.

Што менавіта адбылося з Захаранкам, Ганчаром і Красоўскім пасля пахавання, дагэтуль застаецца незразумелым, іх целы так і не былі знойдзеныя. У інтэрв'ю Юрый Гараўскі сцвярджаў, што яны нібыта былі забітыя з пісталета. Як тлумачыць адвакат, які прадстаўляе інтарэсы Алены Захаранкі і Валерый Красоўскай (юрыст папрасіў не называць яго імя), на дадзены момант у справе няма прамых доказаў, што Юрый Гараўскі быў датычны менавіта да забойства зніклых. Паводле швейцарскага крымінальнага права, дзеянні былога сілавіка падпадаюць пад артыкул аб гвалтоўным знікненні людзей, для гэтага «выкананыя» дзве ўмовы: удзел у выкраданні і ўтойванне гэтай інфармацыі ад сваякоў. Адсюль — такое абвінаваўчае заключэнне.

Паводле слоў адваката, яго даверніцы і ён будуць настойваць на абвінаваўчым прысудзе для Юрыя Гараўскага. За гэта, паводле заканадаўства Швейцарыі, экс-байцу Сахра пагражае ад 1 да 20 гадоў пазбаўлення волі.


Глядзіце таксама

Гараўскі разлічвае на ўмоўны тэрмін

Сам Юрый Гараўскі разлічвае на ўмоўны тэрмін, а таксама на тое, што яго могуць прызнаць сведкам па справе. «Чым суд можа скончыцца, я не ведаю. Хутчэй за ўсё, умоўным тэрмінам. Як мне сказаў пракурор, дэпартацыі сто адсоткаў не будзе. Я пацвярджаю, што быў саўдзельнікам злачынства, але паколькі я першым прызнаўся, разлічваю таксама на статус сведкі. Але ўсё залежыць ад рашэння суда», — сказаў мужчына.

Паводле слоў Юрыя Гараўскага, пра працэс ён даведаўся ў пачатку лета 2023 года. Ён упэўнены, што гэта «будзе паказальны суд, каб Еўрасаюз сказаў, што мы гэтых людзей асуджаем». «Я ўжо сваё адбаяўся, мне перажываць няма чаго. Мне дакладна было сказана: «Рыхтуйся, на цябе будзе абвешчанае ціхае паляванне». Жыву, хаджу, азіраюся, па баках гляджу, каб не было праблем, менш кантактую з людзьмі. Але рана ці позна гэта можа скончыцца ў тым плане, што я проста перастану баяцца. Хоць смерці я баюся, я нармальны чалавек, але хадзіць і азірацца па баках, баяцца ўсяго вакол псіхалагічна складана».

Раней Юрый Гараўскі заяўляў пра пагрозы, якія паступалі ў яго адрас і адрас яго сям'і.


Глядзіце таксама

«Гэта прэцэдэнт»

Разгляд справы аб выкраданні беларускіх апазіцыйных палітыкаў будзе першым падобным выпадкам у Швейцарыі, падкрэслівае юрыдычны кансультант Бенуа Мейстрэ. Да гэтага справы аб гвалтоўным знікненні ў краіне ніколі не разглядаліся. «Гэта стане прэцэдэнтам», — кажа ён.

Справа ўнікальная для швейцарскай прававой сістэмы яшчэ і з таго пункту гледжання, што гэта першае злачынства, якое было здзейснена ў Беларусі, але расследавана і разгледжана ў рамках універсальнай юрысдыкцыі ў Швейцарыі. «Рашэнне, прынятае ў Швейцарыі, можа стаць прыкладам для разглядаў у іншых краінах, — лічыць юрыст. — Калі заўтра падобную справу будуць разглядаць у Францыі, французскі суддзя можа ўлічваць швейцарскі працэс, рашэнне суда, пабудову абвінавачвання і гэтак далей».

Як адзначае адвакат Алены Захаранка і Валерый Красоўскай, працэс супраць Юрыя Гараўскага стане першым у гісторыі, калі зніклыя без вестак палітыкі стануць тэмай судовага разбору і па іх будзе прынята рашэнне, якое ў будучыні можа ініцыяваць новыя працэсы.