У Швейцарыі будуць судзіць беларускага вайскоўца Гараўскага, які расказаў пра ўдзел у забойствах апазіцыйных палітыкаў
Праз некалькі месяцаў у Швейцарыі пачнецца судовы працэс па справе Юрыя Гараўскага — экс-байца Спецыяльнага атраду хуткага рэагавання ўнутраных войскаў МУС Беларусі, які амаль тры гады таму прызнаўся ў саўдзеле ў выкраданні і забойстве ў 1999 годзе палітычных апанентаў Аляксандра Лукашэнкі.
У чым абвінавачваюць Гараўскага
16 ліпеня мінулага года Юрыя Гараўскага, паводле яго слоў, выклікалі на першы допыт, які цягнуўся каля 12 гадзін. Потым, у верасні, быў яшчэ адзін. Пасля гэтага пракуратура Швейцарыі распачала крымінальную справу. Пацярпелымі па ёй праходзяць Алена Захаранка, дачка зніклага экс-міністра ўнутраных спраў Беларусі Юрыя Захаранкі, і Валерыя Красоўская, дачка бізнэсоўца Анатоля Красоўскага, які знік разам з апазіцыйным палітыкам Віктарам Ганчаром.
На допытах, як вынікае з абвінаваўчага заключэння, Гараўскі расказаў пра падзеі траўня і верасня 1999 года, калі зніклі спачатку Захаранка, а потым Красоўскі — і разам з ім экс-кіраўнік Цэнтрвыбаркама Беларусі Віктар Ганчар.
Пракуратура прад’явіла Юрыю Гараўскаму абвінавачанне ў неаднаразовым выкраданні людзей. Яна просіць даць былому байцу год пазбаўлення волі і два гады — умоўна, але на працягу наступных чатырох гадоў ён не павінен парушаць закон. Калі суд прыйдзе да высновы, што абвінавачаны даў хлуслівыя паказанні, яму за гэта таксама пагражае пазбаўленне волі на 9 месяцаў ці ўмоўны тэрмін. Працэс пройдзе ў адным з кантонаў Швейцарыі.
Гараўскі просіць зрабіць суд закрытым
Суд можа пачацца ўжо летам ці ўвосень, лічыць Юрый Гараўскі. Такой жа думкі прытрымліваецца і яго адвакат. Гэта будзе першы працэс па справе асобы, якая, магчыма, датычная да зьнікнення апазіцыйных беларускіх палітыкаў у 1999 годзе.
Дакладная дата судовага працэсу пакуль невядомая. Гараўскі настойвае на тым, каб працэс быў закрытым. «Тут (у Швейцарыі. — Заўв. рэд.) вельмі вялікая беларуская дыяспара. Я не ведаю, чым яна дыхае, хто і куды "злівае" інфармацыю, за што яны жывуць. Няхай лепш будзе закрытым — менш людзей даведаецца (пра яго месцазнаходжанне, — Заўв. рэд.)», — растлумачыў у інтэрв'ю DW экс-сахравец.
Праз засцярогі наконт уласнай бяспекі Гараўскі таксама падаў хадайніцтва, каб суд праходзіў не па яго месцы жыхарства, а ў іншым рэгіёне Швейцарыі: «На працягу чатырох гадоў я стараюся менш кантактаваць і заводзіць знаёмствы. Не ведаю, што будзе заўтра ці праз месяц, таму звожу зносіны да мінімуму. Не хачу нікому ствараць праблемы, не хачу, каб гэтыя праблемы знайшлі мяне. Тут, у Швейцарыі, у асабістым плане ў мяне з'явілася больш свабоды, я маральна і псіхалагічна адпачываю».
Гараўскі расказаў, што знайшоў працу, «жыццё наладжваецца, усё ідзе добра». Паводле яго слоў, адвакат будзе настойваць на ўмоўным тэрміне, аднак асабіста ён гатовы панесці любое пакаранне, якое прызначыць швейцарскі суд. «Такія справы тэрміну даўніны не маюць. Дай Бог, каб над іншымі ўдзельнікамі выкрадання хутчэй адбыўся суд. Я буду сведкам і змагу даць паказанні, хто затрымліваў (апазіцыянераў. — Заўв. рэд.), дзе хто стаяў, хто закопваў», — заявіў Гараўскі.
Якімі будуць наступствы абвінаваўчага прысуду Гараўскаму?
Як тлумачыць Алесь Міхалевіч, чэшскі адвакат і спецыяліст па крымінальным праве ў галіне міжнародна-прававога супрацоўніцтва, такія справы не маюць прэюдыцыйнага характару. Гэта значыць, што калі суд прызнае Гараўскага вінаватым, а ўсе яго паказанні — праўдзівымі, то рашэнне па яго справе не нясе аўтаматычнага прызнання віны іншых удзельнікаў падзей, пра якія ён расказвае.
«У прысудзе будзе ўказана, што толькі гэты канкрэтны чалавек — Юрый Гараўскі — з'яўляецца вінаватым. Максімум — яго паказанні з працэсу над ім жа могуць быць выкарыстаныя ў адкрытым справядлівым судовым разглядзе па астатніх удзельніках справы», — удакладняе Міхалевіч.
Паводле яго слоў, у краінах Заходняй Еўропы нячаста праходзяць завочныя суды без прысутнасці абвінавачаных, паколькі такі фармат парушае іх права на абарону. Выключэнні бываюць, але вельмі рэдка: «Але калі паказанні Гараўскага будуць прынятыя судом, яны могуць стаць падставай, каб распачаць іншыя крымінальныя справы ў дачыненні да названых асоб. Такім чынам, Швейцарыя можа даслаць прамы запыт у Беларусь аб аказанні прававой дапамогі і экстрадыцыі дадзеных асоб, альбо падаць запыт у Інтэрпол і запатрабаваць іх выдачы».
Будучы працэс Алесь Міхалевіч называе «гістарычным»: «Доўгі час дыктатары хаваліся за тое, што злачынства было ўчыненае на іх тэрыторыі і толькі яны мелі права расследаваць абставіны гэтай справы. Тэрытарыяльнасць дазваляла схаваць мноства злачынстваў і не давесці іх да суду. Я лічу, што злачынствы супраць чалавечнасці і датычныя катаванняў могуць быць расследаваныя і ў іншых юрысдыкцыях. Гэта само па сабе правільна, і гэта гістарычныя рэчы», — упэўнены адвакат.