Дачцэ Юрыя Захаранкі распавялі, як яго забівалі
Праз 20 гадоў пасля знікнення экс-кіраўніка МУС Беларусі Захаранкі яго дачка сустрэлася з удзельнікам забойства палітыка – былым байцом САХРу Гараўскім, каб даведацца дэталі аб смерці бацькі. «Ніколі не думала, што сустрэчу саўдзельніка забойства майго бацькі», – кажа Алена Захаранка.
За некалькі тыдняў да гэтай сустрэчы Юрый Гараўскі, экс-баец спецыяльнага атрада хуткага рэагавання (САХР) унутраных войскаў МУС Беларусі, прызнаўся DW, што ўдзельнічаў у выкраданні і забойстве бацькі Алены, былога міністра ўнутраных спраў Беларусі Юрыя Захаранкі, а таксама экс-кіраўніка Цэнтрвыбаркама Віктара Ганчара і бізнесоўца Анатоля Красоўскага. У канцы 1990-х гэтыя асобы выступалі супраць прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі. У 1999 годзе спачатку Захаранка, а затым і Ганчар з Красоўскім бясследна зніклі. Расследаванне іх знікнення не было даведзена да канца, Захаранкі дагэтуль афіцыйна не прызнаны памерлым.
Пра сустрэчу з Гараўскім дачка Юрыя Захаранкі папрасіла сама. Ёй было важна паглядзець яму ў вочы – яна ўпэўненая, што так зможа зразумець, гаворыць ён праўду. «Мы доўгі час думалі, што бацьку забівалі павольна, расчляняючы яго. Гэта было невыносна. Мне трэба ведаць, што гэта адбылося хутка. Я хоць неяк супакою сваю душу», — тлумачыць Алена Захаранка.
Гараўскі на сустрэчы распавёў: вось так Захаранкі схапілі, ззаду зашпілілі кайданкі, пасадзілі ў машыну галавой ўніз паміж сядзеннямі. Моўчкі выехалі за горад – гучала радыё. Дасталі з машыны, паклалі на зямлю, заснавальнік САХРу Дзмітрый Паўлічэнка двойчы ў яго стрэліў. Пагрузілі ў багажнік на ўжо падрыхтаваную цырату, адвезлі ў крэматорый, спалілі...
— Вы казалі, што за бацькам вялася сачэнне.
— Мы проста прыязджалі да дома і глядзелі, дзе, хто, як будзе расстаўлены. Мы назіралі, супастаўлялі час яго прыезду, колькі ён ідзе ад стаянкі да хаты. 10 хвілін. Вось у гэтыя 10 хвілін мы павінны былі ўкласціся. Але сам момант затрымання вашага бацькі, яго пагрузкі ў машыну – гэта было секунд 20-30.
— Што вы бачылі? Ён заўсёды быў адзін?
— Адзін раз ён стаяў і хвілін 10-15 размаўляў з ахоўнікам на стаянцы.
— Гэта праўда. Ён часта размаўляў з ім. Я доўгі час думала, што бацькі расчлянілі, рэзалі па частках...
— Не, не і яшчэ раз не. На ўсё пра ўсё сышло каля чатырох-пяці гадзін. Як вы думаеце, за гэты час можна забіць, спаліць цела, прыехаць на базу? Калі мы павінны былі катаваць вашага бацьку? І што мы павінны былі даведацца?
— У яго, напэўна, быў нейкі кампрамат.
— Гэтых фактаў я не маю, нам пра яго ўвогуле нічога не было сказана. Толькі «тут зарыентавацца», «тут прасачыць».
— Забіць чалавека, а потым шпацыраваць, смяяцца... Бо кажуць, калі хочаш застрэліць, то толькі не глядзі ахвяры ў вочы...
— Ніхто і не глядзеў. Яго паклалі тварам уніз. Яму стралялі ў спіну, вашаму бацьку, як і Ганчару, і Красоўскаму. Ім усім стралялі ў спіну.
Падрабязней глядзіце ў відэа: