Юрый Гараўскі, які распавёў пра «эскадрон смерці», кажа пра распачатую на яго крымінальную справу
Былы баец САХРа (спецыяльнага атрада хуткага рэагавання) Юрый Гараўскі заяўляе, што ў Беларусі на яго пачалі крымінальную справу, а на яго сваякоў цісне КДБ.
![60356988_303.jpg 60356988_303.jpg](/img/v1/images/60356988_303.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Гэта адбылося пасля таго, як экс-спецназавец расказаў пра «экскадрон смерці», што знішчаў палітычных апанентаў Лукашэнкі, паведамляе «Еўрарадыё».
Паводле слоў Гараўскага, пасля публікацыі яго сваякоў некалькі разоў выклікалі ў КДБ. У Беларусі ў яго засталіся маці, брат, былая жонка і дачка. Потым іх пакінулі ў спакоі, але ў снежні 2021-га ціск аднавіўся. На працу да яго брата прыехалі супрацоўнікі АМАПа і адвезлі ў Генпракуратуру, дзе яго апытвалі каля пяці гадзін.
Паводле Гараўскага, брата апытвалі каля пяці чалавек — усе палкоўнікі і падпалкоўнікі КДБ. Яны цікавіліся асобай Гараўскага і кантактамі з ім.
![Дачцэ Юрыя Захаранкі распавялі, як яго забівалі Дачцэ Юрыя Захаранкі распавялі, як яго забівалі](/img/v1/images/zah.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
6 студзеня 2022 года, паводле словах экс-спецназаўца, ён даведаўся, што на яго пачалі крымінальную справу. Па якім артыкуле, ён не ведае.
Таксама Гараўскі паведаміў, што пасля візіту ў Генпракуратуру ўсе яго сваякі сталі невыязнымі з Беларусі.
Ціск на сваякоў ён расцэньвае як спосаб спецслужбаў уздзейнічаць на яго самога: «Мне здаецца, гэта маральны ціск (на сваякоў). Выбіць з-пад ног устойлівасць, каб былі падставы брата пасадзіць і сказаць мне: "Ён сядзіць з-за цябе"».
Аднак вяртацца ў Беларусь Гараўскі не збіраецца. Ён плануе напісаць заяву ў Генпракуратуру Беларусі і прызнацца ў саўдзеле ў злачынствах, «каб пачаліся нармальныя вышуковыя мерапрыемствы». У заяве ён плануе напісаць, што заказчыкам палітычных забойстваў быў Лукашэнка. «Рыхтуем з юрыстамі неабходныя дакументы. Накірую іх праз давераную асобу. Чаму раней не напісаў гэтую заяву? Не было нагоды. А цяпер, калі пачалі тузаць сваякоў... Гэта пераходзіць усе межы», — заяўляе ён.
![Экс-баец спецатрада МУС Беларусі прызнаўся ў забойствах апазіцыянераў Экс-баец спецатрада МУС Беларусі прызнаўся ў забойствах апазіцыянераў](/img/v1/images/51665479_303.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
Гараўскі пакінуў Беларусь у 2019 годзе. Тады ж ён расказаў замежным журналістам, што ў 1990-х удзельнічаў у фізічнай ліквідацыі палітычных апанентаў улады — былога старшыні ЦВК Віктара Ганчара, экс-міністра ўнутраных спраў Юрыя Захаранкі, бізнесмена Анатоля Красоўскага. Паводле яго слоў, усіх траіх застрэліў асабіста заснавальнік САХРа падпалкоўнік Дзмітрый Паўлічэнка.