Людзі знікаюць па ўсім свеце — і гэтыя знікненні пакрываюць улады

13 гадоў таму Генеральная Асамблея ААН абвясціла 30 жніўня Міжнародным днём ахвяр гвалтоўных знікненняў. Гвалтоўныя знікненні — на жаль, вельмі вядомая для Беларусі гісторыя: у нас ёсць свая незагойная рана, і вельмі хочацца верыць, што забойствы, якія здзейсніў рэжым, не застануцца беспакаранымі.

Гвалтоўна выкрадзеныя і забітыя палітычныя апаненты Лукашэнкі Юрый Захаранка, Дзмітрый Завадскі, Віктар Ганчар і Анатоль Красоўскі. Калаж «НЧ»

Гвалтоўна выкрадзеныя і забітыя палітычныя апаненты Лукашэнкі Юрый Захаранка, Дзмітрый Завадскі, Віктар Ганчар і Анатоль Красоўскі. Калаж «НЧ»

Гвалтоўныя знікненні — гэта інструмент запалохвання грамадства. З гадамі гэтая дзейнасць, якая атрымала асаблівае распаўсюджанне пры ваенных рэжымах, эвалюцыянавала і цяпер ужываецца як спосаб рэпрэсій у дачыненні да непажаданых для ўлад грамадзян.

Паводле міжнароднага закону, гвалтоўнае знікненне мае тры ключавыя элементы. Першы — гэта непасрэдна пазбаўленне волі чалавека супраць яго жадання. Прычым спосаб не так важны: гэта можа быць як выкраданне, так і завуаляваны пад законны арышт.

Другі элемент — прамы або ўскосны ўдзел уладаў. Гэта значыць, што выканаўцамі могуць быць як праваахоўнікі (паліцэйскія, супрацоўнікі спецслужб), так і члены вайсковых і паўвайсковых фарміраванняў, дзеянні якіх ухваляе ўрад.

Трэці і найбольш адметны элемент гвалтоўнага знікнення — непрызнанне таго факта, што чалавек быў захоплены, і таму ахвяра пазбаўляецца шанца быць знойдзенай і вызваленай.

Гвалтоўнае знікненне парушае адразу некалькі асноўных правоў чалавека і можа расцэньвацца як злачынства супраць чалавечнасці. Гэта даволі вядомы спосаб рэпрэсій. Ён шырока ўжываўся Адольфам Гітлерам у часы Другой сусветнай вайны, потым стаў спосабам ліквідацыі людзей ваеннымі рэжымамі Лацінскай Амерыкі ў 1970-х — 1980-х гадах. Таксама выпадкі гвалтоўных знікненняў былі ў многіх краінах свету: Югаславіі, Шры-Ланцы, Бурундзі, Іраку і іншых. Вельмі часта злачынцы застаюцца беспакаранымі. 

Гэтая праблема закранае многія краіны па ўсім свеце: ад Бангладэш і Лаоса да Мексікі, Сірыі, Іспаніі, Босніі і Герцагавіны. Нягледзячы на тое што ў некаторых краінах прайшлі суды над падазраванымі, беспакаранасць працягвае існаваць. Большасць рэальных вінаватых так ніколі і не былі закліканыя да адказу праз тое, што гэтага не хацелі ўлады краін.


Глядзіце таксама

Гвалтоўныя знікненні, якія некалі асацыяваліся толькі з рэжымамі ваеннай дыктатуры, могуць сёння здзяйсняцца ў сітуацыях ўнутраных канфліктаў, асабліва ў якасці сродку палітычнага падаўлення апанентаў. Асаблівую заклапочанасць выклікаюць:

  • бесперапынны пераслед праваабаронцаў, сваякоў пацярпелых, сведак і адвакатаў, якія займаюцца выпадкамі гвалтоўнага знікнення;
  • выкарыстанне дзяржавамі антытэрарыстычнай дзейнасці ў якасці апраўдання за парушэнне сваіх абавязацельстваў;
  • усё яшчэ шырока распаўсюджаная практыка беспакаранасці ў дачыненні да гвалтоўных знікненняў.

Генеральная Асамблея ААН сваёй рэзалюцыяй 65/209 ад 21 снежня 2010 года выказала сур'ёзную занепакоенасць павелічэннем колькасці гвалтоўных знікненняў у розных раёнах свету, уключаючы арышт, затрыманне і выкраданне, якія з'яўляюцца часткай гвалтоўных знікненняў або раўназначныя ім, і ростам колькасці паведамленняў пра пераслед, жорсткае абыходжанне і запалохванне, якім падвяргаюцца сведкі знікненняў або сваякі зніклых асоб.

Той жа рэзалюцыяй Асамблея абвясціла 30 жніўня Міжнародным днём ахвяр гвалтоўных знікненняў.

Гвалтоўныя знікненні. Прыклады некаторых краін

Індыя

Паводле даных урада штата Джаму і Кашмір, з 1989 года, калі ў штаце пачаўся ўзброены канфлікт, без вестак зніклі звыш 4 тысяч чалавек. Аднак «Асацыяцыя бацькоў асоб, зніклых без вестак» лічыць, што насамрэч гэты спіс налічвае ад 8 да 10 тысяч чалавек. Большасць зніклых без вестак — юнакі, тым не менш сярод зніклых лічацца асобы ўсіх узростаў, прафесій і сацыяльнага становішча, многія з якіх не маюць аніякага дачынення да груповак ўзброенай апазіцыі, якія дзейнічаюць у штаце Джаму і Кашмір. Насуперак абавязацельствам зноў абраных уладаў штата, якія абяцалі прыцягнуць вінаватых у парушэннях правоў чалавека да крымінальнай адказнасці, Джаму і Кашмір, расследаванне правялі толькі ў дачыненні да нязначнай колькасці кейсаў.

Выпадкі гвалтоўных знікненняў застаюцца беспакаранымі не толькі ў штаце Джаму і Кашмір. Паведамленні пра знікненні рэгулярна паступалі з індыйскага штата Пенджаб у перыяд палітычнай канфрантацыі з сярэдзіны 1980-х па сярэдзіну 1990-х, а таксама з паўночна-ўсходняга рэгіёна Індыі.

Паўночная Карэя (Карэйская Народна-Дэмакратычная Рэспубліка)

Тысячы мужчын і жанчын былі арыштаваныя, затрыманыя або выкрадзеныя па даручэнні, пры падтрымцы або папушчальніцтве ўрада Паўночнай Карэі. Сярод асоб, якія падвергліся гвалтоўнаму знікненню, я— сотні грамадзян Паўднёвай Карэі, грамадзяне Японіі, выхадцы не менш чым з дзесяці іншых краін, а таксама тысячы грамадзян Паўночнай Карэі. У КНДР без вестак зніклі таксама сотні прымусова дэпартаваных з Кітая грамадзян, якія нелегальна эмігравалі з краіны праз голад у сярэдзіне 1990-х гадоў.

Вядома пра выпадкі знікнення яшчэ ў 1953 годзе. Нягледзячы на тое, што ў Паўднёвай Карэі і Японіі праводзілася расследаванне па шэрагу знікненняў, урад Паўночнай Карэі практычна не аказаў ніякага садзейнічання. Незлічоная колькасць грамадзян уласна Паўночнай Карэі зніклі без вестак, у тым ліку тыя, каго пакаралі за супрацоўніцтва з асобамі, варожа настроенымі ў дачыненні да ўрада (так званая «віна за саўдзел»). Урад краіны адмовіўся прызнаць сваю датычнасць і даць інфармацыю пра лёс і месцазнаходжанне зніклых без вестак.


Глядзіце таксама

Пакістан

Пачынаючы з 2002 года ў Пакістане ў рамках «вайны з тэрарызмам» гвалтоўнаму знікненню падвергліся некалькі соцень чалавек. Відавочная абыякавасць з боку ўладаў да знікнення асоб, якія падазраюцца ў дачыненні да тэрарыстычнай дзейнасці, ярка выявілася ў справе аб знікненні меркаваных «палітычных дысідэнтаў», асабліва ў правінцыях Баачыстан і Сіндх.

У выніку пастаянных пратэстаў і зваротаў у суд з боку сваякоў зніклых без вестак, а таксама пазову ў Вярхоўны суд, урад прызнаў факт затрымання дзясяткаў падазраваных у «тэрарызме», аднак месцазнаходжанне большасці зніклых па-ранейшаму невядомае. 

Філіпіны

На Філіпінах з 1970 года ахвярамі гвалтоўных знікненняў сталі звыш 1600 чалавек.  Знікненні ў асноўным адбываюцца падчас карных аперацый, накіраваных супраць камуністычнай «Новай народнай арміі», ісламскага «Фронту вызвалення мора» і іншых мусульманскіх сепаратысцкіх груповак. Сярод пацярпелых у выніку гвалтоўных знікненняў лічацца палітычныя прыхільнікі дадзеных груповак.

Спецыяльны дакладчык ААН па пытаннях аб пазасудовых пакараннях смерцю абвясціў некаторыя прычыны, якія крыюцца за палітычнымі забойствамі. На думку мясцовых праваабаронцаў, гэтыя прычыны, у тым ліку відавочная беспакаранасць тых, хто звязаны з органамі правапарадку, спрыяюць аднаўленню практыкі знікненняў.

Мексіка

У Мексіцы з 60-х гадоў колькасць гвалтоўных знікненняў дасягнула 100 тысяч і працягвае расці, большасць з іх не раскрытыя. Раптоўныя знікненні людзей пачаліся ў 1960-1980-х гадах, але іх колькасць рэзка ўзрасла з 2000-х з распаўсюджваннем незаконнага абароту наркотыкаў і вайны супраць картэляў, якую вёў урад экс-прэзідэнта Фэліпэ Кальдэрона з 2006 па 2012 год.

Нацыянальны рэестр вядзе ўлік знікненняў у Мексіцы, пачынаючы з 1964 года. Паводле базы даных, каля чвэрці зьніклых людзей складаюць жанчыны, а пятай частцы ахвяр на момант знікненьня было менш за 18 гадоў. 97 адсоткаў знікненняў, дата якіх вядомая, адбыліся пасля снежня 2006 года, калі Мексіка рэзка ўзмацніла меры грамадскай бяспекі. 


Глядзіце таксама

Толькі ў 35 зарэгістраваных выпадках знікнення вінаватыя былі прыцягнутыя да адказнасці і асуджаныя. Такі высокі ўзровень беспакаранасці тлумачыцца адсутнасцю эфектыўных расследаванняў. Часцяком сваякі ахвяр, якія і без таго перажываюць знікненне сваіх блізкіх, вымушаныя самі высвятляць, што з імі адбылося.

Туркменістан

Паводле даных на 2022 год, у рамках ініцыяванай няўрадавай арганізацыяй кампаніі «Дакажыце, што яны жывыя!» быў складзены спіс зніклых зняволеных. У ім зафіксаваныя 162 выпадкі гвалтоўных знікненняў. Паводле ацэнак НДА, такіх зніклых людзей былі сотні. У спіс увайшлі былыя міністры замежных спраў Барыс Шыхмурадаў і Батыр Бердыеў, былы дырэктар Туркменбашынскага нафтаперапрацоўчага завода Гуйчмырад Эсенаў і іншыя, абвінавачаныя ў саўдзеле ў нібыта замаху на забойства былога прэзідэнта Сапармурата Ніязава, які нібыта меў месца ў 2002 годзе.

Чачня

Паводле звестак праваабаронцаў, толькі ў перыяд з 2019 па 2022 год у Чачні зніклі без вестак 4 984 чалавекі. Гвалтоўным знікненням падвяргаюцца апазіцыйна настроеныя людзі, журналісты, праваабаронцы, прадстаўнікі ЛГБТК-супольнасці. Праціўнікі кіраўніка краіны Рамзана Кадырава таксама расказваюць пра масавыя затрыманні сваіх сваякоў. Сваякі непажаданых, якія жывуць у Чачні, дэ-факта становяцца закладнікамі рэжыму. А часам праз ціск на сям'ю чачэнскія сілавікі дабіраюцца і да тых, хто жыве па-за межамі не толькі Чачні, але і РФ.

Улады краіны паведамленні пра масавыя выкраданні адмаўляюць, называюць іх «дэзінфармацыяй» і «фэйкамі». «Гэтыя чуткі распускаюць еўрапейскія блогеры, якія адкрыта падтрымліваюць тэрарызм», — цытуюць Кадырава праўладныя медыя ў Чачні і па ўсёй Расіі.

Гвалтоўныя палітычныя знікненні ў Беларусі

7 траўня 1999 года ў Мінску знік былы міністр унутраных спраў і палітычны апанент Аляксандра Лукашэнкі генерал Юрый Захаранка. Паводле афіцыйнай версіі, увечары гэтага дня ў раёне вуліцы Жукоўскага Захаранка быў выкрадзены неўстаноўленымі асобамі з ужываннем гвалту і вывезены на легкавым аўтамабілі ў невядомым кірунку. Па факце знікнення экс-міністра ўнутраных спраў крымінальная справа была ўзбуджаная толькі 17 верасня 1999 года па прыкметах злачынства, прадугледжанага арт.101 Крымінальнага кодэкса («Наўмыснае забойства»).


Глядзіце таксама

16 верасня 1999 года бясследна зніклі былы старшыня ЦВК і таксама апанент Лукашэнкі Віктар Ганчар і бізнесмен Анатоль Красоўскі. Увечары яны пайшлі ў лазню, размешчаную ў Мінску па вуліцы Фабрычная, 20. Апошні раз іх бачылі прыкладна ў 22.35, калі абодва выйшлі з будынка і селі ў «Джып-Чэрокі», які належаў Красоўскаму. 

Крымінальную справу па факце знікнення Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага ўзбудзіла пракуратура Мінска. Паводле даных следства, пры аглядзе прылеглай тэрыторыі былі выяўленыя аскепкі пластмасавых рассейвальнікаў святлосігнальных прыбораў аўтамабіля, сляды тармажэння аўтамашыны і яе ўдару аб дрэва, а таксама сляды крыві. Вынікі генатыпаскапічнай экспертызы паказалі, што паходжанне выяўленых на месцы здарэння слядоў крыві ад Красоўскага выключаецца, а ступень дакладнасці высноў аб паходжання плям крыві ад Ганчара складае 99,6%. Аналіз сабраных па справе доказаў, у тым ліку паказанняў сведак, даў падставу меркаваць, што Ганчар і Красоўскі былі гвалтоўна выкрадзеныя невядомымі асобамі.

7 ліпеня 2000 года быў выкрадзены і, хутчэй за ўсё, забіты аператар расійскага Першага каналаДзмітрый Завадскі — па дарозе ў аэрапорт «Мінск-2», куды ён адправіўся сустракаць забітага пазней ва Украіне журналіста Паўла Шарамета. Машына Завадскага была выяўленая ў аэрапорце, але сам аператар знойдзены не быў. 

3 жніўня 2000 года па абвінавачанні ў выкраданні Завадскага быў затрыманы былы афіцэр спецпадраздзялення «Алмаз» Валерый Ігнатовіч, які вярнуўся з Чачні. Крыху пазней — баец «Алмаза» Максім Малік, тройчы судзімы беспрацоўны Сяргей Савушкін і былы курсант Акадэміі МУС, сусед Ігнатовіча па інтэрнаце Аляксей Гуз

У чэрвені 2001 года адзін з членаў следчай групы па гэтай справе Дзмітрый Петрушкевіч сумесна з іншымі, тады ўжо былымі супрацоўнікамі пракуратуры выступіў з заявай аб тым, што ў Беларусі на загад уладаў была створана спецыяльная група, якая займалася ліквідацыяй «непажаданых» людзей. Усяго, паводле сцвярджэння былых следчых, гэтая група здзейсніла больш за 30 забойстваў. Яна была створана ў 1996-м годзе на загад Віктара Шэймана, тады сакратара Савета Бяспекі, «правай рукі» Аляксандра Лукашэнкі. Група пачала з ліквідацыі «крымінальных аўтарытэтаў», але затым стала атрымліваць і палітычныя замовы. Як заяўлялі следчыя, почырк менавіта гэтай групы прасочваецца ў знікненнях Ганчара, Красоўскага, Захаранкі і Завадскага.

У 2019 годзе экс-баец беларускага САХРа Юрый Гараўскі публічна заявіў, што ўдзельнічаў у выкраданні і забойстве былога старшыні ЦВК Беларусі Віктара Ганчара, экс-міністра ўнутраных спраў Юрыя Захаранкі, бізнэсмена Анатоля Красоўскага напрыканцы 1990-х гадоў. 16 ліпеня 2021 года Гараўскага выклікалі на першы допыт у пракуратуру Швейцарыі, які доўжыўся каля 12 гадзін. Затым, у верасні, быў яшчэ адзін. Пасля гэтага была ўзбуджана крымінальная справа.


Глядзіце таксама

Пацярпелымі па ёй праходзяць Алена Захаранка, дачка зніклага экс-міністра ўнутраных спраў Юрыя Захаранкі, і Валерыя Красоўская, дачка зніклага без вестак бізнесмена Анатоля Красоўскага. Пракуратура Швейцарыі прад'явіла Юрыю Гараўскаму абвінавачанне ў неаднаразовым выкраданні людзей. Яна просіць даць былому сахраўцу год пазбаўлення волі і два гады — умоўна, але на працягу наступных чатырох гадоў ён не павінен парушаць закон. Калі суд прыйдзе да высновы, што абвінавачаны даў ілжывыя паказанні, яму за гэта таксама пагражае пазбаўленне волі на 9 месяцаў або ўмоўны тэрмін. 

Гэта не адзіныя выпадкі гвалтоўнага знікнення людзей у Беларусі. У 2020 годзе, у перыяд мірных пратэстаў супраць фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў сілавікі ажыццявілі масавыя затрыманні людзей, падчас якіх ужывалі катаванні і жорсткае абыходжанне. Пасля гэтых затрыманняў дзясяткі людзей зніклі без вестак, а таксама звыш дзясятка чалавек былі забітыя — і гэта толькі тыя звесткі, пра якія вядома афіцыйна. Выкраданням і зняволенню падвергліся найбольш вядомыя апаненты рэжыму.