Як пасадзіць дыктатара? Нялёгка, але магчыма
Шмат хто ўвогуле не верыў у тое, што злачынцы будуць пакараныя, але такое адбылося. Пра гэта фільм «Аргенціна. 1985», прэм'ера якога прайшла гэтай восенню. Хто сказаў, што падобны працэс не можа паўтарыцца ў нейкай іншай краіне?
А вы ў курсе, што першы буйны судовы працэс па ваенных злачынствах пасля Нюрнбергскага трыбуналу адбыўся ў 1985 годзе ў Аргенціне? Тады на лаве падсудных аказаліся дзевяць лідараў хунты, якая кіравала краінай сем гадоў, з 1976-га да 1983-га, калі рэжым напаткаў крызіс праз паражэнне ў Фалклендскай вайне.
Шок ад прайгранай вайны быў настолькі маштабным, што ўрад Аргенціны практычна цалкам пазбавіўся падтрымкі насельніцтва. У выніку генералам давялося паабяцаць, што яны перададуць уладу абранаму на дэмакратычных выбарах ураду.
Але напярэдадні выбарчай кампаніі хунта паспела выдаць закон аб амністыі, які вызваляў вайскоўцаў і паліцыянтаў ад адказнасці за злачынствы, што былі ўчынены імі ў перыяд ваеннай дыктатуры. Такі крок было варта чакаць з улікам таго, што паспелі нарабіць вайскоўцы. За часы іх кіравання ў Аргенціне без весткі згінулі ад 10 да 30 тысяч грамадзян. Як правіла, людзей забівалі па палітычных матывах.
Але нават амністыя не выратавала злачынцаў. Пасля выбараў і ўступлення на пасаду прэзідэнта Рауля Альфансіна былі неадкладна арыштаваны лідар дыктатуры Хорхе Рафаэль Відэла і шэраг яго паплечнікаў. Адначасова парламент аб'явіў, што закон аб амністыі не мае юрыдычнай сілы.
Аднак асудзіць дыктатара і ягонае атачэнне было нялёгка. Ваенны суд адмовіўся судзіць чальцоў хунты. Тады Альфансін стварыў Нацыянальны крымінальны апеляцыйны суд. Галоўнымі пракурорамі былі назначаны юрыст Хуліа Сезар Штрасера і яго памочнік Луіс Марэна Акампа, якія ў выніку давялі справу да канца.
Зрэшты, стравальнікі стужкі «Аргенціна. 1985» (рэжысёр Санцьяга Мітрэ) яўна не хацелі абмяжоўвацца экранізацыяй падзей тых часоў. Хутчэй ім была цікавая трансфармацыя герояў падчас расследавання злачынстваў дыктатуры. Той жа Штрасера да гэтага працэсу быў шэрым клеркам, вінцікам сістэмы. Сама ідэя — пасадзіць ваенных злачынцаў, нават калі іх ахвярамі былі дзясяткі тысяч ні ў чым не вінаватых суграмадзян — спачатку падаецца юрысту трызненнем. Атрымаўшы назначэнне на гэту справу, Штрасера да апошняга адмахваўся ад яе. Пракурор не можа паверыць у тое, што часы дыктатуры назаўжды засталіся ў мінулым. Толькі падчас працы над зборам доказаў ён нечакана знаходзіць веру і сілы.
Каб выканаць заданне па службе, ён як дысцыплінаваны чыноўнік расследуе злачынствы хунты, у тым ліку выкраданні людзей, катаванні, гвалтоўныя знікненні і забойствы. Гэта выклікае ў героя сапраўдны стрэс. Некаторы час ён сумняецца ў тым, ці можна давесці справу да фіналу, паколькі для абвінавачання неабходны старанна вывераныя доказы, сведчанні злачынстваў і вялізная колькасць даных.
Крытыка адзначае ў фільме тэму моладзі. Галоўнаму герою на экране дапамагае група маладых і неабыякавых стажораў. У фільме з іх узросту і дэфіцыту вопыту не раз будуць жартаваць адвакаты ваенных злачынцаў. Аднак іх роля ў карціне — іншая: на прыкладзе тых маладзёнаў аўтары фільма паказваюць, як змяняюцца думкі ў маладых людзей. Падчас хунты яны былі па-за палітыкай, лічылі, што выбары — гэта нейкая лухта. З прыходам дэмакратыі яны разумеюць, наколькі важныя перамены для іх асабістай рэалізацыі. Як важна не дапусціць вяртання мінулых парадкаў.
Праблемы галоўнага персанажа ўзмацняюцца з-за падзей у яго сям'і. Дачка-падлетак пракурора сустракаецца з незнаёмым бацьку бойфрэндам, якога падазраюць у працы на спецслужбу. Атмасфера недаверу нават на ўзроўні родных — ілюстрацыя таго, як за час дыктатуры страх і падазронасць пракраліся ў калектыўнае несвядомае грамадзян Аргенціны.
Маркерам тых часоў была і моцная спадчына дыктатуры. Як і ў многіх краінах, якія перажылі аўтарытарызм, аргенцінская супольнасць аказалася падзелена наступным чынам: хтосьці лічыў, што ўсе дзеянні хунты былі прадыктаваны абставінамі, а хтосьці называў гэта бязмежжам.
Не дзіўна, што не абышлося без пагроз пракурору. Некаторыя пагрозы перараслі ў гвалт: перад пачаткам працэсу некалькі бомбаў былі ўзарваны ў ключавых урадавых установах, у тым ліку ў Міністэрстве абароны. З-за эскалацыі сітуацыі прэзідэнт Альфансін аб'явіў надзвычайнае становішча тэрмінам на 60 дзён.
Судовы працэс афіцыйна пачаўся 22 красавіка 1985 года. Пракуроры прадставілі 709 спраў, з якіх 280 былі разгледжаны. Падчас перакрыжаванага допыту паказанні далі 833 сведкі. Нарэшце, 9 снежня, вырак быў абвешчаны: генерал Хорхе Відэла і адмірал Эміліа Масера былі прыгавораны да пажыццёвага зняволення, генерал Раберта Віёла — да сямнаццаці гадоў, адмірал Арманда Ламбрускіні — да васьмі гадоў, генерал Арланда Агосці — да чатырох з паловай гадоў.
Для аргенцінцаў такі вердыкт быў амаль цудам. Шмат хто ўвогуле не верыў у тое, што злачынцы будуць пакараны. Зрэшты, для гісторыкаў гэта падзея дасюль вельмі важная. Судовы працэс 1985-га ў Аргенціне пакуль з'яўляецца адзіным прыкладам маштабнага судовага разбору супраць сяброў былога кіраўніцтва дыктатуры.
І хто сказаў, што падобны працэс не можа паўтарыцца ў нейкай іншай краіне?