Як выкрасці і забіць дысідэнта
Пра выкраданне дысідэнта, які хаваўся ад пераследу за мяжой, увесь свет ужо гаварыў 65 гадоў таму.
У сакавіку 1956 года ў Нью-Ёрку загадкава знік Хесус Галіндэс Суарэс (нар. 1915) — баскскі пісьменнік, удзельнік грамадзянскай вайны ў Іспаніі на баку рэспубліканцаў, прадстаўнік баскскага ўрада ў выгнанні.
Пасля таго, як Франка разграміў іспанскую рэспубліку ў 1939-м, Галіндэс Суарэс падаўся ў эміграцыю і асеў у Дамініканскай Рэспубліцы. На новым месцы ён зрабіў фантастычную кар'еру, прайшоўшы шлях ад школьнага выкладчыка да прафесара юрыдычных навук у Школе дыпламатычнага і консульскага права пры мясцовым МЗС. Галіндэс таксама карыстаўся вялікай павагай сярод дамініканцаў. У 1944 годзе ён атрымаў першую прэмію ў літаратурным конкурсе, які праводзіўся ў азнаменаванне сотай гадавіны Дамініканскай Рэспублікі.
Пры гэтым як чалавек левых поглядаў Галіндэс заўсёды быў вельмі асцярожны, калі гаворка заходзіла аб ацэнках унутранай палітыкі дыктатара Рафаэля Трухільё. Ён ніколі адкрыта не крытыкаваў Трухільё. Аднак такая тактыка яго не выратавала. Пасля Другой сусветнай пачалося збліжэнне паміж дыктатурамі Франка і Трухільё. Вынікам стала ўзмоцненая кааперацыя спецслужб. Агенты службы бяспекі Дамініканскай Рэспублікі пачалі актыўна шпіёніць за іспанскімі рэспубліканцамі і інфармаваць амбасаду Іспаніі пра іх дзейнасць. Баючыся дэпартацыі ў Іспанію, Галіндэс перабраўся ў Нью-Йорк, каб працаваць у апараце прадстаўніцтва міграцыйнага ўрада баскаў пры ААН.
Неўзабаве стала вядома, што за гады свайго знаходжання ў Дамініканскай Рэспубліцы Галіндэс сабраў шырокую дакументацыю пра дыктатуру і яе злачынствы і піша пра гэта кнігу. Твор Галіндэса завочна цягнуў на сенсацыю, паколькі Трухільё, кажучы шчыра, быў сапраўдным вар’ятам. Дастаткова ўзгадаць, што ён нават загадаў называць сябе Богам на зямлі.
Лічыцца, што расследаванні злачынстваў рэжыму Трухільё і сталі прычынай забойства Галіндэса. 12 сакавіка 1956-га дысідэнт быў выкрадзены невядомымі асобамі ў Нью-Ёрку на адной са станцый метро. Больш яго ніхто не бачыў. Мяркуецца, што ён быў вывезены ў Дамініканскую Рэспубліку і забіты ахранкай Рафаэля Трухільё.
Неабвержных доказаў гэтаму не было, што дазволіла некаторым журналістам адразу гаварыць пра датычнасць да справы спецыялістаў з ЦРУ. Справа ў тым, што Трухільё фінансава ўдзельнічаў у амерыканскіх выбарчых кампаніях Рычарда Ніксана (віцэ-прэзідэнта Эйзенхауэра) або вядомага сенатара Джозэфа Макарці. Пазней ФБР на чале з Джонам Эдгарам Гуверам усталяваў сувязь выкрадальнікаў з членамі кубінскага крыміналу. Яго сябры пазней аказаліся датычнымі да скандалу «Уотэргейт» і спроб замаху на Фідэля Кастра.
Так ці інакш, ёсць дзве версіі замаху на Галіндэса. Падчас яго знікнення ў порце Нью-Ёрка знаходзіліся два дамініканскія судны. Адно з іх адчаліла ў мора, але праз пяць гадзін павярнулася. Гэта дазваляе падазраваць, што апанента Трухільё забілі, а труп скінулі ў акіян.
Таксама ў знікненні мог быць замешаны амерыканскі пілот Джэральд Лестэр Мэрфі. Напярэдадні 10 сакавіка ён арандаваў самалёт для палётаў на вялікія дыстанцыі. Пасля таго, як дысідэнт знік, самалёт Мэрфі вылецеў у бок Дамініканскай рэспублікі. Ёсць думка, што на борце быў і Галіндэс, якога па прылёцё маглі забыць.
Імя Мэрфі з'явілася ў прэсе трошкі пазней. Не толькі таму, што яго рэйс у Дамінікану меў месца ў дзень знікнення дысідэнта. Проста пазней Мэрфі бачылі ў дамініканскіх фешэнебельных клубах з вялікай колькасцю грошай на руках. Будучы п'яным, ён шмат балбатаў, што, верагодна, кагосьці напалохала. Праз нейкі час пілот таямніча знік.
Мімаволі ў справу давялося ўмяшацца амерыканскай амбасадзе. Распачалі крымінальную справу, якую дамініканскія «пінкертоны» раскрылі адным махам. У знікненні Мэрфі абвінавацілі мясцовага камерсанта Актавіа де ла Маза, які пасля таго, як трапіў у турму, тут жа скончыў жыццё самагубствам. Перад тым, як павесіцца, ён паспеў напісаць запіску, у якой прызнаваўся, што забіў Мэрфі, скінуўшы яго па нейкіх асабістых прычынах са скалы. Абставіны «самагубства» нават у нейтральных назіральнікаў выклікалі падазрэнні ў тым, што забойства Актавіа інсцэніравана.
У любым выпадку, фармальна справа была закрытая, і Трухільё мог уздыхнуць з палёгкай. Аднак, як высветлілася пазней, радавацца было рана. Выпадак з Галіндэсам стварыў неспрыяльны імідж Трухільё ў амерыканскай грамадскай думцы і ў некаторай ступені спрыяў пагаршэнню яго адносін са Злучанымі Штатамі. Тыя адносіны яшчэ больш пагоршыліся пасля таго, як Трухільё пачаў усё больш і больш умешвацца ва ўнутраныя справы суседніх краін. Так, хутка стала вядома, што ён рыхтуе замах на прэзідэнта Венесуэлы Ромула Бетанкура, які быў звязаны з дамініканскай апазіцыяй.
У выніку Вашынгтон, як лічыцца, даў згоду на ліквідацыю Трухільё, які быў забіты ў 1961-м групай мясцовых змоўшчыкаў. Па дзіўным збегу абставінаў, адзін з забойцаў дыктатара быў братам таго самага Актавіа де ла Маза, на якога павесілі забойства Мэрфі.