ААН заклікае дзяржавы не дэпартаваць беларусаў, якія засталіся без пашпарту

ААН выступіла з заявай з нагоды новых пашпартных абмежаванняў і заклікала, каб дзяржавы — сябры арганізацыі не дэпартавалі беларусаў па заканчэнні тэрміну дзеяння іх пашпартоў, а спрыялі атрыманню іншых дакументаў, паведамляюць праваабаронцы.

photo_2023_09_20_16_18_41.jpg

Арганізацыя Абʼяднаных Нацый 20 верасня выступіла з заявай з нагоды забароны на выдачу беларускіх пашпартоў за мяжой. У ім арганізацыя заклікала дзяржавы — чальцы ААН не дэпартаваць беларусаў па заканчэнні тэрміну дзеяння іх пашпартоў і садзейнічаць атрыманню альтэрнатыўных праязных дакументаў і пасведчанняў асобы, якія гарантуюць беларусам, што не могуць бяспечна вярнуцца на радзіму, доступ да асноўных паслуг і свабоду перамяшчэння.

Нагадаем, з 7 верасня афіцыйна ўвайшоў у дзеянне ўказАляксандра Лукашэнкі, згодна з якім дыпмісіі больш не будуць выдаваць пашпарты і афармляць некаторыя іншыя дакументы беларусам замежжа. Для атрымання, абмену або падаўжэння тэрміну дзеяння пашпарта прыйдзецца ехаць у Беларусь.

«Указ закране ў першую чаргу тых, хто быў вымушаны бегчы з краіны праз масавыя рэпрэсіі пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года, уключна з мірнымі пратэстоўцамі. Яны не могуць бяспечна вярнуцца ў Беларусь, – заявілі эксперты ў ААН. – Па сутнасці гэты ўказ уяўляе сабой злоўжыванне мерамі бяспекі і зʼяўляецца часткай наўмыснай палітыкі пакарання беларусаў у выгнанні, уключна з праваабаронцамі, журналістамі і прадстаўнікамі апазіцыі, за іх меркаваную палітычную нелаяльнасць».


Глядзіце таксама

«Калі гэтыя людзі вернуцца ў Беларусь, яны будуць мець высокую рызыку пераследаў», – заявілі эксперты, заклікаўшы беларускія ўлады адклікаць указ і пачаць аказваць консульскія паслугі ў адпаведнасці з Венскай канвенцыяй аб консульскіх зносінах 1963 года.

Эксперты ААН папярэджваюць, што гэтая мера ўвядзе дадатковыя абмежаванні ў дачыненні да правоў беларусаў, якія не могуць вярнуцца на радзіму, уключна з правам на рэгістрацыю нараджэння і наданнем грамадзянства дзецям, што нарадзіліся за мяжой. Гэты ўказ дыскрымінуе ўсіх беларусаў, якія пражываюць за мяжой, негатыўна ўплывае на іх права на адукацыю, ахову здароўя, уступленне ў шлюб, свабоду перамяшчэння і доступ да правасуддзя ў краінах, якія іх прымаюць.

«Мы заклікаем дзяржавы — чальцы ААН не дэпартаваць беларускіх грамадзян, якія асцерагаюцца пераследаў на той падставе, што тэрмін дзеяння іх пашпартоў скончыўся або яны былі прызнаныя несапраўднымі ў выніку карнага пазбаўлення грамадзянства», – заявілі эксперты.

Яны таксама заклікалі дзяржавы — чальцы ААН садзейнічаць, у адпаведнасці з міжнароднымі абавязацельствамі, атрыманню альтэрнатыўных праязных дакументаў і пасведчанняў асобы, якія гарантуюць беларусам, што не могуць бяспечна вярнуцца на радзіму, доступ да асноўных паслуг і свабоду перамяшчэння.


Глядзіце таксама

Пасля спрэчных прэзідэнцкіх выбараў у жніўні 2020 года беларускія ўлады арыштавалі больш за 35 000 чалавек падчас масавага падаўлення пратэстаў, якія ў большасці сваёй насілі мірны характар. Многіх катавалі падчас утрымання пад вартай, і больш за 1500 чалавек застаюцца ў зняволенні па палітычна матываваных абвінавачаннях. Паводле некаторых ацэнак, ад 200 000 да 1 мільёна беларусаў жывуць у выгнанні пасля таго, як былі вымушаныя бегчы ад рэпрэсій, пагрозаў і запалохвання.

Эксперты раней выказвалі ўраду Беларусі занепакоенасць палітыкай уладаў у адносінах да беларусаў у выгнанні.