Алесь Міхалевіч: Акрамя рэпрэсіяў беларуская дзяржава цяпер не дае нічога

 Сённяшняе палітычнае кіраўніцтва Беларусі хоча трымаць людзей пад кантролем — асабліва тых, хто максімальна незалежны ад дзяржавы, не атрымлівае ад яе ніякіх грошай — як тыя, хто жыве за мяжой. Юрыст Алесь Міхалевіч дае парады, што рабіць беларусам і адзначае, што адна толькі наяўнасць беларускага грамадзянства ў цяперашніх умовах ужо шмат у чым можа шкодзіць уладальніку беларускага пашпарта.

img_0855_1_logo_3.jpg

Юрыст-міжнароднік, былы кандыдат у прэзідэнты Беларусі і былы палітвязень Алесь Міхалевіч  распавёў «Радыё Свабода», за што і чаму трапіў у базу «палітычна значных асобаў», навошта ўлада ўводзіць адказнасьць за «непаведамленьне», і распавёў, як можна даведацца, ці ўключаны ты ў сьпісы Інтэрполу.

— Вы нядаўна паведамілі, што трапілі ў базу палітычна значных асобаў — так званых PEP (politically exposed person). Што гэта азначае на практыцы, чаму вы туды трапілі і пра якія тэндэнцыі гэта сьведчыць?

— Беларусь стала «радыяактыўнай», небясьпечнай, санкцыйнай краінай. А за ўсякую супрацу з санкцыйнай краінай прадугледжаныя санкцыі супраць прадпрыемстваў, фірмаў, фінансавых інстытуцыяў. Таму проста наяўнасьць беларускага грамадзянства ўжо шмат у чым можа шкодзіць людзям. А калі гэта палітычная і публічная пэрсона зь Беларусі (а я быў кандыдатам у прэзыдэнты) — то «давайце зь ім не працаваць, а то трапім пад санкцыі».

Гэты сьпіс сам па сабе не нясе ніякіх забаронаў, але кожная банкаўская і фінансавая інстытуцыя, гледзячы на гэты сьпіс, сама вырашае, што рабіць і як рэагаваць. І часам выбіраюць такі шлях: лепш з гэтым чалавекам, які трапіў у сьпіс, ня мець нічога агульнага, не адкрываць яму рахунак, не прадаваць крыптавалюту і гэтак далей. Падобныя базы ствараюць розныя прыватныя фірмы, іх даволі шмат, — часам яны ствараюцца толькі паводле нейкай фармальнай інфармацыі з інтэрнэту.

— Дык можна меркаваць, што ў такія базы могуць трапіць і іншыя апазыцыйныя беларускія палітыкі, якія былі кандыдатамі ў прэзыдэнты ці ў дэпутаты, — нягледзячы на тое, што яны былі ўсё жыцьцё ў апазыцыі?

— Так, могуць. У адной з такіх базаў я пабачыў каля 20 чалавек з адной толькі Партыі БНФ. Гэтая партыя ў такой базе пазначана як адна з партыяў кіроўнай кааліцыі. Такога ніколі не было. Але калі стварэньнем такіх базаў займаюцца людзі, якія ня ёсьць экспэртамі, то атрымліваецца сытуацыя паводле анэкдоту: «Ці ён скраў, ці ў яго скралі, але нешта там было».

— Што могуць у такой сытуацыі прадпрыняць дэмакратычныя сілы, якія павінны адстойваць інтарэсы беларусаў, у тым ліку за мяжой, — напрыклад, Офіс Сьвятланы Ціханоўскай?

— Думаю, Офіс мала можа на гэта ўплываць. Ён як палітычны суб'ект, як структура будучай беларускай дэмакратычнай дзяржавы перш за ўсё павінен працаваць зь дзяржаўнымі структурамі Эўрапейскага Зьвязу, асобных краінаў. Чым Офіс Ціханоўскай і займаецца.

Аднак як аўтарытэтная інстытуцыя яны могуць накіраваць лісты ў такія базы з просьбай не ўключаць туды беларускіх апазыцыйных палітыкаў.

— Мы ўжо чулі аб праблемах некаторых беларусаў за мяжой у сувязі з тым, што яны служылі ў беларускім войску ці працавалі ў пэўных дзяржаўных структурах, і цяпер праз гэта ім не даюць, напрыклад, прытулак у Літве. Як гэта можна ацаніць?

— Гэта адна зь вялікіх праблемаў нашага часу. Сёньня зьяўляюцца такія ярлыкі, як «ён працаваў у дзяржаўных структурах», «працаваў на дзяржаўных прадпрыемствах» ці «служыў у памежных войсках», якія за савецкім часам фармальна падпарадкоўваліся КДБ. А чалавек служыў у гэтых войсках па прызыве, калі ў яго не было ніякага выбару.

Гэта, безумоўна, кепска. На вялікі жаль, гэта частка ўсяго працэсу: Беларусь падсанкцыйная краіна, і апазыцыйна настроеныя людзі таксама часам трапляюць „пад раздачу“.

— Улада хоча ўвесьці адказнасьць за непаведамленьне грамадзянаў Беларусі пра атрыманыя замежныя дакумэнты — права на жыхарства, грамадзянства іншай дзяржавы, “карту паляка”. Ці варта беларусам выконваць гэтае патрабаваньне?

— Калі чалавек служыць у міліцыі ў Беларусі і мае «карту паляка», я б раіў яму ня толькі паведаміць, але і аддаць гэтую карту на захаваньне ў дзяржаўныя органы. Бо праблемы і санкцыі, якія могуць наступіць, непамерна большыя.

Але тым беларусам, якія жывуць за мяжой, я б ня раіў паведамляць уладам пра свае дазволы на жыхарства. Прынамсі, сам я рабіць гэтага ня буду.

— Чаму? Раней, напрыклад, людзі за мяжой станавіліся на консульскі ўлік, бо гэта давала нейкія магчымасьці.

— Так, бо раней гэта давала нейкія даброты ў выглядзе магчымасьці памяняць пашпарт, прыязджаць на замежнай машыне ў Беларусь бяз сплаты мыта і гэтак далей. Былі пэўныя перавагі. Гэта быў «сацыяльны кантракт» зь дзяржавай, людзі гулялі паводле правілаў і дзяржава давала нешта ўзамен.

Сёньня, акрамя рэпрэсіяў, беларуская дзяржава не дае нічога. І я засумняваўся б у тым, што трэба захоўваць ляяльнасьць сёньняшняй беларускай дзяржаве.

— А якая ў іх мэта, навошта ўводзіць гэтую адказнасьць за «непаведамленьне»? 

— Мэта — паставіць усё пад кантроль. Мець дадатковую магчымасьць пакараць. Паказаць, што вы ўсе парушаеце правілы. І калі вы хочаце, каб мы вас не каралі, то дапамажыце нам, данясіце на вашых знаёмых, — стандартная савецкая практыка.