«Калі ў цябе ёсць замежныя дакументы, дык і валі туды, на сваю прадажную "другую радзіму"»
Рэжым збірае звесткі пра наяўнасць у беларусаў дакументаў іншых дзяржаў. Эксперты лічаць, што гэтыя звесткі стануць падставай для новых рэпрэсій.
У Беларусі сілавікі пачалі збіраць звесткі пра наяўнасць замежных дакументаў у грамадзян краіны. Гаворка ідзе пра віды на жыхарства або грамадзянства іншых дзяржаў. У МУС не выключаюць, што тыя, хто не жадаюць дзяліцца інфармацыяй, будуць прыцягнутыя да адказнасці.
Новы закон «Аб грамадзянстве» ўступіў у сілу 11 ліпеня. Паводле яго, беларусы, у якіх ёсць віды на жыхарства або грамадзянства іншых краін, абавязаны паведаміць пра гэта ўладам. Сілавікі заяўляюць, што нібыта ведаюць пра грамадзян з замежнымі дакументамі і пакуль прапануюць ім добраахвотна звярнуцца ў міліцыю ці консульствы Беларусі за мяжой, піша «Настоящее время».
Збіраючы падобную інфармацыю, лічыць палітолаг Вадзім Мажэйка, улады краіны працягваюць пазбаўляцца ад тых, хто не падтрымлівае палітыку Аляксандра Лукашэнкі: «Усё ўкладваецца ў агульную канву таго, што, калі ты за мяжой, калі ў цябе ёсць замежныя дакументы, дык і валі туды, на сваю гэтую прадажную "другую радзіму", выкрэсліваем цябе з ліку беларусаў. Відавочна, што ўсё гэта і амаральна, і антыканстытуцыйна, але, калі для кагосьці дагэтуль сюрпрыз, што рэжым Лукашэнкі паводзіць сябе і амаральна, і незаконна, прама скажам, што даўно пара зразумець, што тут нічога прынцыпова новага няма».
Пакуль за адмову падаць замежныя дакументы не прадугледжаная ні адміністрацыйная, ні крымінальная адказнасць. Але, як дадае Вадзім Мажэйка, гэта не перашкодзіць уладам стварыць дадатковыя праблемы сваім апанентам як унутры Беларусі, так і па-за яе межамі: «Людзям з замежнымі ВНЖ папросту можна пачаць адмаўляць ва ўездзе ў Беларусь. Можна стварыць для іх якія-небудзь асаблівыя рэпрэсіўныя ўмовы — па аналогіі з тымі, якія былі запланаваныя ў "дармаедскім дэкрэце". Можна адмаўляць у бясплатнай медыцынскай дапамозе, можна падатак які-небудзь дадаткова ўвесці. Відавочна, што добрага нічога дакладна не ўвядуць».
У сярэдзіне верасня ў МУС Беларусі расказалі пра нібыта шэсць з паловай тысяч чалавек, якія ўжо паведамілі пра наяўнасць замежных дакументаў. Пра тое, што ўлады могуць пачаць рэпрэсіі ў дачыненні да тых, хто гэтага не зробіць, гаворыць і праваабаронца Андрэй Стрыжак. У зоне рызыкі ў першую чаргу могуць аказацца беларусы, якія застаюцца ў краіне: «Калі МУС заяўляе пра тое, што ў іх ёсць нейкая база, яны карыстаюцца тымі данымі, што атрымалі ад людзей, якія перасякалі мяжу і прад'яўлялі гэтыя віды на жыхарства або пашпарты паказвалі падчас перасячэння. Больш ніякіх даных у іх няма, безумоўна. Яны не маюць доступу да польскіх, літоўскіх дзяржаўных баз. І таму, калі МУС кажа, што яны і так ведаюць, гэта, вядома ж, блеф».
Улады Беларусі, лічыць Андрэй Стрыжак, наўрад ці абмяжуюцца забаронай на выдачу пашпартоў і іншых дакументаў у пасольствах і консульствах за мяжой, а таксама патрабаваннем даць інфармацыю пра наяўнасць замежных дакументаў: «Дзяржава можа пачаць рухацца ў бок якой-небудзь актыўнасці па адчужэнні маёмасці тых людзей, якія нейкім чынам не прайшлі іх сістэму верыфікацыі. Бачым, што цяпер яна якраз-ткі выбудоўваецца. Па-першае, пашпарт, па-другое, ВНЖ або грамадзянства. Я думаю і прагназую, што будуць нейкія рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія маюць маёмасць у Беларусі».
Паведаміць пра наяўнасць замежных дакументаў, каб пазбегнуць наступстваў, беларускія ўлады настойліва рэкамендуюць да 10 кастрычніка. Як падлічылі журналісты выдання «Зеркало» на аснове звестак Еўрастата, толькі летась беларусы атрымалі 309 тысяч замежных дазволаў на легальнае пражыванне ў краінах ЕС.