«Не рызыкуй сваёй бяспекай, не ездзі ў Беларусь, ты можаш не вярнуцца»
Улады працягваюць помсціць тым, каго выціснулі па-за межы краіны: пазбаўляюць пашпартоў і затрымліваюць на мяжы.
Беларускія дыпмісіі больш не будуць выдаваць новыя пашпарты грамадзянам краіны, якія знаходзяцца за мяжой, і не будуць падаўжаць дакументы, тэрмін якіх скончыўся. Пра гэта гаворыцца ва ўказе, апублікаваным на сайце Аляксандра Лукашэнкі.
Указ азначае, што грамадзянам Беларусі, якія пастаянна пражываюць за мяжой, трэба будзе для афармлення пашпартоў прыязджаць на радзіму, па месцы жыхарства. Таксама на радзіму давядзецца ехаць, калі грамадзянін Беларусі захоча прадаць сваю беларускую нерухомасць або машыну. Дакумент відавочна накіраваны на тых, хто з'ехаў з краіны пасля масавых пратэстаў 2020 года: многія гэтыя людзі былі затрыманыя, перажылі адміністрацыйныя арышты і катаванні, а часта на іх таксама былі заведзеныя крымінальныя справы за ўдзел у пратэсных акцыях. Улады Беларусі не могуць арыштаваць гэтых людзей, пакуль яны знаходзяцца за мяжой, але рэгулярна затрымліваюць іх, калі яны з нейкіх прычын прыязджаюць дадому, піша «Настоящее время». Пра тое, што выпадкі затрымання беларусаў, якія вяртаюцца дадому з палітычнай эміграцыі, пачасціліся, папярэджваюць праваабаронцы.
«Прыкладна 100 затрыманых цягам года. Лічбы прыкладныя, таму што мы звычайна даведваемся пра масавыя выпадкі затрымання, як гэта было ў чэрвені: тады было затрымана каля 40 чалавек. Альбо мы даведаемся пра выпадкі затрыманняў, звязаных з крымінальнымі справамі», — падкрэслівае Святлана Галаўнёва, юрыстка праваабарончага цэнтра «Вясна».
Адна з затрыманых — Вераніка Казак, якая прыляцела да родных з Італіі, дзе жыве ўжо некалькі гадоў. Яе сілавікі затрымалі 25 жніўня. Дзяўчыну выклікалі ў мінскую міліцыю нібыта за каментары ў сацсетках, пасля чаго з ёй знікла сувязь. Паводле папярэдняй інфармацыі праваабаронцаў «Вясны», на Вераніку завялі крымінальную справу.
Узмоцнены кантроль пры ўездзе ў Беларусь пры гэтым дзейнічае ўжо больш за тры месяцы. Сілавікі правяраюць тэлефоны беларусаў, якія ўязджаюць у краіну, пытаюцца пра стаўленне да вайны ва Украіне, цікавяцца ўдзелам у пратэстах у 2020 годзе. Непажаданых для ўладаў беларусаў затрымліваюць або проста на мяжы, або праз некалькі дзён пасля вяртання.
У лютым 2023 года ўлады Беларусі заявілі пра стварэнне спецыяльнай камісіі для тых, хто хоча вярнуцца дадому з-за мяжы, куды з'ехалі пасля пратэстаў 2020 года. У склад камісіі ўвайшлі сілавікі, чыноўнікі і прадстаўнікі дзяржаўных СМІ. Усе яны адкрыта папярэджвалі, што пасля вяртання чалавек можа трапіць пад крымінальны пераслед. А Лукашэнка тады заявіў: «Мая вам парада: дадому. Кайцеся і станавіцеся на калені».
Псіхолагі кажуць, што асноўнымі прычынамі, па якіх беларусы вяртаюцца дадому, нягледзячы на рэальную пагрозу арышту, з'яўляюцца неўладкаванасць у эміграцыі і адчай.
«Гэта не толькі бытавыя рэчы. Вельмі часта многім не хапае падтрымкі і эмацыйных сувязей, гэта значыць чалавеку ў моманты адчаю няма на каго абаперціся. І гэта вельмі важны момант, — падкрэслівае псіхолаг Наталля Скібская. — Часам чалавеку трэба проста на кімсьці павіснуць, калі табе цяжка, трэба, каб хтосьці ўзяў нейкую частку нагрузкі».
Указ Лукашэнкі аб пашпартах азначае, што беларусы, якія з'ехалі за мяжу, будуць значна часцей падаваць прашэнні аб прадастаўленні ім прытулку і часцей будуць спрабаваць атрымліваць грамадзянства іншых краін. Аднак нават калі ім удасца абзавесціся новым пашпартам, гэта не гарантуе ім бяспекі пры паездках на радзіму. У Літве, Латвіі і Польшчы ўжо рэкамендавалі, у тым ліку і сваім грамадзянам, адмовіцца ад паездак у Беларусь і ўсталёўваюць на мяжы бігборды з надпісам: «Не рызыкуй сваёй бяспекай, не ездзі ў Беларусь, ты можаш не вярнуцца».
У сваю чаргу, прадстаўнікі дэмакратычных сіл адрэагавалі на дзеянні рэжыму і заявілі пра тое, што з новага года пачнуць выдаваць беларусам за мяжой пашпарты Новай Беларусі.
У інтэрв'ю «Голасу Амерыкі» дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка расказаў, што падрыхтоўка да стварэння такога дакумента ішла ўжо даўно.
«Мы ведалі, што да гэтага ідзе, дынаміка адчувалася, было ўсведамленне, што Лукашэнка будзе помсціць усім, хто выехаў, і аддзяляць іх ад тых, хто застаўся ўнутры краіны, — адзначыў Вячорка. — Прыкладна год таму мы запусцілі праект новага беларускага пашпарта, падрыхтавалі тэхнічны дызайн, візуальны складнік, узгаднілі з Еўрапейскай камісіяй — ён адпавядае стандартам ICAO. Цяпер мы ў працэсе выпуску ўзораў, якія будуць накіраваныя ў краіны Еўрапейскага cаюза і па ўсім свеце. Атрымаем рэакцыю ў адказ і на пачатку наступнага года пачнём збіраць даныя і выдаваць першыя пашпарты».
Закранаючы пытанне аб прызнанні такога дакумента, Вячорка адзначыў, што яго стваральнікі не прэтэндуюць на тое, каб гэты дакумент стаў «дзяржаўным пашпартам». «Аднак статусу дакумента, які сведчыць асобу, куды можна паставіць візу і які можна выкарыстоўваць для атрымання ВНЖ, — гэтага мы дамагчыся можам», — адзначыў дарадца Ціханоўскай.
Паводле слоў Вячоркі, выдаваць гэтыя дакументы будзе пашпартны стол, які будзе «хутчэй за ўсё, заснаваны Аб'яднаным пераходным кабінетам і офісам Святланы Ціханоўскай». Падача дакументаў будзе ажыццяўляцца праз стандартныя візавыя цэнтры, якія будуць збіраць даныя заяўнікоў і праводзіць працэдуру верыфікацыі.
«Дызайн ужо ўзгоднены. Мы працуем з Еўракамісіяй, каб ён адпавядаў стандартам — гэта тычыцца біяметрыі і бяспекі, — адзначыў Вячорка. — Друкаваць дакументы будзе фірма, якая друкуе іх дзясяткам краін па ўсім свеце і якая мае велізарны аўтарытэт. Наша задача на палітычным узроўні будзе дамагчыся прызнання. Юрысдыкцыя тут нацыянальная. У кожнай краіне рознае заканадаўства датычна прызнання такіх дакументаў. Таму будзем весці перамовы з кожнай краінай паасобку. Ёсць ужо дзве дзяржавы, якія папярэдне заявілі, што гатовыя будуць першымі яго прызнаць».