«Улады зрабілі так, каб у дыяспары з'явіўся стымул аб'яднацца вакол Офіса Святланы Ціханоўскай»

Аўтар тэлеграм-канала «Лісты да дачкі» лічыць, што беларускія ўлады хацелі чарговым разам падгадзіць тым, хто збег ад іх стабільнасці за мяжу. Але насамрэч, у доўгатэрміновай перспектыве, зрабілі вялікі падарунак сваім палітычным супернікам.

paszpart_3_logo.jpg.webp

Указ пра тое, што беларускі пашпарт можна атрымаць толькі ў Беларусі, мабыць, набыў моц. Доўга не цягнулі. Ніякага там пераходнага перыяду, усёй гэтай ліберальна-прававой бздуры.

Як я разумею, гэта яны прыдумалі сабе такі варыянт пазбаўлення грамадзянства палітычна нядобранадзейных грамадзян, толькі ў яго больш масавым варыянце. Таму што калі кожнага пазбаўляць грамадзянства праз суд, то ніякіх судоў на іх не хопіць. А так палітычна нядобранадзейныя грамадзяне дэ-факта перастануць быць грамадзянамі аўтаматычна. У натуральным, так бы мовіць, парадку.

Усё роўна ж іншым спосабам гэтым грамадзянам не напаскудзіць. А тут дробязь, але прыемна. Вось хоць неяк ускладніць жыццё. Ні для чаго. Проста сабе для радасці.

Таму што ніякага іншага грандыёзнага практычнага сэнсу ў законе, вядома, няма. Не, кагосьці, напэўна, атрымаецца завабіць у Беларусь. Але пара-тройка арыштаў на мяжы — і ахвотныя абнавіць пашпарт у Беларусі хутка скончацца. А тыя, хто можа дазволіць сабе прыехаць, дык яны прыедуць, зробяць новы пашпарт, і з'едуць назад. А тыя, хто збіраецца з'ехаць, проста перад ад'ездам зробяць сабе новы пашпарт.

Гэта значыць, міграцыю беларускіх грамадзян пашпартамі не спыніш. Каб яе спыніць, трэба прыдумаць што-небудзь добрае. Прапанаваць, як гаворыцца, пазітыўны парадак дня. Але ў беларускіх улад фантазіі хапае толькі на дробныя поскудзі. У тым выпадку, вядома, калі яны па нейкай прычыне, якая ад іх не залежыць, не могуць зладзіць буйныя поскудзі.

Але гэта дробная поскудзь такога роду, якая ў перспектыве даставіць больш праблем самому паскудніку. Вось раней пашпарты Новай Беларусі былі такой больш цацкай. А цяпер пашпарты Новай Беларусі набываюць вялікі практычны сэнс. Калі, вядома, атрымаецца зрабіць гэтыя пашпарты сапраўднымі, каб іх прызнавалі не толькі ў Новай Беларусі. Але цяпер з'явіўся вельмі добры стымул, каб гэтага дамагчыся.

І вось калі гэта здарыцца, арганізацыя, якая будзе галоўнай па новых пашпартах (гэта значыць Офіс Святланы Ціханоўскай), стане ўжо не сімвалічным, а трошкі сапраўдным урадам для беларусаў за мяжой.

А гэта ўжо некалькі сотняў тысяч беларусаў. Якія былі такой рассеянай дыяспарай. І цяпер беларускія ўлады зрабілі так, каб у гэтай рассеянай дыяспары з'явіўся стымул аб'яднацца. Вакол Офіса Святланы Ціханоўскай.

Вось калі ты можаш абраць паміж урадам, які стварае праблемы, і ўрадам, які іх вырашае, то ты абярэш, вядома, другі. Таму што першы ў прынцыпе нічога іншага не ўмее, акрамя як ствараць сваім грамадзянам праблемы.

Глядзіце таксама