Лукашэнка забараніў амбасадам мяняць пашпарты беларускім эмігрантам

Беларускія дыпламатычныя прадстаўніцтвы за мяжой больш не змогуць выдаваць пашпарты беларусам, якія эмігравалі. Адмыслова для гэтага Лукашэнка падпісаў указ №278 ад 4 верасня, які ўскладніць жыццё многім беларускім эмігрантам.

524ad76c3054a5e0c14d10013eed5bdf_1_1_logo.png.webp

Паводле лукашэнкаўскага ўказа №278, выдаваць і мяняць пашпарты цяпер будзе Міністэрства ўнутраных спраў. За МЗС захаваецца права выдаваць біяметрычныя дакументы.

Дакумент пакуль не набыў моц, ён уступіць у сілу пасля афіцыйнага апублікавання на Нацыянальным прававым партале. Тыя звароты, якія ўжо паступілі ў абмасады, будут разгледжаны ў бягучым парадку.

Ва ўказе гаворыцца, што «выдача і абмен пашпарта грамадзяніна Беларусі, які пастаянна пражывае за мяжой і знаходзіцца на консульскім уліку, ажыццяўляецца органам МУС па месцы апошняй рэгістрацыі па месцы жыхарства». Аналагічныя паўнамоцтвы, якімі валодае МЗС праз амбасады, выключаны новым указам.

Якія праблемы гэта створыць беларусам, што стала пражываюць за мяжой? Галоўнае палягае ў тым, што пры сканчэнні тэрміну дзеяння пашпарта яго нельга будзе абмяняць па звароце ў амбасаду. Трэба будзе ў абавязковым парадку вярнуцца ў Беларусь, каб аформіць новы дакумент праз звычайны «пашпартны стол». Праблема ў тым, што тысячы беларусаў не могуць вярнуцца на радзіму, бо будуць затрыманы паводле палітычных матываў. Атрымліваецца, яны застануцца на чужыне без дакументаў, якія сведчаць асобу і грамадзянства.

Імаверна, новы лукашэнкаўскі ўказ змусіць дэмакратычныя сілы і еўрапейскіх палітыкаў прапрацаваць захады для вырашэння гэтай сітуацыі. Магчыма, гэта нават дасць штуршок для далейшай распрацоўкі і ратыфікацыі праекта «пашпарта новай Беларусі».


Глядзіце таксама

Гэтым жа ўказам Лукашэнка змяніў некаторыя правілы выдачы дакументаў і натарыяльных дзеянняў. І гэта таксама тычыцца эмігрантаў і амбасад у замежных краінах.

Так, згодна з дакументам, аформіць здзелкі з маёмасцю можна будзе пры асабістым звароце ў адпаведныя органы або на падставе даверанасці, аформленай толькі на тэрыторыі Беларусі. Гаворка ідзе пра дамовы аб адчужэнні механічных транспартных сродкаў, прычэпаў да іх або самаходных машын, якія падлягаюць дзяржаўнай рэгістрацыі і дзяржаўнаму ўліку, іншых дагавораў або здзелак аб адчужэнні маёмасці.

Пры гэтым у замежных прадстаўніцтвах лукашэнкаўскія дыпламаты змогуць сведчыць завяшчанні, згоды, адмовы, сапраўднасць копій дакументаў і выпісак з дакументаў, сапраўднасць подпісаў на дакументах, перакладаў дакументаў, факт знаходжання чалавека ў жывых, тоеснасць грамадзяніна з асобай на фота і г.д.

Важным уяўляецца тое, што пры асабістым звароце і з дапамогай даверанасці, аформленай у Беларусі, можна будзе атрымаць дазвол на адчужэнне жылога памяшкання, долі у праве ўласнасці на яго, набытых з выкарыстаннем сродкаў сямейнага капіталу.

Атрымліваецца, што прадаць, знаходзячыся за мяжой, кватэру альбо машыну беларускаму эмігранту будзе фактычна немагчыма. Дзеля гэтага трэба будзе вяртацца на радзіму. Даверанасць, аформленая ў іншай краіне, больш не будзе мець законнай сілы.