«Перавыхаванню ўлады ўсё ж паддаюцца. Пагроза закрыцця мяжы нікуды не дзелася»

Тэлеграм-канал «Лісты да дачкі» — пра «геапалітычную веліч» рэжыму Лукашэнкі і пра яго «перавыхаванне».

Віктар Хрэнін. Калаж з сацсетак

Віктар Хрэнін. Калаж з сацсетак

«Украінскае контрнаступленне — гэта правал. Сказаў галоўнакамандуючы арміяй, якая брала Кіеў за тры дні, — піша тэлеграм-канал. — Але, ведаеш, па-мойму, ён шчыра верыць у свае словы. Што ўкраінскае контрнаступленне — гэта правал. Вось калі б не верыў, то не паводзіў бы сябе ўчора так дзёрзка з турэцкім Эрдаганам. Не адмовіўся быў ад збожжавай здзелкі і не патрабаваў бы, каб яго зрабілі валадаркай марскою.

Ну, проста такія ў галоўнакамандуючага ўяўленні аб бягучай ваеннай сітуацыі. Ён верыць, што яму кажуць. А дакладваюць яму тое, у што ён хоча верыць. Такі атрымліваецца заганны круг.

А вось малодшы саюзнік, здаецца, трошкі вярнуўся ў рэальнасць. Ці, прынамсі, да яе наблізіўся. І я маю на ўвазе не свінагадоўлю. Свінагадоўля — гэта такі спосаб псіхатэрапіі. Вось адны ідуць па псіхатэрапію да сяброў, іншыя да доктара. А трэція, бачыш, у напрамку свінакомплексу. Людзі ж розныя. Каму што бліжэйшае.

А псіхатэрапія камусьці, вядома, спатрэбілася. Таму што геапалітычная самаацэнка атрымала за апошні час занадта вялікія страты. Усё ж такі пагроза поўнага закрыцця меж — занадта суровы метад вяртання да рэальнасці. Але затое, як аказалася, дзейсны.

І вось ужо міліцыя раптам выявіла, што ў яе пад носам сорак чалавек мігрантаў рыхтуюцца перайсці латвійскую мяжу. І генерал Хрэнін раптам стаў відушчым. Аказваецца, ніхто не хацеў генерала Хрэніна правакаваць польскім верталётам. Аказваецца, польскі верталёт, які ва ўяўленні генерала Хрэніна заляцеў за беларускую мяжу, зрабіў гэта выпадкова, а не са злым намерам.


Глядзіце таксама

Гэта значыць, перавыхаванню беларускія ўлады ўсё ж паддаюцца. Пытанне толькі ў тым, як надоўга ім гэтага хопіць. Пагроза закрыцця мяжы нікуды не дзелася. Сёння не закрылі, а заўтра могуць і закрыць.

А з іншага боку, беларускім уладам занадта дарагая іх геапалітычная веліч, каб перавыхавацца з першага разу. Таму, як я падазраю, і мігранты на мяжу яшчэ не адзін раз вернуцца, і генерал Хрэнін успомніць, што ў яго ёсць непераможная армія, якую ніхто пакуль ні разу не перамагаў.

Тым больш, акрамя генерала Хрэніна, якому можна ўсё ж такі растлумачыць задачы бягучага палітычнага моманту, ёсць яшчэ сведкі стабільнасці радыкальнага толку. А ім ты нічога такога растлумачыць не можаш. Сведкі стабільнасці радыкальнага толку на тлумачэнні не паддаюцца. У іх свае ўяўленні аб прыўкрасным. І калі яны могуць папракаць міністра адукацыі за таемныя прафашысцкія схільнасці, то хто сказаў, што генерала Хрэніна нельга публічна адчытаць за злачынны пацыфізм. А сведкі стабільнасці радыкальнага толку — людзі шумныя. Іх здалёк чуваць».